Чарговай «ахвярай» праекта «У гасцях у кандыдата» стаў Мікалай Статкевіч. Наведаўшы яго ў бацькі ў Баранавічах, мы высветлілі, чаму палітык гатовы біцца да апошняга, дазналіся, чым кандыдат займаўся падчас жнівеньскага путчу ў Маскве, і дзе захоўваюцца фамільныя скарбы Статкевічаў.

— А давайце сустрэнемся ў майго бацькі ў Баранавічах, — выставіў сустрэчную прапанову Мікалай Статкевіч. — Я як раз да яго збіраўся. А ён нам пірог спячэ.

Адмовіцца ад такой спакуслiвай прапановы мы не маглі. Падумаеш: нейкіх 140 км!

А давайце сустрэнемся ў майго бацькі ў Баранавічах, — прапанаваў Статкевіч.

А давайце сустрэнемся ў майго бацькі ў Баранавічах, — прапанаваў Статкевіч.

А гэта родавы герб Статкевічаў «Касцеша». Вядомы яшчэ з XV ст.

А гэта родавы герб Статкевічаў «Касцеша». Вядомы яшчэ з XV ст.

У бацькі на паліцах — фоты сына.

У бацькі на паліцах — фоты сына.

Такім кіраўнік Беларускага згуртавання вайскоўцаў быў у 1991-м.

Такім кіраўнік Беларускага згуртавання вайскоўцаў быў у 1991-м.

Дачка Аня выхоўвае ўнука ў Германіі.

Дачка Аня выхоўвае ўнука ў Германіі.

Першая беларуская прысяга.

Першая беларуская прысяга.

З татам.

З татам.

Вазоны — заслуга Віктара Паўлавіча.

Вазоны — заслуга Віктара Паўлавіча.

Сціплы жалезны конь Статкевіча.

Сціплы жалезны конь Статкевіча.

Гаспадар сустрэў нас проста ў двары.

— Адразу папярэджваю: ложак паказваць не буду. Казаць будзем пра гісторыю, — з ходу заявіў Статкевіч.

Карацей, надзея заставалася толькі на пірог.

Сын за бацьку

Сціплая трохпакаёвая кватэра ў Баранавічах належыць бацьку палітыка. Аднак сюды Мікалай наведваецца ледзь ці не кожны тыдзень. У Мінску ж у яго аднапакаёвая кватэра — ды і тая здымная.

— З бацькам стэлефаноўваюся кожны дзень, — распавядае кандыдат. — Калі з нейкай прычыны не пазваню, вельмі крыўдзіцца. А калі прыязджаю, заўсёды прыводжу яму палітычны дэтэктыў — ён іх любіць.

Бацьку палітыка ўжо 83 гады. Праўда, сустрэць нас Віктар Паўлавіч не змог.

— Дрэнна сёння сябе адчувае — ціск падскочыў, — растлумачыў Мікалай. — Месяц таму ён кінуў паліць, можа, з-за гэтага. Думаю, тата да нас крыху пазней далучыцца.

Але аказалася, што, нягледзячы на дрэннае самаадчуванне, пірог гасцям Віктар Паўлавіч ўсё ж не паленаваўся прыгатаваць. Велізарных памераў булка з разынкамі выглядала вельмі апетытна. Да чаю былі сыр, каўбаса і каньяк. Увогуле, да лекцыі па гісторыі Статкевіч падрыхтаваўся грунтоўна.

— Можам свечкі запаліць, — прадэманстраваў сваю галантнасць Мікалай.

Мы ж, будучы дзяўчынамі прыземленымі, вырашылі абмежавацца пірагом і каўбасой. Як выявілася — пірог — не адзінае, чым частуе Віктар Паўлавіч сына і яго гасцей.

— Бацька робіць вельмі смачнае варэнне, — распавёў Мікалай. — І заўсёды гатуе што-небудзь, калі я прыязджаю. Для яго вельмі важна быць запатрабаваным. Таму не дай Бог адмовіцца ад ежы! Ён мне яшчэ і з сабой наровіць што-небудзь даць — дзіця ж. Не важна, што вырас трохі.

Праўда, як распавёў Статкевіч, ён знайшоў кампраміс, каб і бацьку не пакрыўдзіць і асаблівага клопату не задаць.

— Сказаў бацьку, што люблю бураковую салату, а варыць буракі няма калі. Вось ён цяпер да майго прыезду іх і адварвае, каб я ў Мінск забраў. Выходзіць і не цяжка, і па грошах зусім не затратна. А я ўжо потым дома раблю салаты і душуся імі.

— А вы самі гатаваць умееце? — пацікавіліся мы, ведаючы, што Статкевіч — мужчына самотны (прынамсі, разведзены).

— 

Гатую проста і сціпла. Не моцна мучаю прадукты перапрацоўкай,

— растлумачыў палітык. — Раніцай часта раблю сабе яечню з гароднінай у лавашы. Вельмі люблю добрую каву.

Па ходзе высветлілася, што Мікалай таксама выдатна разбіраецца ў добрых алкагольных напоях. Праслухаўшы невялікую лекцыю пра каньяк і сухія віны, мы перайшлі да абяцанай гісторыі. Усё апынулася нашмат цікавей, чым можна было чакаць.

Па стапах продкаў

— А гэта наш родавы герб «Касцеша», — паказаў нам гонар свайго роду Мікалай. — Вядомы яшчэ з XV стагоддзя. Паводле легенды, рыцар Касцеша гераічна біўся з крыжакамі. І калі пасля бою ўсё хваліліся сваёй здабычай, у яго пацікавіліся: «А дзе твая?». Тады ён паказаў на сваё плячо, з якога тырчала расшчэпленая страла: «Вось мая здабыча».

З таго часу на гербе Статкевічаў — расшчэпленая страла.

У тым, што Мікалай ганарыцца сваімі продкамі, няма нічога дзіўнага. Яго род быў адным з асноўных праваслаўных родаў у Вялікім княстве Літоўскім. Былі сярод яго прадзедаў і сенатары, і маршалкі. Дарэчы,

на грошы Статкевічаў пабудавана Свята-Петрапаўлаўская царква ў Мінску, Куцеінская Лаўра ў Оршы.

А продак па маці з роду Валадковічаў быў пісарам двух Статутаў ВКЛ.

— А вось за тое, што некалі Статкевічы пайшлі на саюз з Масквой, мяне часцяком папракаюць, — смяецца палітык. — Але я разумею, што на тое была вельмі важкая прычына: яны абаранялі сваю праваслаўную веру, не дараваўшы Янушу Радзівілу заключэння саюза з Швецыяй, у якой прыгнятаецца любая іншая вера, акрамя пратэстанцкай. Аднак, на шчасце, мы хутка зразумелі, з кім маем справу.

Больш такіх памылак з Масквой Статкевічы не здзяйснялі.

Палітык яшчэ доўга распавядаў пра сваіх продкаў, сярод якіх былі ўдзельнікі і Слуцкага паўстання, і розных іншых ваенных кампаній. Адзін дзед палітыка быў забіты за сувязь з партызанамі, іншы — арыштаваны і расстраляны ў 37-м.

— Наогул гісторыя нашага роду вельмі многае тлумачыць у маім лёсе, — адзначае палітык. — 

Статкевічы прымалі ўдзел ва ўсіх ваенных кампаніях. Біліся за сваю веру і краіну.

Гэта былі людзі абавязку, гонару і годнасці. Бясстрашныя людзі. Калісьці на адной сустрэчы з замежным дыпламатам мой калега-апазіцыянер прадставіў мяне: «А гэта наш вулічны баец». На што я адказаў: «Я не вулічны баец — я проста не баюся!».

Аб гэтым можна з лёгкасцю судзіць па колькасці затрыманняў і тэрмінах, праведзеных на «хіміі».

Фамільныя скарбы

Пра свае прыгоды ў няволі палітык можа расказваць гадзінамі. Як і аб сваёй сям’і.

— На жаль, гады на «хіміі» разбурылі мой шлюб, — шкадуе Мікалай.

Затое ад гэтага шлюбу ў Статкевіча засталіся дзве ўжо дарослыя дачкі Каця і Аня. Абедзве зараз жывуць у Германіі.

— Яны скончылі БДУ, але, на жаль, знайсці працу тут не змаглі. У большай ступені з-за мяне. Хоць у свой час і самі ўдзельнічалі ў акцыях, малодшую нават затрымлівалі. Пераехаць у Германію было іх рашэннем. І на маю дапамогу яны не разлічвалі: абедзве выйгралі стыпендыю, старэйшая Каця цяпер ужо абараняе доктарскую дысертацыю, робіць кар’еру ў сферы аўтамабільнай лагістыкі. А Аня выхоўвае сына — ён нарадзіўся ў маі мінулага года.

Дарэчы, імя ўнука Статкевіча незвычайнае, французскае — Ліянэль (у хрышчэнні — Леў). Пры гэтым бацька дзіцяці — родам з Украіны. Старэйшая дачка Кацярына таксама не стала псаваць радавод і выйшла замуж за хлопца з Кыргызстана, з беларускага роду.

— Тое, што яны цяпер у Нямеччыне, робіць мяне менш уразлівым, — адзначае Мікалай. — Я вельмі хвалююся, калі дочкі прыязджаюць да мяне ў госці, і да тых часоў, пакуль яны назад не перасякуць мяжу, не супакойваюся. Але нават не сумняваюся, што як толькі ўлада зменіцца, яны вернуцца ў Беларусь. І раблю ўсё магчымае, каб наблізіць гэты момант.

Мы яшчэ доўга разглядалі сямейныя фатаграфіі. Па іх можна прасачыць ўсю вайсковую біяграфію кандыдата — ад курсанта Мінскага вышэйшага інжынернага зенітна-ракетнага вучылішча СПА да падпалкоўніка запасу. Захавалася нават фота з падзеяў жнівеньскага путчу ў Маскве.

— У гэты момант я заклікаю вайскоўцаў не страляць у свой народ,

— каментуе здымак Статкевіч. — Калі б вынікі путчу былі іншымі, мог бы папросту патрапіць пад вайсковы трыбунал.

Калі гаворка зайшла пра фотаздымкі, з’явіўся і Віктар Паўлавіч — яму вельмі хацелася паказаць нам усё сваё немалое «багацце» — адзіныя нажытыя скарбы. На жаль, каб праглядзець усе дакументы і сямейныя фота, нам давялося б правесці тут не адзін дзень.

Скарыстаўшыся выпадкам, мы ад усяго сэрца падзякавалі Віктару Паўлавічу за пірог.

— На здароўе, — аж засвяціўся ён, па ўсім было відаць, што яму прыемна.

Ацанілі мы і яго знакамітае сочыва. Бачылі таксама ўласнаручна выгадаваныя кабачкі і іншыя дачныя прыпасы.

— Усім гэтым тата займаецца для падтрымання тонусу, так бы мовіць, у якасці фіззарадкі, — растлумачыў Мікалай. — Дарэчы, і ўласна фізкультурай ён актыўна займаецца. У яго, як і ў мяне, ёсць свой комплекс практыкаванняў.

Аднак дэманстраваць сваю фізічную падрыхтоўку Статкевіч на камеру катэгарычна адмовіўся.

— Не, гэта як-то несур’ёзна, — адмахваўся ад нас кандыдат.

Шкада, 250 згінанняў са становішча лежачы з завядзеньнем локцяў за калені не кожны дзень убачыш. Прыйшлося паверыць на слова.

Не захацеў Статкевіч здымацца і калі мыў посуд. Канстатуем: сапраўды мые.

— Не паверыце, мне гэта нават падабаецца, — прызнаўся Мікалай.

Што яшчэ ўразіла ў кватэры, дык гэта вазоны — такіх гіганцкіх раслін мы яшчэ ніколі не бачылі. Натуральна, усё гэта — заслуга Віктара Паўлавіча.

Развітваліся з самымі цёплымі пачуццямі. Мікалай выйшаў нас праводзіць да машыны. Па дарозе паказаў і свайго жалезнага каня, якога невядомыя «добразычліўцы» увесь час спрабуюць разабраць або падрапаць.

— У шчаслівую вам дарогу! Прыязджайце яшчэ, — ветліва запрашаў кандыдат.

140 км дзеля такога пірага? Лёгка!

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?