Упусці мяне. Сага (Let Me In)


ЗША — Вялікабрытанія, 2010, каляровы, 116 хв.

Рэжысёр: Мэт Рыўз

Ролі выконваюць: Кодзі Сміт-Мэрфі, Хлоя Морэц, Рычард Джэнкінс, Кара Буона, Эліас Катэас

Жанр: Вампірская драма

Адзнака: 6 (з 10)

Дванаццацігадоваму Оўэну, якога б’юць аднакласнікі, падабаецца суседская дзяўчынка. Эббі таксама даспадобы Оўэн. Толькі ціхая суседка — вампірка й харчуецца чалавечай крывёй…

Карціна Мэта Рыўза — паўторная экранізацыя меланхалічнага раману Джон Айвіда Лінквіста.
Першая пастаноўка, зробленая ўсяго два гады таму, Томасам Альфрэдсанам — сабрала заслужаныя паўсотні ўзнагародаў на міжнародных фэстах. Зухаватыя амерыканцы не маглі прапусціць такі ласы кавалак — дый зрабілі сваю версію падлеткава-акультных падзей. А расейскія пракатчыкі дадалі падзагаловак «Сага», шчэ й спадзеючыся на прыхільнасць заўзятарак слязлівых вампірскіх хронік.

Фільм Мэта Рыўза не такі вытанчаны, як паэтычная прыпавесць Томаса Альфрэдсана. У стужцы болей крыві й кашмараў, дзіцячы твар часцей змяняецца дэманічным выскалам і нутраным воем у стылі «Экзорцыст».

Кароль жахаў Стывен Кінг рэкламуе карціну, як адзін з сама страшных фільмаў апошніх гадоў.

Але амерыканскія і еўрапейскія страхі — розныя.

Шведскі кашмар, перанесены на амерыканскую глебу, цікавы нечаканымі дэбютамі дый сенсацыйным вяртаннем. Аўтар «Монстра» Мэт Рыўз і юная «вампірка» Хлоя Морэц — сярод новенькіх.

Нечаканая настальгія ў кадры — прэзідэнт Рональд Рэйган.
Але самае неверагоднае — з гэтай карцінай у вялікі бізнэс вяртаецца легендарная студыя «Хамэр», праслаўленая шматлікімі «Муміямі» і «Дракуламі». Вампіры, як вядома, не паміраюць.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?