У прэс‑цэнтры «Хартыі‑97» адбылося ўручэньне Нацыянальных прэмій «За асабістую мужнасьць пры абароне правоў чалавека». Каардынатар «Хартыі‑97» Зьміцер Бандарэнка сказаў, што хоць гэта і ўрачыстая хвіліна, але «з горкім прысмакам».

Прэмія ў галіне абароны правоў чалавека ўручаецца ад 1998 году. Сёлета ляўрэатамі сталі экс‑кандыдат у прэзыдэнты Аляксандар Казулін, абаронцы намётавага мястэчка на Кастрычніцкай плошчы, палітвязень Зьміцер Дашкевіч, прафсаюзная актывістка з Бабруйску Алена Захожая, а таксама вернікі пратэстанцкай царквы «Новае жыцьцё».

За Аляксандра Казуліна прэмію атрымала жонка, за Зьмітра Дашкевіча – бацькі, за абаронцаў намётавага мястэчка – Дар’я Зялінская.

– Тое, што зрабіў Казулін ёсьць сапраўдным подзьвігам, – сказаў праваабаронца Андрэй Саньнікаў. – Я сам працаваў у ААН і ведаю, наколькі цяжка і складана паставіць пытаньне ў Радзе бясьпекі ААН, але ён дамогся свайго.

– Гэта прэмія ня толькі мне, але і ўсім вернікам Беларусі, – адзначыў пастар царквы «Новае жыцьцё» Вячаслаў Ганчарэнка. – А таксама яна належыць Богу.

На ўрачыстасьці выступіў і лідэр дэмакратычных сілаў Аляксандар Мілінкевіч:

–Калі я вучыўся ў школе, то неаднойчы чуў наступную фразу: “Масы вырашаюць усё”. Так, сапраўды, масы вырашаюць многае, але нельга адмаўляць і ролю асобы ў гісторыі. Сёньняшнія намінанты даказваюць гэта. Гэта прыклады мужнасьці, якія падымаюць беларусаў з каленяў. Усе сёньняшнія ляўрэаты моцныя сваёй маральлю і мужнасьцю, яны надаюць нам надзею і веру.


Зьлева направа: Вячаслаў Ганчарэнка, Дар’я Зялінская, Ірына Казуліна, Алена Захожая, бацькі Зьмітра Дашкевіча.


Бацькі Зьмітра Дашкевіча.


Дар’я Зялінская.


Вячаслаў Ганчарэнка, Ірына Казуліна.


Аляксандар Мілінкевіч.

Фота Юліі Дарашкевіч

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?