Пра гэта паведаміла актывістка экалагічнага таварыства «Зялёная сетка» Марына Дубіна.

Паводле яе слоў, заяўка на пікет была пададзена 2 студзеня. У адказе, датаваным 26 студзеня, гаворыцца: «У сувязі з тым, што пададзеная вамі заява аб правядзенні пікетавання не адпавядае патрабаванням часткі 5 і часткі 6 артыкула 5 закона Рэспублікі Беларусь „Аб масавых мерапрыемствах“, Мінгарвыканкам не дазваляе правядзенне пікетавання».

Як растлумачыла Дубіна, у частцы 5 артыкула 5 закона «Аб масавых мерапрыемствах», на якую спасылаюцца сталічныя ўлады, пералічаны звесткі, якія павінны быць указаны ў заяве. «Акрамя даты, часу, месца, колькасці ўдзельнікаў, ад арганізатараў патрабуецца назваць крыніцу фінансавання, а таксама меры па забеспячэнні грамадскага парадку і меры, звязаныя з медыцынскім абслугоўваннем і прыбіраннем тэрыторыі пасля правядзення на ёй масавага мерапрыемства. Гэтых звестак у заяве не было. Зараз рыхтуецца паўторная заяўка на пікет з выкананнем усіх фармальнасцяў», — сказала Дубіна.

Акрамя таго, адзначыла яна, рыхтуецца паўторны ліст у Адміністрацыю прэзідэнта па пытанні высечкі парку.

Як паведамлялася раней, у парку 40-годдзя Кастрычніцкай рэвалюцыі плануецца пабудаваць гатэльны комплекс «Пекін». Праект прадугледжвае знішчэнне больш як 300 дрэў і забудову прыкладна 70% тэрыторыі парку. Высечка пачалася 26 снежня, знішчана ўжо прыкладна два дзясяткі дрэў.

Мясцовыя жыхары і эколагі пратэстуюць супраць знішчэння парку. Жыхары прапануюць уладам і інвестарам перанесці комплекс «Пекін» на тэрыторыю размешчанага побач недабудаванага завода імя Кірава, а парк захаваць. Абаронцы парку ўжо звярталіся з гэтым пытаннем у Адміністрацыю прэзідэнта, асабіста да старшыні Мінгарвыканкама Мікалая Ладуцькі, у Камітэт дзяржаўнага кантролю, адміністрацыю Ленінскага раёна, Дзяржаўную інспекцыю аховы жывёльнага і расліннага свету, Беларускае таварыства Чырвонага Крыжа, да дэпутата Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Валянціны Лявоненкі. Больш за 400 чалавек падпісаліся пад адпаведным зваротам на імя Аляксандра Лукашэнкі.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?