Белавежская, Налібоцкая, Галубіцкая — якія сакрэты хаваюць беларускія пушчы ФОТЫ

Аўтар: Сяргей Мікулевіч

З двух дзясяткаў запаведных лясоў, заказнікаў, нерушаў Беларусі, якія маюць у назве слова «пушча», мы выбралі тры: самую вялікую, самую славутую і самую таямнічую. Пра беларускія пушчы мы раскажам у гэтым матэрыяле, які стаў магчымым дзякуючы Kärcher — нямецкаму брэнду з доўгай гісторыяй, хатняя і садовая тэхніка якога сёння запатрабаваная па ўсім свеце.

Kärcher вырабляе сучасную бытавую і прафесійную тэхніку для дома і сада. Прылады гэтай кампаніі ўвасабляюць нямецкую якасць і дасканаласць. Мінімыйкі, пыласосы, садовая тэхніка, шклоачышчальнікі, аконныя пыласосы, прасавальныя сістэмы і шмат іншых карысных прылад Kärcher значна спросцяць вам жыццё. Вы набываеце рэч аднойчы і доўгія гады атрымліваеце задавальненне ад карыстання. Будзьце ўпэўненыя: з тэхнікай Kärcher у вас з'явіцца час на тое, каб падарожнічаць і адкрываць Беларусь. Вандруйма разам!

Лясы намнога старэйшыя і трывалейшыя за людскі род.

Яны шумелі на Зямлі дзясяткі мільёнаў год назад — яшчэ ў каменнавугальны перыяд, калі першыя земнаводныя толькі наважваліся выставіць з вады нос.

Лясы перажылі шэсць (а некаторыя навукоўцы кажуць — трынаццаць ці дзевятнаццаць) пахаладанняў, падчас якіх зямля ўкрывалася ледавіком у некалькі кіламетраў вышынёй.

Лясы змякчаюць клімат: летам захоўваюць прахалоду, зімой — цяпло. Без дрэва чалавечая цывілізацыя не магла б узнікнуць. Яна не магла б развіцца — калі прыняць, што вугаль, які даў штуршок развіццю прамысловасці, гэта парэшткі тых самых каменнавугальных лясоў. 

На досвітку гісторыі (а пад «гісторыяй» мы звычайна маем на ўвазе гісторыю дзяржаўных утварэнняў) вялікая пушча цягнулася ад Парыжа да ўральскіх хрыбтоў. Культурныя грэкі і рымляне апісвалі Еўропу на поўнач ад сябе як дзікі некрануты лес.

Чым інтэнсіўней развівалася прамысловасць, чым больш было шахтаў, саляварняў, чым больш будавалася гарадоў і караблёў, тым меней у ваколіцах заставалася лесу. Беларусь у Сярэднія вякі і Новы час не магла пахваліцца такім прамысловым развіццём, як нямецкія, французскія ды галандскія землі. Плюс гэтага — лепей збераглася прырода.

Ці засталіся ў Беларусі сёння некранутыя пушчы? З двух дзясяткаў запаведных лясоў, заказнікаў, нерушаў Беларусі, якія маюць у назве слова «пушча», мы выбралі тры. 

Налібоцкая: самая вялікая

Найбольшая пушча краіны — зусім не Белавежская. Дзіўна, што пры самай сталіцы захаваўся лясны масіў плошчай у 2,4 тысячы квадратных кіламетраў (больш за працэнт ад агульнай тэрыторыі Беларусі).

Сваімі абрысамі Налібоцкая пушча нагадвае сэрца. Яна і геаграфічна месціцца нібыта ў сэрцы краіны. Лес тут захаваўся толькі «дзякуючы» неўрадлівым глебам — займацца сельскай гаспадаркай было проста нявыгадна. 

Налібоцкая пушча, нібы пэчварк, складаецца з меншых. У яе склад траплялі Дзераўнянская і Хатавіцкая пушчы, а таксама мноства ўрочышчаў. Агульная назва і ўспрыманне яе як адзінай прасторы замацавалася дзякуючы князям Радзівілам, якія яшчэ ў 16 стагоддзі выкупілі Налібокі, а пасля скуплялі вакольныя лясы, пакуль не завалодалі большай часткай пушчы.

Налібокі ў 16 стагоддзі купіў палітык і асветнік Мікалай Радзівіл Чорны.

Налібокі, магчыма, сталі «сталіцай» пушчы, бо ў мястэчку была рэзідэнцыя лоўчага — таго, хто ад імя князя Радзівіла камандаваў цэлым войскам падлоўчых, стральцоў, стражнікаў, асочнікаў, баброўнікаў, базантарнікаў (так называліся службоўцы, якія наглядалі за дзікімі фазанамі), бортнікаў…

Дрэва, футры, мёд і іншыя лясныя прадукты складалі ладную частку багацця княскага роду. 

У самым сэрцы Пушчы ляжыць вёска Кляцішча, вядомая яшчэ па радзівілаўскіх планах. У княскія часы Кляцішча мела статус скарбовай радзівілаўскай пасекі — адной з многіх, раскіданых па заходнім ускрайку пушчы.

Пчолам неабходная вада, а Кляцішча стаіць на беразе маляўнічай ракі Уса.

Пад’язджаючы, чакаеш пабачыць запусценне, якое можна сустрэць і ў менш аддаленых ад цэнтральных трас мясцінах. Але аказалася, што закінутых безгаспадарных дамоў у Кляцішчы няма: або жылыя, або выкупленыя і даведзеныя да ладу дачнікамі.

Вясною ў Пушчы рассцілаюцца бясконцыя кілімы пралесак.

За Кляцішчам абапал Усы раскінуліся палі, на якіх, кажуць тутэйшыя людзі, не дзіва пабачыць зуброў — і дарослыя пасвяцца, і цяляткі. Расказваюць і пра мядзведзяў.

Пакапаныя дзікамі ўзбочыны пушчанскай дарогі.

Адно з самых старых дрэваў Налібоцкай пушчы — дуб каля вёскі Баравікоўшчына, пры рацэ Іслач. Ён можа памятаць часы Радзівілаў. А часам кажуць, што яму і 500, і 800 гадоў. 

Але ці ёсць у нашай краіне 500- і 800-гадовыя дрэвы — вялікае пытанне, кажа загадчык лабараторыі Інстытута батанікі Акадэміі навук Максім Ярмохін. Прычым ёсць такі парадокс: чым у горшых умовах дрэва расце, тым болей шанцаў яно мае доўга пражыць.

Па выглядзе некаторых дрэваў і не скажаш, што яны доўгажыхары. Прыкладам, адна з самых старых у краіне, 380-гадовая сасна расце на балоце ў Белавежскай Пушчы — дыяметр яе ствала каля 50 сантыметраў, у сасны таго ж узросту на балоце пад Мінскам дыяметр толькі каля 30 сантыметраў. Шмат хвояў-доўгажыхароў трапляецца ў суровых паўночных умовах, у Фінляндыі, у расійскай тайзе. Яны растуць паволі і ад таго мацнейшыя, у іх больш шчыльная і смалістая драўніна.

А эфектныя дубы ў некалькі абхватаў, якія мы часта бачым у полі, маюць «усяго» гадоў пад трыста. Напрыклад, дуб Якуб у Нясвіжскім раёне з дыяметрам ствала ў тры метры. Яго проста распірае ад салодкага жыцця: расце ў полі, пад сонцам, на добрай глебе, а непадалёк яшчэ і ферма, ад якой дрэва падсілкоўваецца.

Надзвычайная таўшчыня не робіць дрэва, як і чалавека, здаравейшым — часта дубы ломяцца пад уласнай вагой. Славуты белавежскі Цар-дуб у свае 350-400 год ужо цалкам пусты ўсярэдзіне, і біёлагі прагназуюць, што ў агляднай перспектыве Цар упадзе.

Бур Прэслера

Дакладна вызначыць, колькі год дрэву, можна толькі палічыўшы яго гадавыя колцы. Каб не пілаваць, у ствол дрэва запускаюць спецыяльную прыладу — бур Прэслера, свердзел, пусты ўсярэдзіне. З яго дапамогай са ствала вымаюць зрэз драўніны ў 5 міліметраў таўшчынёй. 

Ці шкодзіць дрэвам кернаванне? «Чалавеку ж таксама ўколы робяць», — кажа Ярмохін. Пасля дзірку замазваюць садовым варам, налета ад яе можна і следу не знайсці.

Праўда, здараецца, што ўсярэдзіне дабрэзны з выгляду дуб можа быць згнілы і пусты. Даводзіцца кернаваць некалькі разоў, спрабуючы адшукаць здаровае месца з поўным колам пражытых дрэвам год.

Літаральна насупраць Баравікоўшчыны, за Іслаччу, знаходзіцца ўрочышча з колішняй сядзібай графаў Тышкевічаў. Але трапіць туды машынай, калі не фарсіраваць раку, можна толькі ў аб’езд цераз Івянец ды Сівіцу.

Перад сядзібай Тышкевічаў стаіць яшчэ адзін незвычайны аб’ект — закінуты санаторый «Лясны».

Ён перастаў прымаць наведнікаў у канцы 1980-х, пасля Чарнобыля, калі на гэтыя мясціны легла радыяцыйная пляма.

Руіны паказваюць, што за некалькі дзясяткаў год вада, вецер і мароз робяць са стварэннем чалавечых рук.

Змрочная шэрабетонная архітэктура позняга БССР, пры самай пойме Іслачы кантрастуе з руінамі палаца Тышкевічаў, хоць і яго час не пашкадаваў.

За Сівіцай, пры вёсцы Рудня, заўважаем магілы паўстанцаў 1863-га. На камянях яўна чытаецца год… А назва Рудня — ад балотнай руды, якую людзі ад старажытнасці здабывалі на топкіх берагах Іслачы.

Маляўнічая рака Іслач зрабілася натуральнай пушчанскай мяжой.

Белавежская: самая славутая

Калі казаць пра запаведнікі, дык Белавежская Пушча — самы статусны. Першыя яе ахоўныя дакументы датуюцца аж 1409 годам, часамі князёў Вітаўта і Ягайлы. У Белавежы яны любілі сустракацца: абмеркаваць пытанні вялікай палітыкі і адпачыць на паляванні.

У гэтых запаветных лясах Ягайла разам са сваім дваром пераседзеў эпідэмію чумы, што лютавала ў Польшчы, тут нарыхтоўвалі дзічыну для вялікага паходу на Грунвальд.

Цягам усёй сваёй гісторыі Пушча была статуснай — княскай, а пасля каралеўскай, царскай ды партыйнай уласнасцю, куды прыязджалі пацешыцца наймагутнейшыя ўладары.

Хоць Пушча і была запаведнікам, яе прыроду відазмянялі, кажа эколаг Віктар Фянчук з грамадскай арганізацыі «Ахова птушак Бацькаўшчыны». У часы Расійскай імперыі, калі ў Пушчы была царская паляўнічая гаспадарка, тут гадавалі зуброў і аленяў. Каб стварыць лепшыя ўмовы жывёлам, асушалі балоты, ператвараючы іх у лугі з сакавітай травой.

Апошні расійскі імператар Мікалай ІІ ладзіў маштабныя паляванні ў Пушчы. Лік забітых аленяў і зуброў ішоў на дзясяткі.

У 1920-я, калі Заходняя Беларусь трапіла ў склад Польшчы, у Пушчы пачалі рэзаць лес на продаж. А каб зручней яго было транспартаваць, прасякалі цераз белавежскія нетры дарогі, пускалі чыгункі-вузкакалейкі, выпроствалі пушчанскія рэкі.

У савецкі час Белавежская Пушча спярша была запаведнікам, а пасля — «запаведна-паляўнічай гаспадаркай». Але паляваць тут можна было толькі найвышэйшым кіраўнікам. Расказваюць, што Леанід Брэжнеў любіў паляваць на качак — і дзеля гэтага ў Пушчы выкапалі возера Ляцкае. Але качкі на ім весціся ўсё адно не хацелі. Тады на Ляцкім стварылі спецыяльную ферму, каб качак гадаваць і выпускаць, калі прыязджаюць паляўнічыя…

Для таго, каб пушча жыла, неабходная вада. Калі мялеюць рэкі, сыходзяць на глыбіню грунтавыя воды, лес рэагуе не адразу, але змены фатальныя.

Напрыклад, вынікам меліярацыі і змены клімату стала ссыханне ў цэнтральнай Беларусі (і ў Белавежскай Пушчы) яловых лясоў. Тут праходзіць паўднёвая мяжа распаўсюджвання елкі, кліматычныя ўмовы не дазваляюць ёй жыць далей на поўдзень, а пацяпленне адсунула на поўнач прымальную для елкі кліматычную зону. Ссохлае давялося зразаць, а на тым месцы садзіць новы лес. 

Запушчаныя больш як 100 гадоў таму працэсы абязводжвання Пушчы працягнуліся ў савецкі час з яго татальнай меліярацыяй. Нейкі час меліярацыя кампенсавалася: зімы заставаліся снежнымі, рэкі паўнаводнымі. Але памалу клімат змяняўся. І цяпер гэта заўважна асабліва ў Пушчы, кажа Віктар Фянчук, бо Берасцейшчына самы цёплазабяспечаны рэгіён, тут самыя кароткія і цёплыя зімы.

Узровень грунтавых вод упаў, снегу стала меней, талая вада хутка злятала нават яшчэ ўзімку па прамых каналах, не паспеўшы напаіць Пушчу. У Белавежы пачала сохнуць елка, потым ясеневыя лясы… 

«Доўгі час мёртвы лес разглядаўся ў Пушчы як хворы, непажаданы. Вялікія плошчы сухіх ельнікаў былі высечаны. Таксама шмат дзе паўсталі пасадкі», — кажа Віктар. 

Пасаджаны лес і натуральны лес — гэта дзве вялікія розніцы.

Пушча — адзіны арганізм. Дрэвы знітаваныя пад зямлёй каранямі і грыбніцамі, сілкуюць адно аднаго. Ёсць напрыклад такі феномен, як «жывыя пні», кажа Максім Ярмохін. Дрэва зламалася 20 год таму, а на пні дагэтуль дадаюцца гадавыя кольцы. Пень у гэтым выпадку працуе як частка кораня суседняга дрэва.

Кліматычныя змены глабальныя, яны ідуць на ўсёй планеце, і павярнуць іх немагчыма. Але для ўратавання канкрэтнай пушчы можна вярнуць рэжым жыцця рэк, якія праз яе цякуць, да натуральнага, запаволіўшы сток вады. На мове навукі гэта называецца «аднавіць гідралагічны рэжым».

Як гэта зрабіць? «У ідэале — закапаць меліярацыйныя каналы. Але гэта вельмі дорага. Таму эколагі ставяць у каналах плаціны — земляныя ці з драўляным каркасам. Задача — зрабіць так, каб узровень вады падняўся роўна зямлі, кажа Віктар. Так у Пушчы вяртаюць асушаныя раней тэрыторыі вялікаму балоту Дзікое.

Вось такія плаціны ставяць у каналах, каб узняць узровень вады і наноў забалоціць тэрыторыю.

А каб запаволіць каналізаваныя некалі рэкі, іх вяртаюць у старыя звілістыя рэчышчы. Чым больш рака віецца, тым павольней цячэ, тым больш пажыўляе вільгаццю наваколле. Старарэччы добра чытаюцца на спадарожнікавых здымках, асабліва там, дзе не аралі пасля. Так пашанцавала з малой ракой Саломенкай, якую эколагі нядаўна вярнулі ў даўнейшае рэчышча. Але часам даводзіцца праектаваць для ракі новы шлях: у старарэччах ёй можа быць няўтульна — там рака плыла, калі была паўнаводнай, а цяпер пушчанскія рэкі знясіленыя.

Выпрастаная рака Саломенка — і старарэчча побач.

Як у выпадку з ракой Нараўкай — эколагі плануюць зрабіць экскаватарам на рэчышчы ракі невялікія зігзагі, а далей рака імправізуе — капае сама. 

Рака Нараўка ў Белавежскай пушчы.

Але перш, чым на зямлі рыдлёўкай нешта зрабіць, трэба два ці тры гады ўзгадненняў і афармлення дакументацыі. Праграму рэнатуралізацыі — аднаўлення рэк і балот — у Пушчы пачалі ў 2013, а першыя малыя аб’екты былі зробленыя толькі праз тры гады.

Як рэагуе прырода? Ці ёсць ужо першыя змены да лепшага? «Наша сістэма маніторынгу абапіраецца на расліннасць. Да пачатку прац складаюцца геабатанічныя карты. Батанікі ведаюць, для якіх раслін характэрныя сухія ўмовы, для якіх вільготныя. І па зменах расліннасці можна меркаваць, ці насычаецца глеба вадой. Праўда, 2018—2020 былі вельмі сухія гады, таму такіх хуткіх змен, на якія мы разлічвалі, не адбылося… Але для Пушчы гэта можа і добра, што працэсы ідуць паволі — каб не было як з той меліярацыяй, якая разгортвалася ў савецкі час хутка і маштабна».

Але эколагі ўжо заўважаюць, як на адноўленых тэрыторыях паволі змяняецца расліннасць, вяртаюцца птушкі. Першымі на забалочаныя мясціны вяртаюцца кулікі — бакасы і кнігаўкі.

Туды залятаюць папаляваць вялікія арляцы (гэта можна зафіксаваць, бо на некалькіх з іх начэпленыя перадатчыкі).

Але з забалочваннем змяншаецца пасавіска для лясных траваедных — зуброў, аленяў, казуль. Фянчук кажа, што гэта не страшна — плошча Пушчы каля 150 тысяч гектараў, а працы па вяртанні вады ідуць усяго на 3 тысячах. 

Дый зуброў цяпер у два разы болей за норму, яны проста не тоўпяцца ў Пушчы — ідуць у Пружанскі раён на палеткі.

Дый для парку адна з галоўных праблем — высокая шчыльнасць дзікіх капытных жывёл з-за іх інтэнсіўнай падкормкі, якія не даюць лесу нармальна аднаўляцца, кажа Віктар. «Лес трохі зараз уздыхнуў, калі дзікоў пакасіла хвароба і пераслед. Дзікі ўсё вынішчалі, нават гнёзды з’ядалі — лічыцца, што гэта адна з прычын, што ў Пушчы амаль знік глушэц. Аленяў таксама шмат — гэта моцна ўплывае на аднаўленне лесу.

Калі зірнуць на ўзроставую структуру лесу ў Пушчы, бачна, што ёсць вельмі старыя дрэвы, ёсць маладыя, а ў сярэдніх — правал, бо ў часы СССР, калі тут была паляўнічая гаспадарка кампартыі, яшчэ большая шчыльнасць капытных была ў Пушчы».

У Беларусі каля 60 тысяч гектараў, на якіх зробленыя розныя праекты па паўторнаму забалочванню. З асаблівай ахвотай эколагам аддаюць нікому не патрэбныя торфавырабаткі. Там нічога не расце пасля таго, як пласт торфу зрэзалі. 

Тым часам не закансерваваны (не ізаляваны вадой ад кіслароду) торф — адна з найбольшых крыніц парніковых газаў у атмасферы. Торф — паўраскладзеныя парэшткі колішніх раслін — можа тысячагоддзямі захоўвацца ў балотах, але як толькі паветра атрымлівае да яго доступ, запускаецца рэакцыя раскладання, падчас якой у паветра выкідаецца вуглякіслы газ.

Самыя старыя дрэвы Беларусі 

Растуць яны ў Белавежскай Пушчы і ў нацыянальным парку «Прыпяцкі» (у пойме Прыпяці — каля 400 год векам).

Дэндрахраналогія

Па гадавых кольцах можна вызначыць не толькі век дрэва, але і год, калі яно загінула. Для гэтага трэба мець дэндрахраналагічную шкалу — асобную для кожнай пароды і кожнай мясцовасці. 

Па сасне, кажа Максім Ярмохін, такія шкалы складзеныя да 990 года для Гродзенскай вобласці. Па поўначы Беларусі — за 600 гадоў. Гомельшчына даследаваная горай.

Самая старая знаходка, якую ўдалося дакладна датаваць, — дубовыя дошкі са Спаса-Прэабражэнскай царквы з Полацку. Калоны, якія падтрымліваюць столь, ад нізу васьмікутныя, а вышэй пераходзяць у чатырохкутныя. На гэтым пераходзе знайшлі дубовыя дошкі, закладзеныя падчас будаўніцтва. Па шкалах вызначылі, што дрэвы спілавалі між 1124 і 1137 годам.

Удалося датаваць і дубовыя бярвенні, якімі арміравалі валы старажытнага Мсціслава. Уся ўнутрывалавая канструкцыя згніла за тысячу год, а дубовыя вянцы засталіся. Як паказала даследаванне, ссечаныя тыя дубы былі ў 1053 годзе, тады як першая летапісная згадка пра Мсціслаў датуецца 1136-м.

Галубіцкая: самая таямнічая

Гэтая пушча на марэнных узгорках на паўднёвы ўсход ад Глыбокага не такая распіяраная як Белавежская і не такая прысталічная як Налібоцкая.

Але ў яе нетрах, у лясным засценку Пунькі, нарадзіўся Язэп Драздовіч — вызначальны беларускі мастак пачатку ХХ стагоддзя.

Драздовіч сфармаваў «твар» першых беларускіх газет, пазнавальна афармляў чытанкі, календары, першыя кнігі вершаў будучых класікаў, якія шырока ішлі ў народ. Яго захапляла астраномія, і цэлы цыкл твораў мастак прысвяціў жыццю на іншых планетах. Яго ж уласнае непрытульнае жыццё было звязана з галубіцкімі ваколіцамі.

Мястэчка Падсвілле. Злева — возера Алаізберг. У Падсвіллі прайшлі апошнія дні Драздовіча: сяляне знайшлі яго непрытомнага на дарозе ўзімку і адвезлі ў мясцовую бальніцу. 

Гэта цяпер творы Драздовіча збіраюць у альбомы, выдаюць прысвечаныя яму манаграфіі. А ў пасляваенны час Драздовіч уздоўж і ўпоперак выхадзіў пушчанскія вёскі, зарабляючы капейкі маляваннем дываноў, што ўпрыгожвалі сялянскія хаты.

Галубіцкая царква.

Да Пунек даехаць машынай можна хіба ў сухія месяцы. Вясной-восенню да іх вядзе палявая дарога з ямінамі, поўнымі вадкай гразі. Пра зіму ўвогуле памаўчым. 

Можа, гэта і лепей: хадаку ясней бачацца краявіды.

Угадваецца нават штосьці памятнае з Драздовічавай графікі. 

Прайшоўшы са два кіламетры полем, а пасля лясной дарогай між высокім светлым сасоннікам і густой бярозавай пасадкай, трапляеш да мемарыяльнага крыжа і каменя. 

Пра тое, што за каменем за якіх 50 метраў калісьці была сядзіба, сведчаць зараснікі крапівы. Крапіва адносіцца да раслін-азоталюбаў, ёй падабаюцца мясціны, угноеныя калісьці чалавекам ды яго скацінай: археолагі па крапіве нават паселішчы вікінгаў шукаюць.

Бліжэй да дарогі — старая яблыня.

Справа збалацелая рэчачка, масток на якой маляваў Драздовіч.

Зараснікі ляшчэўніка — яшчэ аднаго маркера колішняга чалавечага жытла. У ляшчэўніку, нібы затанулыя караблі, ляжаць чорныя ствалы вялізных ліп.

Іх не рэзалі — скруціла, відаць, непагадзь, калі скончыўся іх драўняны век. Па тым, як ліпы стаялі, можна зразумець размяшчэнне будынкаў у старых Пуньках — ці не яны гэта кучаравяцца справа на малюнку?

Побач з Пунькамі — вялікая высечка. Дарогай да іх трапіліся яшчэ некалькі. Ці сапраўды лесу цяпер сякуць болей, чым раней?

Санітарныя высечкі

Лясная гаспадарка ў краіне планавая — нормы высечкі закладаюцца на дзесяць год наперад. І ніводзін лясгас не можа высекчы лішняе, кажа Максім Ярмохін. Выключэнне — санітарныя, як у выпадку са ссохлымі ад змены клімату елкамі ці паточанымі караедам соснамі. 

Караед 

Актывізаваўся пасля 2016 года. Насамрэч, гэты жук — не прыхадзень, накшталт каларадскага. Гэта беларускі мясцовы від, санітар лесу, які дапамагае скарэй гінуць слабым дрэвам. Верхавінны караед жыве на соснах, а караед-тыпограф — на елках. Пацяпленне клімату зрабіла караедаў надзвычай актыўнымі. Калі вільгаці не хапае, стаіць гарачыня, у соснах менее смалы — гэта стварае для лічынак караеда ідэальныя ўмовы. Калі мала дажджоў, даросламу караеду зручна лётаць, шукаючы сабе пару для размнажэння, а гарачыня робіць яго, як і ўсіх насякомых, надзвычай пажадлівым.

Яшчэ адзін фактар заўважнасці караеда — вялікі працэнт сасновых лясоў. Іх у Беларусі 50% ад агульнага аб’ёму.

Іншая справа, што цяпер даспеў лес, які актыўна высаджвалі ў пасляваенныя гады. І другі момант: у 2015 годзе быў прыняты новы Лясны кодэкс, які істотна зменшыў памеры зялёных зон вакол гарадоў. Зялёная зона вакол Мінска, напрыклад, раней сягала да Лагойска, а цяпер — толькі да Бараўлянаў.

Былыя зялёныя зоны актыўна пачалі сячы. Людзі ідуць у лес, на знаёмыя мясціны — і бачаць пні.

А вось так з дрэваў збіраюць смалу.

Імем Язэпа Драздовіча названая галоўная вуліца найбліжэйшай да ўрочышча Пунькі вёскі Малыя Давыдкі.

Яна пераходзіць у палявую дарогу і выводзіць да могілак, на якіх спачыў мастак. Яго магіла — злева ад уваходу, пад вялікімі соснамі. Барэльеф глядзіць на пушчу.

Цераз Галубіцкую пушчу можна праехаць наскрозь сярэдняй якасці гравейкай.

Рэдка дзе пабачыш такое: проста побач трапляюцца то забалочаныя нетры з вываратнямі-нячысцікамі, то светлыя хваёвыя лясы ў срэбным імшаніку.

Вершаліны дрэў хіляцца над дарогай, утвараючы шацёр.

Апошняя вёска перад выездам з пушчанскага масіву — Горнава 1. Гэта аказаліся дзве дачныя хаціны з пасекай на акуратна абкошанай паляне. Відавочна, што людзі тут бываюць толькі па выходных.

Адразу за пахілымі будынкамі буяе дзікая прырода. Да загадкавага возера Межужол, што зусім блізка адсюль, ніяк не дойдзеш па балотных купінах і бабровых каналах-плацінах.

А так выглядалі пушчанскія хутары ў часы Драздовіча.

Здавалася б, чалавек страціў уладу над гэтымі абшарамі. Пазнікалі засценкі, пушчанскія буды, лясныя расцяробы-палеткі. Аднак за сто год чалавецтва навучылася ўздзейнічаць глабальна. Змяняецца клімат, цэлыя гектары лесу выразаюцца і засаджваюцца. Дый непадступнасць возера Межужол і балотаў, якія яго атачаюць і пояць сваёй вадою пушчу, умоўная. Да іх усё бліжэй падбіраецца торфараспрацоўка. З пункту гледжання ўплыву на першабытны лес гэта тое самае, што высечка. Пасля яе пушча стане не той, якой была, перастане быць сабою.

Якія лясы бачылі нашы продкі

У Сярэднявеччы клімат быў цяплейшы, палова лясоў на беларускіх землях складалі шыракалістыя, у прыватнасці дубровы. Корань «дуб» маюць каля 280 тапонімаў у Беларусі. Асабліва на паўночным усходзе, у цэнтры, дзе глебы добрыя для дуба.

Цяпер дубу — усяго каля 3,5%. Дуб быў істотным прадметам экспарту ў Заходнюю Еўропу, дзе дубровы вывелі з развіццём мараплаўства. Асабліва цаніліся крывыя дубы — яны ішлі на шпангоўты для пузатых ганзейскіх караблёў.

З Мемеля, Рыгі, Гданьска дубовая драўніна з ВКЛ вывозілася ў Англію, Францыю, Германію.

Дубровы доўга аднаўляюцца. Трэба 300 год, каб на месцы высечанай дубровы натуральным чынам вырасла новая. Спачатку расце бярэзнік, асіна, пасля прыходзіць елка, пасля елка падае і перагнівае, распадаецца, рыхтуючы глебу для дуба.

Лясная гаспадарка не мысліць такімі часавымі катэгорыямі, ёй трэба аддача проста зараз, гэта значыць праз 50—80 год. Таму пасля высечкі дрэвы штучна садзяць.

Калі хочаце захаваць старое дрэва 

Яго трэба паказаць спецыялісту, каб ацаніў жыццёвы і аварыйны стан. Бо дуб трохметровай таўшчыні можа выдатна зелянець — сокі ідуць пад карой — і адначасова хаваць у сабе згнілае дупло ды зваліцца ад першай віхуры пад уласнай масай.

Самыя старыя лясныя масівы ў Беларусі

Вядома ж, Белавежская пушча. Цікавы таксама Бярэзінскі запаведнік. Гэтыя тэрыторыі не былі пад такой пільнай увагай цягам стагоддзяў, што дапамагло захавацца больш дзікай прыродзе. Цікавая таксама лесабалотная зона на мяжы з Украінай — там, дзе Альманы, Стары Жадзен — да Прыпяцкага нацпарку. Тут не будзе дубоў па два метры ў дыяметры. Затое трапляюцца цэлыя масівы 200—300 гадовага сасонніка.

Пушчы — наша першае падарожжа-сузіранне з Kärcher, дзе мы вывучаем прыродныя багацці Беларусі. Наперадзе яшчэ безліч няходжаных троп, непракладзеных шляхоў. Дык вандруйма разам!

Чытайце таксама: Ружаны — палац-фенікс з беларускім характарам. Упарта ўздымаўся пасля жахлівых разбурэнняў

У матэрыяле выкарыстаны ілюстрацыі Depositphotos.com

Рэдактарка — Настасся Роўда

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?