Адзін з найпрыгажэйшых беларускіх палацаў з паркам таемна прадаюць расейцам.

Ваўкавышчыне пакуль пашанцавала з помнікамі старасьвеччыны. Дзясяткі зь іх уключаныя ў «Збор помнікаў», у Сьпіс гісторыка‑культурных каштоўнасьцяў. Сярод іх багата й старадаўніх панскіх сядзібаў. Напрыклад, у мястэчку Гнезна захаваўся будынак палацу з флігелямі і рэшткі рамантычнага парку з арыгінальнай воднай сыстэмай.

Старасьвецкі парк і аднапавярховы палац сярэдзіны ХІХ ст. роду Сцыпіё дэль Кампа, што гаспадарылі тут да апошняй вайны, ёсьць у вёсцы Падароск. Да верасьня 1939 году тут віравала іншае жыцьцё. А Рось да 1939 г. належыла Патоцкім, якія яшчэ ў пачатку XVIII ст. заклалі тут сядзібу й цудоўны парк, фрагмэнты якога захаваліся.

Некаторыя сядзібы былі сапраўднымі агменямі асьветы й культуры. Гэтак у вёсцы Ярылаўка пакуль яшчэ знаходзіцца панскі дом, у якім у 1885‑1890 гг. жыў вядомы беларускі мастак А.Каменскі.

На жаль, бальшыня гэтых выбітных помнікаў гісторыі й прыроды сёньня ў гаротным стане. За апошнія тузін гадоў сытуацыя толькі пагоршылася. Не перапала тут нічога на рэстаўрацыю ў 2004 годзе, калі ў райцэнтры бурна праводзіўся рэспубліканскі фэст «Дажынкі‑2004». Але ў аддзеле культуры Ваўкавыскага райвыканкаму знайшлі выйсьце. Цяпер тамтэйшае начальства шукае пакупнікоў на помнікі нашае спадчыны, якімі яны вольна распараджаюцца.

Гэтак палацава‑паркавы комлекс у вёсцы Краскі, дзе пакуль месьціцца дзіцячы санаторый, маняцца прадаць з «аўкцыёну». Пра адкрытасьць і празрыстасьць апэрацыі тут нават не вядзецца. У райаддзеле культуры кажуць, што пакупнік ужо вядомы. «Канечне ж, расейцы. У нашых жа такіх грошай няма!» — зь веданьнем справы кажуць у чыноўніцкіх кабінэтах. Насамрэч, расейцы ўжо даўно скупляюць нерухомасьць у самых каштоўных, запаведных кутках Беларусі. Але гэтым разам вядзецца пра помнік выключнае каштоўнасьці.

Нэагатычны палац ХІХ ст. роду Сегеняў — адзін з найлепшых узораў свайго стылю. Сама старая ягоная частка была ўзьведзеная ажно ў 1839 годзе! А шыкоўны тамтэйшы прысядзібны парк пазамінулага стагодзьдзя, у якім расьце нямала рэдкіх старадаўніх дрэваў, стаіць на 6 га. Тут растуць такія дзівосы, як воцатнае дрэва, хвоя вэймутава, ламанос, скумпія, лістоўніцы…

Шыкоўны парк, што сыходзіць у стары хваёвы лес, ёсьць помнікам рэспубліканскага значэньня. Як і ў іншых выпадках, такі статус нікога ні да нічога не абавязвае. Усё тут дзічэе. Як паўсюль…

Таму скінуць зь сябе клопат пра ўнікальны помнік — сур’ёзная матывацыя для раённага начальства. Але сума, якую яны хочуць атрымаць з «аўкцыёну», відавочна, несур’ёзная — 450 млн. беларускіх рублёў. Столькі сёньня каштуе дамы ў нейкай Ратамцы. Нават для раённага бюджэту гэта мізэр. На «Дажынках» у Ваўкавыску Лукашэнка раздаў 9 прэміяў па 30 мільёнаў рублёў, 9 прэміяў па 20 мільёнаў, 6 — па 15! Ну й дэлегацыі Магілёўшчыны ўручыў у Ваўкавыску 50 мільёнаў рублёў.

Калі ўсё ж Краскаўская сядзіба апынецца ў прыватных руках расейцаў, то, па‑першае, баюся, патрапіць туды беларусу, каб спрычыніцца да хараства й духу гісторыі, будзе праблематычна; па‑другое, зьдзяйсьняць кантроль за станам помніку будзе немагчыма. Лішне казаць, шта ані раённыя ўлады, ані Міністэрства культуры, ані, пагатоў, ужо вядомы ў райаддзеле пакупнік з Расеі, нічога не гарантуюць у справе аховы спадчыны.

Калі авантура ўдасца, то ў ваўкавыскага начальства яшчэ застануцца помнікі прыроды й гісторыі, старасьвецкія сядзібы й паркі ў вёсках Вярэйкі, Шніпава, Мачульна, Тэалін, Субачы… Ёсьць яшчэ што прапанаваць расейскім пакупнікам! Пакуль улада ня стане беларускай, на іх век хопіць.

Наш кар., Ваўкавыск

Здымак radzima.org

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0