У Весьнянцы на гэты раз ня вельмі прыемная навіна. Вядомая на ўвесь горад крыніца амаль што перасохла. Цалкам перастала ісьці вада з адной шчыліны, а з другой цячэ зусім ужо тонкім струменьчыкам. Бачна слабець крыніца пачала яшчэ на пачатку лету, і вось справа дайшла амаль да поўнай сухаты.

Трэба сказаць, калі хто ня ведае, што гэтая крыніца ня проста мілае ўпрыгажэньне ля храму. Уся яго гісторыя зьвязана менавіта з крыніцай. На ёй было зьяўленьне іконы Божай Маці на пачатку 17-га стагодзьдзя, цяжкія для праваслаўнага царкоўнага жыцьця гады, і, зразумела, гэта было зьвязана з вядомай эвангельскай вобразнасьцю - крыніца сымбалізуе няспынную ажыўляльную благадаць Божую. Гэта быў знак, што заступніцтвам Маці Божай у цяжкі час Гасподзь не пакіне і захавае Сваіх дзяцей і іхнюю веру.

Таму заўсёды крытычныя кропкі ў гісторыі гэтага сьвятога месца ўплывалі на становішча і значнасьць крыніцы.

Храм, які прастаяў да 30-х гадоў мінулага стагодзьдзя, быў зроблены так, што крыніца выцякала прама з-пад алтару. Вада крыніцы славілася сваімі цудоўна-ацаляльнымі ўласьцівасьцямі. Асабліва вада крыніцы добра дапамагала пры хваробе вачэй. А пасьля таго, як храм быў зруйнаваны, веруючыя пачалі зьбірацца вакол крыніцы. У злосьці ворагі хрысьціянскай веры нават паспрабавалі засыпаць “крамольную” крыніцу будаўнічым сьмецьцям. Дагэтуль з-за гэтага крыніца ў тым сваім старадаўнім месцы цячэ вельмі слаба, але ўсё ж менавіта з яе выцякае невялічкае возерца каля храму.

На пачатку 90-х, калі адраджэньне царкоўнага жыцьця дайшло і да Крупцоў, усё пачалося зноў з крыніцы, з малебнаў на ёй. Праўда, гэта была ўжо не зусім тая крыніца. – штучна зрабілі дзьве шчыліны вакол старадаўняй крыніцы. Але ўсё ж гэта фактычна адна крыніца, бо вада ідзе з аднаго падземнага возера. Вось адсюль цяпер і бяруць ваду, за якой прыяжджаюць з усяго гораду. Дарэчы, мала хто ведае, што гэта ня проста чыстая вада. Дзякуючы ўнікальнаму хімічнаму саставу солей, яна мае вядомыя з даўніны ацаляльныя ўласьцівасьці.

Хаця, колькі я служыў на прыходзе, заўсёды вакол крыніцы не бяз падтрымкі СМІ круціліся нейкія інтрыгі. То пойдзе слых, што крыніца абруджваецца могілкамі, а то, наадварот, што ніякай крыніцы няма, а ўсё гэта водаправод... Але зразумела, вада знаходзіцца пад пільным кантролем санстанцыі. І я памятаю толькі адзін выпадак, калі раптам павесілі аб’яву, што ваду піць нельга, але хутка высьветлілася, што санстанцыя проста пераблытала аналізы.

І вось крыніца раптам пачала засыхаць… Пры яе сымбалічнай значнасьці гэта ня проста страта месца, дзе можна набраць і папіць вадзічкі… У чым справа? Ёсьць, зразумела, простыя рацыянальныя тлумачэньні. Магчыма гэта зьвязана з будаўніцтвам непадалёку вялікага комплексу будынкаў для вышэйшых чыноўнікаў дзяржавы. Застаецца толькі здагадвацца, што яны там такое робяць, што зьнік ціск у шчылінах. Тое, што гэта можа быць, мы ведаем па таму, што нешта падобнае было ў нас, калі да храма трэба было падводзіць камунікацыі, а пра тое, што разрываць дарогу да прэзыдэнцкай рэзыдэнцыі, нават на самы кароткі час, не магло быць і гаворкі. Таму прыйшлося рабіць пракол пад зямлёй, а для гэтага трэба было часова адкачаць грунтавыя воды. Зразумела, крыніца – гэта не грунтовая вада, але на ціск гэта значна паўплывала. Таму і цяпер цалкам магчыма проста ў катэджным пасёлку вядзецца нейкая праца пад зямлёй. Хаця самі катэджы ўжо стаяць. Што ж там робяць?

І тут я прывяду сваю вэрсію. Цалкам прыдуманую, так што прашу ня ставіцца да яе вельмі сур’ёзна. Як вядома, улады час ад часу палохаюць людзей магчымым сілавым сродкам зьмены сытуацыі ў Беларусі з боку Захаду. Кажуць пра бомбавыя ўдары і г .д. Можа яны сама ўжо паверыла ў гэтыя жахі. Ну і зразумела.. калі будуць бамбіць, так гэта, ў першую чаргу, ў Драздах і побач зь імі. Таму што трэба будаваць? Надзейная і глыбокая бамбасховішча! Як вам такая вэрсія?

Дарэчы да гэтага рацыянальнага тлумачэньня даволі натуральна прыстасоўваецца і духоўнае. Я ўжо ўзгадваў пра тое, што крыніцу спрабавалі засыпаць сьмецьцем у 30-х гадах. Тады былі больш жорсткія, але і больш яўныя ворагі Царквы. Зараз быцам ба і ня бачна такіх ужо прынцыповых ворагаў. Але справы ў “моцных сьвету гэтага” такія, што яны аказваюцца не сумяшчальнымі са справамі Божымі. Таму яно і канфліктуе. Свае справы яны робяць так, што гэта закрывае шлях справам Божым. Але… Крыніцу Божыю нельга заткнуць канчаткова. І наша крыніца, хоць слаба, але прабівалася і ў 30-х гадах, і цяпер… Справу Божыю, як бы ёй не перашкаджалі, нельга спыніць. Перашкодамі можна толькі адцягнуць яе выкананьне. У духоўным жыцьці, проста жыцьці чалавека ці народу бывае так.. што здаецца – перасохлі ўсе крыніцы. Але нельга страчваць веру –вада жывая знойдзе выхад да нас, і зноў заструменяцца крыніцы.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?