На экране дэбютная стужка Аляксея Балабанава і тэлевізійная вэрсія Франкенштэйна.

Лад, 22.25

posterШчасьлівыя дні (Счастливые дни)
Расея, 1991, чорна-белы, 86 хв.
Рэжысэр: Аляксей Балабанаў
Ролі выконваюць: Віктар Сухарукаў, Анжаліка Няволіна, Яўген Мяркур’еў, Георгі Тэйх, Мікалай Лаўроў
Жанр: Абсурдысцкая драма паводле твораў Сэмюэля Бэкета
Прызы: Прыз журы крытыкаў на кінафэсьце ў Зарэчным, прыз за лепшы поўнамэтражны фільм на кінафэсьце “Дэбют” (Масква)
Адзнака: 6 (з 10)

Пасьля раненьня ў галаву герой стужкі (Віктар Сухарукаў) згубіў памяць і страціў повязі з рэальным жыцьцём. Зь лябараторыі яго выштурхнулі на вуліцу, дзе ён бадзяецца й ня здольны знайсьці сябе. Чалавеку падабаецца прыгажуня (Анжаліка Няволіна), але яна не зьбіраецца адказваць на ягонае каханьне, бо занятая ў найстаражытнай прафэсіі…

Дзіўны, абсурдовы, вязкі і халодны фільм. Дэбютная поўнамэтражная стужка Аляксея Балабанава, адметная цэласным выкшталцоным стылем і пранізьлівым адчужэньнем. Зьлякана-непрыкметны Віктар Сухарукаў, бязьвінна-драпежная Анжаліка Няволіна – і попельна-шэрыя савецка-бэкетаўскія сьненьні.

СТВ, 00.35, 1-ая сэрыя

posterФранкенштэйн (Frankenstein)
Славаччына – ЗША, 2004, каляровы, 204 хв (тэлевізійны сэрыял)
Рэжысэр: Кевін Конар
Ролі выконваюць: Люк Гос, Алек Ньюмэн, Джулі Дэмпі, Дональд Сазэрлэнд, Моніка Хільмерава, Ўільям Гёрт, Лаяна Бамбэрг
Жанр: Фільм жахаў паводле аднайменнага рамана Мэры Шэлі
Прызы: Прэмія “Эмі” Беатрыкс Далінгеравай за найлепшы грым
Адзнака: 5,5 (з 10)

Малады навуковец Віктар Франкенштэйн зацята дасьледуе невядомае. У сваёй лябараторыі з частак памерлых целаў ён зьбірае і ажыўляе новую істоту. Але пачвара, абражаная агідаю свайго бацькі, пачынае помсьціць свайму стваральніку…

Тэлевізійная экранізацыя клясычнага раману жахаў, зьдзейсьненая каналам Hallmark, даслоўна сьледуе за арыгіналам. Атмасфэра ХІХ стагодзьдзя (самае каштоўнае ў фільме), гатычныя разваліны ў гарах (дзе навуковец і ягонае стварэньне вядуць маральны двубой), палярныя ільды.

Няшчасна-рамантычная ажыўленая істота (Люк Гос), бунтар-навуковец (Алек Ньюман), багабаязны прафэсар (Ўільям Гёрт), сумленны капітан (Доналд Сазэрлэнд).

Нетаропкі фільм расьцягнуты на некалькі сэрый і, адпаведна аўдыторыі, вызвалены ад жорсткасьцяў.

Кінатэрміны

Кінападзеі

Усе фільмы

Кінатворцы

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?