Вялікае Княства пала ў 1795 годзе. Яшчэ стагодзьдзе дагарала высокая ліцьвінская культура, падараваўшы сьвету Адама Міцкевіча і Яна Баршчэўскага. Калі ў 1895 годзе зьявіўся кінэматограф, здавалася, ад яе ўжо нічога не засталося. Але віленскія рэжысэры – Уладзіслаў Старэвіч і Абрам Роам – сталіся апошнімі амбасадарамі Вялікага Княства. Іхнія творы настолькі выкшталцоныя і настолькі дзіўныя, што ня маюць дакладнай прапіскі ў сусьветным кіно. Магчыма таму, што зьяўляюцца аскепкамі забытай культуры, што сышла назаўжды.

Тайны Ўладзіслава Старэвіча

posterБацька лялечнай анімацыі Ўладзіслаў Старэвіч нарадзіўся 125 гадоў таму 8 жніўня (па некаторым зьвесткам – 6). Зь месцам ягонага нараджэньня зьвязаная першая тайна. Адныя даведнікі гавораць, што Старэвіч нарадзіўся ў 1882 годзе ў Коўне, другія падаюць Вільню. Але, найхутчэй, Уладзіслаў Старэвіч пабачыў сьвет “ў Маскве, у сям’і польскай шляхты”. Калі быць больш дакладным, то ў сям’і ліцьвінскай, беларускай шляхты Антаніны й Аляксандра Старэвіч, якія змагаліся за незалежнасьць краю ад Расеі. Маці Ўладзіслаў згубіў у маленстве, і з чатырох гадоў выхоўваўся ў сваякоў Легецкіх, якія жылі ў Ковенскім павеце.

Уладзіслаў Старэвіч (Владислав Старевич, Wladyslaw Starewicz, Ladislas Starewitch), 8 жніўня 1882, Масква - 26 лютага 1965, Фантэн Дэ Буа.
Фільмаграфія

Калі Ўладзіславу было 10 гадоў, то да “Чароўнага ліхтара” (цацкі кшталту дыяпраэктара) – ён дадаў прыстасаваньне ўласнае зборкі і наладзіў хатнія спэктаклі. Адылі хлопец захапіўся энтамалёгіяй, фатаграфіяй, пачаў браць урокі жывапісу – але на гэта бракавала грошай.

У Коўна пасталелы Старэвіч служыў у Казённай палаце, выпускаў энтамалягічны часопіс і сатырычную казэту “Крамзолі і кляксы”, маляваў афішы. Калі Старэвіч падараваў Ковенскаму этнаграфічнаму музэю свой альбом фатаграфій, археоляг Тадэвуш Доўгірд прапанаваў юнаку зьняць этнаграфічны фільм.

У 1909 годзе Старэвіч адправіўся ў Маскву. У францускай фірме “Браты Патэ” віленскага шляхціца абсьмяялі. Сытуацыя паўтарылася ў кампаніі “Гамон”. Але на Старэвіча зьвярнуў увагу рускі прадпрымальнік Аляксандар Ханжонкаў – і даў яму кінакамэру.

На радзіме Ўладзіслаў Старэвіч зьняў свой першы фільм: “Над Нёманам”. Карціна не захавалася – і згубленыя стужкі Старэвіча – яшчэ адна ягоная тайна. Ханжонкаву Старэвіч прывёз адразу тры фільмы “Над Нёманам”, “Жукі-скарабеі” і “Жыцьцё стракозаў”.

Карціна 1910 году “Lucanus Cervus” (таксама страчаная) сталася першай у сьвеце лялечнай анімацыяй. Старэвіч хацеў паказаць бойку жукоў-рагачоў за самку, але пад сьвятлом пражэктараў жукі рухацца не жадалі. Паводле легенды, Старэвіч узяў панцыры жукоў і ажывіў іх пакадрава, прымацаваўшы замест лапак танюсенькі дрот.

Фільм 1912 году “Чароўная Люканіда альбо Вайна вусачоў з рагачамі”, таксама вядомы пад гульліваю назвай “Куртызанка на троне”, стаўся сусьветнай сэнсацыяй. Фірма “Патэ” кусала локці ад зайздрасьці – і набыла стужку для замежнага пракату.

У карціне “Чароўная Люканіда” былі амурныя жарсьці, стары муж, маладая жонка, галянтны рыцар… але ўсе ролі выконвалі жамяры. У сама патэтычных сцэнах гледачы рыдалі ад сьмеху.

Парадыйна-мэлядрамныя прыгоды разгортваліся і ў “Помсьце кінэматаграфічнага апэратара”. Жук, здрадзіўшы жонцы, заляцаецца да страказы, жучыха гуляе з вусачом, а пакрыўджаны конік-папарацы здымае адультэр, каб паказаць яго ў кінатэатры.

У залаты фонд кінэматографу ўвайшлі стужкі Старэвіча 1913 году “Каляды ў жыхароў лесу”, “Вясёлыя сцэнкі з жыцьця жывёлаў”, “Страказа і мураш” (паводле Крылова).

Зьдзіўленая прэса пісала, што Старэвіч… дрэсіруе жывёлаў. “У адным месцы карціны зьдзіўляе дрэсіраваная страказа, якая стоячы на ружы, верціць ручку малюсенькага здымачнага апарату,” – пісаў аглядальнік пра стужку “Авіяцыйны тыдзень казурак”.

Але Старэвіч жывёл не дрэсіраваў. Ён рабіў найдакладнейшыя макеты з найдрабнюткіх дэталяў, якія замацоўваў шарнірамі. Але тэхніка гэная засталася тайнаю рэжысэра, якую ведалі толькі ягоная жонка Антонія, дачкі Ірына і Яніна.

Учацьвярых яны рабілі працу цэлае кінастудыі. Канкурэнтам ім не было. Ўолт Дыснэй з зайздрасьцю гаварыў: “Гэты чалавек апярэдзіў усіх мультыплікатараў сьвету на некалькі дзесяцігодзьдзяў”.

Але Старэвіч паспрабаваў сябе і ў ігравым кіно. “Страшная помста” паводле Гогаля ў 1912 годзе атрымала Залаты мэдаль у Мілане. А фільм “Ноч на Каляды” сумяшчаў актора Мазжухіна і анімацыйнага чорта. Карціна “Лілія Бэльгіі” 1915 году – анімацыйна-ігравая прыпавесьць, пастаўленая падчас вайны.

У 1918 годзе, пасьля Кастрычніцкага перавароту, Старэвіч зьняў у Ялце “Зорку мора”, дзе выкарыстоўваліся найскладанейшыя адмысловыя эфэкты: шматлікія экспазыцыі праз карункі пены, рухомая карона з чалавечых целаў на тле неба… З савецкай уладай у ліцьвіна Старэвіча не было анічога агульнага – і ён эміграваў спачатку ў Італію, адылі – у Францыю.

Там ён зьняў дасьціпныя мультфільмы “У лапах павука” (1920), “Жабкі патрабуюць караля” (1922), “Пацук палявы і пацук гарадзкі” (1926). А карціна паводле Андэрсэна “Голас салаўя” (1923) выклікала захапленьне ў Амэрыцы. Старэвіч прыдумаў сэрыю пра пацешнага шчанюка Фэтыша; сцэнкі з сабачых прыгодаў працытуе сучасная студыя “Піксар”.

Але самі карціны Старэвіча не састарэлі й глядзяцца надзвычай сучасна. Доказам чаго – вяршыннае дасягненьне ліцьвінскага кінагенія – “касьцюмная” казка “Рэйнэке-ліс” па матывах францускага эпасу й казкі Гётэ.

Фільм быў распачаты ў 1928 годзе. Выкарыстоўваліся разнастайныя лялькі: ад 10 см да памераў у чалавечы рост. Для кожнай жывёлкі: ганарлівага ільва, хітрага ліса, баязьлівага зайца і зьедзенай (!) курыцы – рабілася да 500 масак. Грымасы анімацыйных герояў былі жвавыя й рухомыя. (Тайна матэрыялу, з зь якога Старэвіч ляпіў лялькі, засталася невядомай.)

Але напрыканцы 30-ых у кіно прыйшоў гук, і карціна мусіла перарабляцца. Грошы на даробку казкі Гётэ дала Нямеччына, дзе да ўлады прыйшлі нацысты. “Рэйнэке-ліс” выйшаў у 1941 годзе на францускай мове – і стаўся непераўзыйдзеным. Але фінансаваньне стужкі гітлераўскім урадам сапсавала яе пракатны лёс – і карціна дасюль мала вядомая паспалітаму гледачу.

Неўзабаве пасьля вайны дачка Ірына пачала сьлепнуць. Старэвіч здымаў рэклямныя ролікі і распрадаваў унікальныя лялькі, ад якіх напрыканцы жыцьця не засталося нічога.

Памёр Старэвіч 26 лютага 1965 году пад Парыжам у мястэчку Фантэн Дэ Буа.

Унікальны сьвет Старэвіча ня мае аналягаў – і застаецца загадкай забытага Княства з “лялечным” арыстакратызмам і дзівосамі.

Кіназнаўца Аляксандар Арну скардзіўся: “Не паеду я да Старэвіча… Не жадаю, каб ён ператварыў мяне ў камень або напусьціў сваіх гномаў, дамавікоў, духаў, сваіх жудасных мух і цмокаў са зіготкімі дыямэнтамі вачэй...” На што Старэвіч адказваў: “Сакрэта асаблівага няма. Усё гэта карпатлівая праца…”

Фільмаграфія Уладзіслава Старэвіча (часткова):

Дакумэнтальныя:

Францускі сайт Старэвіча
Расейская Вікіпэдыя
Энцыкляпэдыя расейскага кіно

1909 «Над Нёманам», фільм не захаваўся

1909 — «Жыцьцё стракозаў» (Жизнь стрекоз), фільм не захаваўся

1909 — «Жукі-скарабеі» (Жуки-скарабеи), фільм не захаваўся

1910 — «Развіцьцё апалоніка» (Развитие головастика)

Мультфільмы:

1910 — Lucanus Cervus, фільм не захаваўся

1910 — «Чароўная Люканіда, або Вайна вусачоў з рагачамі» (Прекрасная Люканида, или Война усачей с рогачами)

1911 — «Помста кінэматаграфічнага апэратара» (Месть кинематографического оператора)

1911 — «Каляды ў жыхароў лесу» (Рождество у обитателей леса)

1911 — «Страказа і мураш» (Стрекоза и муравей)

1912 — «Авіяцыйны тыдзень казурак» (Авиационная неделя насекомых)

1913 — «Чатыры чорты» (Четыре чёрта)

1913 — «Вясёлыя сцэнкі з жыцьця жывёлін» (Весёлые сценки из жизни животных)

1913 — «Певень і Пегас» (Петух и Пегас)

1915 — «Лілея Бэльгіі» (Лилия Бельгии)

1920 — У лапах павука (Dans Les Griffes De L'araignee / In the Claws of the Spider)

1921 — Шлюб Бабіласа (Le Mariage De Babylas / Babylas’s Marriage)

1921 — Пудзіла (L'epouvantail / The Scarecrow)

1922 — «Жабкі патрабуюць караля» (Les Grenouilles Qui Demandent Un Roi) (Залаты мэдаль Разэнфэльда)

1923 — «Голас салаўя» (La Voix Du Rossignol)

1923 — «Каханьне ў белым і чорным» (Amour Noir Et Blanc)

1924 — «Маленькі вулічны сьпявак» (La Petite Chanteuse Des Rues)

1925 — «Вочы дракона» (Les Yeux Du Dragon)

1926 — «Пацук палявы і пацук гарадзкі» (Le Rat Des Villes Et Le Rat Des Champs), ч/б

1926 — «Пацук палявы і пацук гарадзкі», каляровы

1927 — «Мурашка і конік» (La Cigale Et La Fourmi)

1927 — «Каралева матылькоў» (La Reine Des Papillons)

1928 — «Чароўныя гадзіны» (L'horloge Magique)

1928 — «Маленькі парад» (La Petite Parade)

1929-1930 — «Рейнэке-ліс» (Le Roman De Renard) (Залаты мэдаль Разэнфэльда 1941 г. і шчэ 7 міжнародных узнагародаў)

1932 — «Леў і муха» (Le Lion Et Le Moucheron)

1932 — «Стары леў» (Le Lion Devenu Vieux)

1933 — «Шчанюк-талісман» (Fetiche Mascotte)

1934 — Фэтыш – уладар пярсьцёнку (Fetiche Prestidigitateur / The Ringmaster)

1935 — Вясельле Фэтышу (Fetiche Se Marie / The Mascot’s Marriage)

1936 — Фэтыш – вандроўнік (Fetiche En Voyage De Noces / The Navigator)

1937 — Фэтыш і русалкі (Fetiche Chez Les Sirenes / The Mascot and the Mermaids)

1947 — Занзабэль ў Парыжы (Zanzabelle A Paris / Zanzabelle in Paris)

1949 — Папараць-кветка (Fleur De Fougere / Fern Flowers)

1953 — Маленькая птушка Газуі (Gazouilly Petit Oiseau / Little Bird Gazouilly)

1954 — Забабон (Gueule De Bois / Hangover)

1955 — Нядзельны пікнік Газуі (Un Dimanche De Gazouilly / Gazouilly’s Sunday Picnic)

1956 — Нос па ветру (Nez Au Vent / Nose to the Wind)

1958 — «Паўночная карусель» (Carrousel Boreal)

1965 — «Як сабака з коткай» (Comme Chien Et Chat)

Навукова-папулярныя фільмы:

1911 — «Электрычны тэлеграф» («Электрический телеграф» зь Мікалаем Бакліным)

«П'янства і яго наступствы» («Пьянство и его последствия» зь Іванам Мазжухіным)

Ігравыя фільмы:

1912 — «Страшная помста» (Страшная месть), фільм не захаваўся (Залаты мэдаль на Сусьветнай выставы ў Міляне)

1912 — «Падарожжа на месяц» (Путешествие на луну), захавалася частка адзьнятага матэрыялу

1913 — «Ноч на Каляды» (Ночь перед Рождеством)

1913 — «Руслан і Людміла» (Руслан и Людмила), фільм не захаваўся

1914 — «Сьнягурка» (Снегурочка)

1914 — «Пасынак Марса» (Пасынок Марса)

1914 — Казка пра нямецкага Гогеля-Могеля і пра чорта Балбеску (Сказка про немецкого грозного вояку Гогель-Могеля и про черта Балбеску ), фільм не захаваўся

1914 — «Тройка», фільм не захаваўся

1914 — Fleurs Fanees, фільм не захаваўся

1915 — Песьня катаржаніна (Песня каторжанина), фільм не захаваўся

1915 — «Партрэт» (Портрет)

1915 — «Гэта табе не належыць» (Это тебе не принадлежит), фільм не захаваўся

1915 — «Эрас і Псіхея» (Эрос і Псіхея), фільм не захаваўся

1916 — «Дзьве сустрэчы» (Две встречи), фільм не захаваўся

1916 — Le Faune En Laisse, фільм не захаваўся

1916 — Пра што шумела мора (О чем шумело море), фільм не захаваўся

1916 — «Тамань», фільм не захаваўся

1916 — На Варшаўскім гасцінцы (На Варшавском тракте), фільм не захаваўся

1917 — «Пан Твардоўскі» (Пан Твардовский), фільм не захаваўся

1917 — «Сашка-коньнік» (Сашка-наездник), фільм не захаваўся

1917 — «Да народнай улады»

1918 — «Каліостра» (Калиостро)

1918 — «Масоны» / «Вольныя муляры» (Масоны / Вольные каменщики), другая частка «Каліостра»

1918 — «Ёла» (Йола), фільм не захаваўся

1918 — «Вій» (Вий), фільм не захаваўся

1918 — «Сарачынскі кірмаш» (Сорочинская ярмарка), фільм не захаваўся

1918 — «Травеньская ноч» (Майская ночь), фільм не захаваўся

1918 — «Зорка мора» (Stella Maris), фільм не захаваўся

Віленскі габрэй Савецкага Саюзу

posterАбрам Роам нарадзіўся 28 чэрвеня 1894 году ў Вільні ў габрэйскай сям'і. У 1914-17 гадох ён навучаўся ў Пэтраградзкім псыханэўралягічным інстытуце, а з 1917 па 1922 – у Саратаўскім мэдычным унівэрсытэце. Адначасова Роам працаваў у Саратаўскім аддзеле мастацтваў выкладчыкам – і рэжысэрам у Паказальным і Дзіцячых тэатрах. З 1923 году Роам стаўся рэжысэрам тэатру Рэвалюцыі ў Маскве, дапамагаў Мэерхольду ставіць “Возера Люль”.

Роам не ўцякаў з Савецкага Саюзу, але ягоныя фільмы сьведчыць пра радыкальную несавецкасьць – і нагадваюць пра традыцыю, якая заставалася на Віленшчыне. Шматкультурная выкшталцонасьць, эўрапейскі позірк, арыстакратызм…

У карціне 1927 году “Пацалунак Мэры Пікфард” Абрам Роам, які ўваходзіў у “вялікую пяцёрку савецкага кіно”, зьяўляецца ў кадры ў ролі… рэжысэра. Годная постаць, жэсты, якія ня маюць нічога агульнага з “пралетарскім калектывізмам” і сялянскім выцьцём пра тутэйшую немач.

Абрам Роам (Роом Абрам Матвеевич), 28 чэрвеня 1894, Вільня — 26 ліпеня 1976, Масква
Фільмаграфія

Але першая ігравая стужка Роама “Бухта сьмерці” (1926), нягледзячы на абавязковы рэвалюцыйны патас, спрачалася з “Браняносцам “Пацёмкіным”. Годнасьць чалавечых пачуцьцяў, культура кадру… і нешта яшчэ.

Талент Роама напоўніцу выбухне у нямым шэдэўры “Трэцяя Мяшчанская” 1927 году. Сцэнарыст Віктар Шклоўскі прапаноўваў сюжэт Юрыю Тарычу, але той адмовіўся. У фільме Роама жанчына не хавае палюбоўніка ад мужа – і ўсе жывуць утраіх. Калі гераіню адсылаюць “рабіць аборт у складчыну”, яна зьяжджае з Трэцяй Мяшчанскай разам са сваім ненароджаным дзіцём.

Скандальны сюжэт (узяты з газэтаў) – Шклоўскага таксама папракалі за нетактоўнасьць да Брыкаў і Маякоўскага – пракатныя назвы “Любоў утраіх”, “Канапа і ложак”… Але цнатлівасьць, псыхалягізм, незвычайны арыстакратызм кадру, малімонная раскоша, блізкая да кінасьненьняў Жана Както.

Хаця ў фільме зьяўляецца партрэт Сталіна, сучасныя крытыкі называюць “Трэцюю Мяшчанскую” адным з сама антысавецкіх фільмаў. Калі ў 90-ых карціну Роама ізноў паказалі на Захадзе, эўрапейцы прызналі яе сучаснаю і сваёй.

Карціна “Прывід, які не вяртаецца” (1929), увогуле, зьнятае па навэлі Анры Барбюса. Вязьня выпускаюць на 24 гадзіны, і, калі ён ня вернецца, яго заб’е шпег. Турма ў фільме нагадвае позьнія кінакашмары Гадара і трызьненьні філёзафа Мішэля Фуко (папулярнага ў сучаснай Эўропе).

Але сама таямнічы фільм Роама – “Суворы юнак” 1936 году, вядомы таксама, як “Камісар побыту”, “Дыскабол” і… “Чароўны камсамолец”. Карціна здымалася на Ўкраіне па сцэнару Юрыя Алешы. Дзеяньні адбываюцца ў ідэальным “савецкім” прышлым, герой-камсамолец закаханы ў жонку прафэсара; той – мізэрны ганарлівец. Партрэты Маркса-Энгельса-Леніна-Сталіна, гутаркі пра камунізм, але… ніякага камунізму. Дзяўчына прапаведуе Ніцше (!), героі нагадваюць антычныя статуі, дзівосныя карункі жалезнага плота, сьненьні, якім пазайздросьцілі бы праскія магі й нямецкія экспрэсіяністы.

Такога эўрапейскага дэкадансу Роаму дараваць не маглі: карціна імгненна была забаронена, над жыцьцём рэжысэра навісла пагроза.

З таго часу ён стаў вельмі абачлівым. Але нават у адыёзныя ідэалягічныя фільмы 50-ых (“Срэбны пыл” дый “Суд гонару” пра выхаваньне навукоўца-касмапаліта (!) – Роам уводзіў адзеньне, твары і жэсты, якія былі зусім не савецкія. У вайсковым фільме “Нашэсьце” (1944) – адзін з герояў – былы рэпрэсаваны (!) крымінальнік, а статная маці героя (Вольга Жызьнёва) зрабіла бы гонар любой карціне пра шляхту.

Апошнія, дыямэнтавыя стужкі Роама 70-ых гадоў паводле Купрына, Чэхава, Горкага (“Гранатавы бранзалет”, “Кветкі запозьненыя”, “Дачасны чалавек”), здаецца, цалкам улучаюць нараджэнца Віленшчыны ў расейскую культуру. Але культурная празьмернасьць, нетутэйшасьць, пекнае шляхоцтва, карані якога істаялі – гэта адбітак Княства, пра якое мы ўсе забылі.

Вялікае Княства сышло, але падаравала апошніх ліцьвінаў кінэматографу Старэвіча і Роама. У іхніх творах дзівосы, культурніцкая насычанасьць, арыстакратызм, эўрапейскайсьць – і далікатнасьць адыходнае велічы.

Фільмаграфія Абрама Роама (часткова):

Рэжысэр:

Энцыкляпэдыя расейскага кіно

1924 Гонка за самагонкай

1924 Што гаворыць "МОС", гэтае адгадайце пытаньне

1926 Бухта сьмерці

1926 Чырвоная Прэсьня, разам з Л.Шэферам, А.Перагудай, Л.Мурам

1926 Здраднік

1927 Габрэі на зямлі (дакументальны)

1927 Трэцяя Мяшчанская (Третья Мещанская)

1927 Выбоіны

1929 Прывід, які не вяртаецца

1930 Гукавая зборная праграма №1 (дакументальны, анімацыйны, фільм-канцэрт) у сюжэтах "Пяцігодка", "Тып-топ — гукавы вынаходца" (разам. з Г. Леўкоевым)

1930 Маномэтр-1

1931 Маномэтр-2

1936 Суворы юнак (Строгий юноша)

1939 Эскадрыльля № 5

1940 Вецер з Усходу

1942 Тоня (у Баявым кіназборніку “Нашы дзяўчыны”)

1944 Нашэсьце (Сталінская прэмія II ступені, 1946)

1946 У горах Югаславіі

1948 Суд гонару (Сталінская прэмія I ступені, 1949)

1952 Школа зласлоўя

1953 Срэбны пыл

1956 Сэрца б'ецца ізноў

1964 Гранатавы бранзалет

1970 Кветкі запозьненыя

1971 Дачасны чалавек

Сцэнарыст:

1924 Што гаворыць "МОС", гэтае адгадайце пытаньне, аўтар сцэнару, аўтар вершаваных надпісаў

1926 Вецер, разам з М. Салтыковым

1927 Трэцяя Мяшчанская, разам з В.Шклоўскім

1927 Выбоіны, разам з В.Шклоўскім

1930 Гукавая зборная праграма №1 (дакумэнтальны, анімацыйны, фільм-канцэрт) аўтар сцэнару сюжэтаў "Пяцігодка" (разам. з У. Легошыным), "Тып-Топ — гукавы вынаходца" (разам. з Г. Леўкоевым)

1964 Гранатавы бранзалет, разам з А. Гранбэргам

1970 Кветкі запозьненыя

1971 Дачасны чалавек

1977 Ворагі

Кампазытар:

1970 Кветкі запозьненыя, муз. распрацоўка

1971 Дачасны чалавек, муз. распрацоўка

Актор:

1927 Пацалунак Мэры Пікфард

Мастацкі кіраўнік:

1956 Справа №306

1958 На графскіх развалінах

Кінатэрміны

Кінападзеі

Усе фільмы

Кінатворцы

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?