Праваслаўныя адзначылі дзень шанаваньня Менскай іконы Божай Маці. Сама ікона знаходзіцца ў Менскім катэдральным саборы. Адпаведна легендзе, яна зьявілася ў Менску ў 1500 годзе - цудоўна прыплыла з Кіеву супраць плыні ракі і,такім чынам, стала знакам асаблівай Божай міласьці да гораду. Таму на гербе Менска, як вядома, і прысутнічае вобраз Божай Маці. На адным з старадаўніх варыянтаў гербу яна так і намалявана – ідучы па вадзе.

Але зараз я ня зусім пра гэтае сьвята. І нават не пра Менскую ікону. А пра выключна сучасную зьяву. Можна сказаць, што гэта працяг разважаньняў пра “Усход-Захад”.

Раней я неаднаразова чуў, што праваслаўныя іконы апошні час сталі вельмі папулярнымі на Захадзе. Бачыў і сваімі вачыма немалую іх колькасьць ў асартымэнце касьцёльных кіёскаў. Але гэта ў нас. У нас гэта можна сьпісаць проста на ўзаемны ўплыў побач існуючых канфэсій. Зусім іншая справа, калі падобнае бачыш у краіне, дзе каталіцтва дамінуе падаўляльна. Вось, напрыклад, як выглядае вітрына каталіцкай крамы, якая выпадкова мне трапілася на вочы ў Варшаве:

Праваслаўныя іконы займаюць тут абсалютную большасьць месца. Можа ўсё ж і Варшава не так далёка ад нас? Але вось я ўжо на іншым баку Эўропы. Сабор Нотр-Дам у Парыжы. Вось першае, што я пабачыў, калі ўвайшоў ў гэтую адну з буйнейшых і сымбалічных сьвятыняў Захаду:

На сьцяне за турыстычнай лаўкай чамусьці толькі адна ікона. І ня толькі праваслаўная, але нават руская – Уладзімірская. Пры ўваходзе, быцам візытная картка.

Калі потым я пытаўся на гэты конт ў французаў, яны пацьвердзілі, што і праўда – праваслаўная ікона карыстаецца папулярнасьцю на Захадзе. І нават ня толькі сярод каталікоў, але і пратэстантаў некаторых дэнамінацый. Гаворка ідзе, зразумела, не пра афіцыйнае, а пра прыватнае ўжываньне. Што гэта, проста мода? Так, бывае, што Захад захлёствае нейкая мода на “духоўную містыку” з Усходу. Большай часткай нават з больш далёкага Усходу, чым праваслаўе. Але калі гэта і мода, то яна нешта ж і адлюстроўвае. Не пабаюся сказаць – нейкі голад, які ня можа здаволіцца мясцовай традыцыяй.

Так што жа ёсьць такое іконе, што робіць яе такой характэрнай менавіта для праваслаўя? У свой час заходняя частка Царквы, якая зараз вядомая як каталіцтва, унесла вельмі значны ўклад у барацьбу супраць самых небясьпечных ерасяў хрысьціянства, у тым ліку і супраць іканаборства. Ды і так вядома, што ў каталіцтве, як і ў праваслаўі, вельмі распаўсюджана шанаваньне цудатворных іконаў. Бывае, што адзін вобраз прызнаецца цудатворным і праваслаўнымі, і католікамі. Як, напрыклад, іконы Астрабрамская, Чэнстахоўская, Жыровіцкая…

Але, на жаль, Вялікі раскол адбіўся ня толькі на богаслужбовых традыцыях, але й на дагматычных поглядах і містычным досьведзе. Гэта, дарэчы, робіць вельмі утапічнай ідэю сапраўды роўнай і шчырай уніі гэтых двух галінаў хрысьціянства.

Ікона шануецца і там, і там. Але разуменьне яе не аднолькавае. Праваслаўныя ўспрымаюць ікону больш з погляду вучэньня і малітоўнай практыкі, што адлюстравана ў вучэньні сьвятога 14-га стагодзя Рыгора Паламы. Калі коратка, сутнасьць такая. Бог існуе ня толькі ў недасягальнай для чалавека Існасьці, але і ў энэргіях, якія ўспрымаюцца чалавекам. Гэтыя энэргіі адкрываюцца ў тым ліку і праз ікону. Ікона, такім чынам, разглядаецца як вакно ў сьвет Бога. Ікона служыць ня толькі як сродак лепш пранікнуцца думкамі пра Бога, але Сам Бог зьяўляе Сябе праз ікону ў энэргіях. Такі погляд не зусім ў традыцыях заходняй містыкі, што і адбілася на вядомай спрэчцы Рыгора Паламы з заходнім манахам Варлаамам.

Містычныя практыкі Усходу і Захаду разыйшліся, але душа чалавечая адчувае недастатковасць традыцыі аднаго боку і шукае дапоўненасьці ў іншым баку. Магчыма таму і сярод праваслаўнай моладзі, напрыклад, даволі папулярны заходні манастыр у Тэзэ, дзе яна таксама знаходзіць нейкую дапоўненасьць ў досьведзе духоўнай практыкі, якая страцілася на Ўсходзе.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?