Піша Андрэй Дынько.

Гаворка сёньня мусіць ісьці не пра тое, які правапіс далейшы ад расейскага, ці ў якім менш непасьлядоўнасьцяў, ці які больш палітычна правільны, ці які бліжэйшы да існых дыялектаў. Такі падыход толькі сварыў бы беларусаў між сабою. Гаворка сёньня хай ідзе выключна аб сфэры ўжытку таго ці іншага правапісу. Правапіс – гэта інструмэнт мовы.

Выступаю тут як выдавец, як працаўнік адзінага на сёньня выдавецтва (“Наша Ніва\“АRCHE”), якое пасьлядоўна выкарыстоўвае клясычны правапіс.

Так, за 20 гадоў абсяг ужытку клясычнага правапісу ня стаў вялікі. Цікава, што нават часопіс “Спадчына”, намесьнікам рэдактара якога працуе кадыфікатар клясычнага правапісу Вінцук Вячорка, перайшоў на афіцыйны правапіс (па чым ціха прыпыніў сваё існаваньне). Затое ў Інтэрнэце клясычны выкарыстоўваюць два самыя папулярныя сайты на беларускай мове — радыё “Свабода” і nn.by, а агульная колькасьць тэксту клясычным правапісам у Нэце перавышае колькасьць тэксту афіцыйным. Каб пераканацца ў гэтым, досыць увесьці ў пошукавік, напрыклад, “сёньня” і “сёння”.

І хоць гэта ад таго, што пакуль толькі некалькі працэнтаў насельніцтва карыстаюцца інтэрнэтам, што чытач “Звязды” і “Настаўніцкай газеты” яшчэ ня выйшаў у Нэт, гэта яскрава паказвае, да якога правапісу хіліцца актыўны беларускамоўны чалавек у сытуацыі свабоднага выбару.

Так, клясычны правапіс ня стаў прыняты ў якасьці ўсеагульнага, кансэнсуснага прынцыпу беларушчыны. Мова, бел-чырвона-белы сьцяг, “Пагоня” прыняліся, а правапіс застаецца адным з найменш засвоеных. Не прыжыўся “этэр”, ня звыкся “валянтэр”, рэдка хто піша “філёляг”.

Ёсьць віна пратаганістаў праекту: правілы перапрацоўваліся 15 гадоў, слоўніка пад яго ня маем дагэтуль, граматыкі ня маем, і гэта стварае пэўныя цяжкасьці ў нашай выдавецкай дзейнасьці. Сярод іншага, у будучыні гэта будзе ствараць ускладненьні ў знаходжаньні беларускага тэксту пашукавікамі.

Як выдаўцы, мы зацікаўленыя ў пасьлядоўнасьці культурных стратэгій незалежнага грамадзтва і ў адкрытасьці беларускай культуры. Беларушчына будзе нармальна разьвівацца тады і толькі тады, калі на ёй будуць стварацца вартыя ўзоры высокай культуры, як пісаў В. Булгакаў. Калі мы паставім пытаньне так: які інструмэнт спрыяе таму, каб такія высокія кшталты культуры ствараліся, наркамаўка ці тарашкевіца? Мой адказ будзе: бяз розьніцы.

Зараз некалькі заўваг на палях тэксту Сяргея Богдана.

Калі пераход да адзінага правапісу як сродак выратаваньня папяровай “Нашай Нівы”, відаць, яшчэ можа быць зразуметы, дык прапанова цалкам перайсьці ўсім на адзіны правапіс, навязваны дзяржавай, у прынцыпе выглядае слаба абгрунтаванай”, — піша Сяргей Богдан.

Не пагаджуся. Пераход на адзіны правапіс можа быць абгрунтаваны толькі стратэгічнымі задачамі — палепшыць камунікацыю інтэлігенцыі з шырокім грамадзтвам, адолець расколы і адкінуць інструмэнты беларускай культуры, якія не прыжыліся. Калі гэта трэба — тады можна гаварыць пра пераход на адзіны правапіс. Аднак у тактычных мэтах, дзеля ціску ўладаў (якога пакуль няма) ці іншых кароткатэрміновых задачаў пакідаць традыцыю няможна.

Я б сказаў так: калі мы лічым, што пераход на адзіны правапіс палегчыць камунікацыю інтэлігенцыі з грамадзтвам (сёньня сем зь дзесяці сумленных інтэлектуалаў аддаюць перавагу клясычнаму правапісу, але толькі для дваіх з сотні беларусаў чытаньне клясычным правапісам не ўяўляе складанасьці), калі мы лічым магчымым пашырэньне ўплыву беларускага незалежнага грамадзтва ў пэрспэктыве бліжэйшых 15—20 гадоў, трэба пераходзіць на адзіны. Калі мы не спадзяемся пашырыць уплыву ў бліжэйшыя дзесяцігодзьдзі, калі галоўнае на сёньня не пашырэньне ўплыву, а захаваньне чысьціні ідэі, тады трэба заставацца пры клясычным правапісе як прынцыпе, хоць яго ўжытак будзе абмяжоўваць выкарыстаньне тэкстаў у паўсядзённай практыцы.

Гаворка ў любым разе пра выбар інструмэнта, і ня больш.

Колькі адсоткаў дзяржаўных пасадаў, колькі адсоткаў субсыдыяў і колькі адсоткаў этэрнага часу атрымае нацыянал-дэмакратычны рух за тыя ці іншыя саступкі?” — пытаецца Сяргей Богдан.

Гэта няправільнае разуменьне пазыцыі С. Дубаўца. Ён заклікае не да аб’яднаньня з рэжымам, а да таго, каб эфэктыўней змагацца з лукашэнкаўцамі за ўплыў на грамадзтва.

Сёньняшнія пляны ўладаў нагадваюць пляны расейскай імпэрскай адміністрацыі перавесьці летувісаў на кірыліцу. Але там не было носьбітаў кірыліцы, а ўсе пісьменныя людзі карысталіся ў літоўскай лацініцай”.

Істотная памылка, калі падыходы стогадовай даўніны некрытычна пераносяцца на сёньняшні дзень. Тады сялянскія масы былі неасьвечанымі і пазбаўленымі нацыянальнымі ідэнтычнасьці, сяляне былі данацыянальнай, у сваёй большасьці, супольнасьцю. Цяпер людзі валодаюць ня толькі пэўным правапісам, але і пэўнай ідэнтычнасьцю, і гэта іншая сытуацыя. Прытым варта нагадаць, што і ў 1911 годзе “Наша Ніва” шляхам апытаньня чытачоў выбрала адзіны правапіс — кірыліцу, адмовіўшыся ад лацінкі.

Што да разуменьня тарашкевіцы народам, ёсьць даўні прыклад тарашкевічнай “Свабоды” зь яе фантастычным як на сёньня накладам пачатку 1990-х”.

Тут мушу разьвеяць адзін устойлівы міт. Фантастычны наклад “Свабоды” (“агульны наклад 90 000, першы завод 43 000”, пісалася ў выходных зьвестках газэты) быў піяр-крокам геняльнага рэдактара І. Герменчука. Рэальна наклад “Свабоды” ніколі ня быў вышэйшы за 43 тысячы, гэта значыць 6 % ад накладу тагачаснай “Народнай газеты” і 21 % ад накладу “Звязды” – тады час быў такі, што газэты чыталі масава, і па-беларуску чыталі масава.

Дарэчы, украінцы таксама маюць сваю тарашкевіцу. У іх яна называлася “скрыпнікаўка”. Аднак ад 80-х у масавых СМІ і ў масавай палітычнай агітацыі яны выкарыстоўвалі толькі школьны правапіс і не саромеліся гэтага. Напэўна, у Беларусі сталася іначай ад таго, што беларускі нацыянальна-дэмакратычны рух меў вузейшую сацыяльную базу, і літаратары і філёлягі складалі сярод ягоных лідэраў у канцы 80-х большы адсотак. Ва ўкраінцаў дагэтуль клясычным правапісам выходзяць толькі некалькі інтэлектуальных часопісаў і дыяспарных газэтаў.

А вось беларусы на клясычны перайшлі, і традыцыя ўтварылася, стала фактам.

Таму трэба чым хутчэй спыніць спрэчкі пра абы-што, перавесьці пры патрэбе папяровыя выданьні на той правапіс, якім іх дазволяць друкаваць”.

Незалежнае грамадзтва ня можа дазволіць сабе гуляць на ўмовах праціўніка. Калі пераходзіць ці не пераходзіць – дык у апошнюю чаргу таму, што хтосьці дазволіць ці не дазволіць, а ў першую чаргу з думкаю пра тое, у чым мы бачым больш карысьці, больш шанцаў для беларускай культуры. Хай ціснуць — цьвярдзейшымі будзем. Аднак калі мы бачым у нечым большы шанец для разьвіцьця нашай культуры, яе пашырэньня — тое і мусім выбіраць.

Варта яшчэ зазначыць, што гаворка тут і цяпер ідзе не пра адмову ад традыцыі ці нейкі іншы пераварот, а, відаць, толькі аб правапісе двух найбуйнейшых, разьлічаных на масавую аўдыторыю беларускамоўных рэсурсаў – “Нашай Нівы” і радыё “Свабода”, аб правапісе кніг, разьлічаных на школьную аўдыторыю, і правапісе палітычнай агітацыі.

Такія рашэньні можна прымаць толькі ў залежнасьці ад выбару чытачоў “Нашай Нівы”, nn.by і svaboda.org, а таксама аўтарытэтаў, да якіх сёньня мы адносім найперш былых і цяперашніх палітвязьняў, і, самае галоўнае, такія рашэньні трэба прымаць па сытуацыі. Без дагматызму, але і без тармасы, бяз кіданьняў зьлева ўправа.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
1
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?