МЯСНЫ ФІЛЬМ

ХОСТЭЛ (Hostel)
ЗША, 2005, каляровы, 94 хв.
Рэжысэр: Элі Рот
Ролі выконваюць: Джэй Гэрнандэз, Дэрэк Рычардсан, Эйтар Гудйонсан, Барбара Недэлякова, Ян Власак, Яна Кадэрабкова, Джэніфэр Лім, Такашы Мііке
Жанр: Фільм жахаў (Мясны фільм)
Мастацтва / Страх: 7 / 8. Толькі з 18 гадоў

posterТрое юнакоў вандруюць па Эўропе ў пошуках сэксуальных прыгодаў. Іх запрашаюць у славацкі хостэл, не пазначаны на студэнцкіх картах. Героі ў захапленьні, бо адразу знаходзяць прыгожых і вельмі разьняволеных дзяўчатак. Але гэта толькі прынада для недарэкаў.

Наведвальнікі хостэлу – мяса для забойства й катаваньняў…

Элі Рот сьцвярджае, што шкуматальніцкі фільм заснаваны на сапраўдных падзеях. У сеціве рэжысэр быццам бы знайшоў тайскі сайт, які прапаноўваў за 10 тыс. даляраў закатаваць і забіць чалавека. Элі Рот распавёў пра гэта Квэнціну Тарантыну – пасьля чаго яны склалі сцэнар карціны (Тарантына таксама стаўся прадусарам).

Фільм, які распачынаецца, як маладзёвая камэдыя – стаецца крывавым шкуматаньнікам з сацыяльным падтэкстам. (Хаця ляпы, што тычацца Ўсходняй Эўропе, зводзяць гэты падтэкст на нішто).

Жудасная фабрыка сьмерці здымалася ў былым будынку праскай вар’ятні. Месца было настолькі вусьцішным, што Элі Рот запрасіў музычны квартэт, каб зусім не ашалець.

Брудныя муры, жалезныя дзьверы, электрапілы, аграмадныя нажніцы… Расьсечаныя жылы, падвешанае вока, дрыготкія рукі ката.

Дуэт Элі Рота й Тарантына вывеў шкумацьцё на шырокую міжнародную аўдыторыю.

posterХОСТЭЛ ІІ (Hostel: Part II)
ЗША, 2007, каляровы, 93 хв.
Рэжысэр: Элі Рот
Ролі выконваюць: Лоўрэн Джэрман, Роджэр Барт, Хізэр Матараца, Біжу Філіпс, Рычард Баргі, Вера Ярданава, Джэй Гэрнандэз, Эдвіг Фенэк, Люк Мерэнда, Руджэра Дэадата
Жанр: Фільм жахаў (Мясны фільм)
Мастацтва / Страх: 6 / 8. Толькі з 18 гадоў

Трох сябровак заманілі ў Славакію, спакусіўшы тэрмальнымі крыніцамі і сьвятам Дажынак. Гераіні трапілі ў хостэл і сталіся ахвярамі міжнароднай банды катавальнікаў…

Замест трох хлопчыкаў зь першай часткі – тры дзяўчынкі. Герой Джэя Гэрнандэза, які ўцёк з фабрыкі сьмерці, зьяўляецца на пачатку карціны – каб адразу пазбавіцца галавы. (Гэны трафэй – разам з галовамі рэжысэра Элі Рота й прадусара Квэнціна Тарантыны – будзе выстаўлены ў тайніку злачыннай арганізацыі.)

Элі Рот паказвае мэханізмы катавальніцкага падпольля: гераіні выстаўляюцца на аўкцыён, офісныя клеркі прымяраюць на сябе ролю “сэрыйных” Раскольнікавых, іх грызуць сумневы – і дагрызаюць сабакі. Гаспадар скардзіцца, “мяса” праяўляе ініцыятыву – але складаная дыялектыка ахвяры й ката вырашаная на ўзроўні энэргічнага штампу, папамножанага на крывавае шкумацьцё. Падвешаную дзяўчынку расьсякаюць касой, у былога ката адразаюць мужчынскую годнасьць, дзеткі граюць у футбол галавой…

Сярод запрошаных гасьцей – зорка эксплюатацыйнага кіно 70-ых Эдвіг Фенэк, герой gialli Люк Мерэнда, тата італьянскіх канібалаў – Руджэра Дэадата (у ролі канібала).

Але гэта не вялікае шчасьце для гледача, закатаванага агідай у крывавых дозах.

Сэансы ў менскіх кінатэатрах.

ШКУМАТАНЬНІК, ШКУМАЦЬЦЁ ці МЯСНЫ ФІЛЬМ, МЯСА (анг. gore) – 1) звышкрывавы паджанр фільмаў жахаў, пабудаваны на самадастатковым масавым гвалце: адсечаных руках, нагах, вырваных языках, выпатрашаных целах і г.д. (шкуматаньнік, альбо мясны фільм). 2) у карціне шмат крыві й гвалту, незалежна ад жанравай прыналежнасьці (шкумацьцё, альбо мяса).

1) Шкуматаньнік, альбо мясны фільм. Першым мясным фільмам лічыцца карціна Гершэла Гордана Льюіса “Крывавы банкет” 1963 году пра шалёнага гандляра, які расчляняе прыгажуняў, каб прысьпешыць прышэсьце Іштар. У чарговае стужцы трэш-рэжысэра “2000 маньякаў!” (1964) жыхары мястэчка-прывіда з асалодаю катуюць турыстаў (фільм паўтораны ў 2006 годзе, як “2001 маньяк!”).

Але паваротная кропка у гісторыі шкуматаньнікаў – стужка 1974 году “Тэхаская разьня бэнзапілой” Тоўба Хупэра. Вязкі, гістэрычны фільм малавядомага выкладчыка каледжу выклікаў шок – і меў тры працягі.

Сярод знакавых мясных стужак – “Пагоркі маюць вочы” 1977 году Ўэса Крэйвэна (амэрыканскімі крытыкамі ўключаны ў сьпіс 1001 найлепшых фільмаў). А хуліганскі фільм Пітэра Джэксана “Жывая мерцьвячына” (1994) вырашаны, як постмадэрновая камэдыя высьпяткаў, дзе замест тартоў у твар – выдраныя вынтробы, а замест аплявух – газонакасілка для рук і ног.

У апошняе дзесяцігодзьдзе ствараюцца паўторы, крывавейшыя за арыгіналы: “Пагоркі маюць вочы” (2006), “Тэхаская разьня бэнзапілой” (2003). Здымаецца й папярэднік “Тэхаская разьня бэнзапілой: пачатак”(2006).

Францускі рэжысэр Аляксандар Ажа ставіць стужку “Крывавая жатва” (2003).

Даць новае дыханьне шкуматаньнікам паспрабаваў Элі Рот (“Хостэл”, “Хостэл ІІ”). Да сучаных мясных фільмаў можна аднесьці й “Пілу”, 2004 г. (маюцца й два працягі).

Дакладна вылучыць мясныя фільмы з расьсякальнікаў немагчыма. Але ў мясных фільмах забойствы зьдзяйсьняюцца калектывам, і антыгерой ня проста маньяк, а “фабрыка сьмерці”: месьцічы-прывіды (“2000 маньякаў!”), сямейка канібалаў (“Тэхаская разьня бэнзапілой”, “Пагоркі маюць вочы”), патаемны катавальніцкі клюб ("Хостэл").

А калі забойца й самотны, то гэта кампэнсуецца ягоным “фабрычным” абсталяваньнем: бэнзапілой (“Крывавая жатва”), газонакасілкай (“Жывая мерцьвячына”), прадуманай сыстэмай масавых самакалецтваў (“Піла”).

2) Шкумацьцё, альбо мяса зьявілася на экране адразу па зьяўленьні кіно. Яшчэ кінэтаскоп Эдысона прапаноўваў гледачам сцэнку забойства Марыі Сьцюарт. Першыя мясныя сцэны былі зьвязаныя з гіньёлем і кірмашова-гратэскнай стыхіяй.

У 20-ыя гады мяса сталася сьцягам кінаавангарду (сюррэалістычны “Андалузкі сабака” і “Залаты век” Луіса Бунюэля). У “Страйку”, “Браняносцы “Пацёмкіну” і “Кастрычніку” Сяргей Эйзэнштэйн выкарыстоўваў шкумацьцё для прапаганды рэвалюцыі. (З-за выбітага вока й чарвей у мясе брытанскія цэнзары аднесьлі “Браняносец “Пацёмкін” да… хорараў.) Сцэнку забойства быка (“Страйк”) працытуе Фрэнсіс Копала ў “Апакаліпсісе сёньня” (1979).

У 30-40-ыя шкумацьцё паўсюдна зьнікае з экранаў, але квітнее ў палітычнае практыцы.

Дакумэнтальная стужка “Кроў жывёлаў” (1949) аднаго з заснавальнікаў францускай Сінэматэкі Жоржа Франжу паказвае шкумацьцё паэтычна й сюррэальна.

Пасьля карцінаў Гершэла Льюіса, мяса запанавала ў амэрыканскім трэшавым кіно (з 70-ых гадоў лідэр – студыя “Трома”).

Джордж Рамэра ўвёў шкумацьцё ў сацыяльна-апакаліптычныя фільмы пра зомбі (“Ноч жывых мерцьвякоў”, “Досьвіткі мерцьвякоў”, “Дзень мерцьвякоў”, “Зямля мёртвых”; 1968-2005). А Сэм Рэймі надаў зомбі-мясу камэдыйнае адценьне (“Злобныя мерцьвякі 1-3”; 1982-93).

З 70-ых гадоў эўрахорар, найперш – лацінскі, актыўна выкарыстоўвае мясныя тэмы. Гэта стужкі пра канібалаў: “Апраметная канібалаў” (1979) Руджэра Дэадата, “Канібалы” (1981) Умбэрта Ленцы; зомбі-фільмы Лючыа Фульчы: “Зомбі” (1979), “Горад жывых мерцьвякоў” (1980), “Сёмая брама пекла” (1981). Выкшталцона-эстэтызаваны гвалт - прэрагатыва фільмаў Дарыё Арджэнта. На мяса працуюць Джэс Франка, Арыстыдэ Масачэзы, Бруна Матэі, Серджыа Марціна.

Дакумэнталіст Гуальціера Якапэці стварае жанр “сабачых” фільмаў з атракцыённымі сцэнамі біялягічных удараў: “Сабачы сьвет 1-2”, “Бывай, Афрыка”, “Бывай, дзядзя Том” (1962-1971).

Насычаны мясам акультна-дэманічны фільм брытанскага стваральніку панкоўнага гвалту Клайва Баркера "Паўсталы зь пеклу" (1987; і яшчэ сем частак да 2005).

Выключнай крывавасьцю вылучаецца шкумацьцё ў азіяцкім кіно. Трэш-авангардовыя стужкі Коджы Вакамацу, эксплюатацыя гвалту Такашы Мііке, антыўтопія гвалту Кінджы Фукасаку (“Каралеўская бітва”, 2000).

Пасьля таго, як Квэнцін Тарантына скарыстаў сюжэт стужкі Коджы Вакамацу “Анёлы ў экстазе” (1972) ў карціне “Шалёныя сабакі”(1992) – “высокае” мяса было ўзаконенае ў самых прэстыжных аўдыторыях Амэрыкі й Эўропы. А трыюмф “Крымінальнага чытва” (1994) – узмацніў гэты статус.

Тарантына працягваў пазычаць азіяцкае шкумацьцё (“Забіць Біла 1-2”, 2003-04), а пад ягоным кіраўніцтвам Канскі фэст 2003 году аддаў Гран-Пры жорсткай карэйскай стужцы “Олдбой” (рэжысэр Парк Чан-Вук: трылёгія помсты 2002-05; “Тры экстрымы”, 2004 – разам з Такашы Мііке і Фрутам Чанам).

Пасьля фэстывальнай легалізацыі мяса, Галівуд паўтарыў старыя шкуматаньнікі – і стварыў новыя (“Хостэл”, “Піла”); а трэшавае мяса пераводзіцца ў рэгістар высокай культуры (“Грайндгаўз” , 2007).

У беларускім кіно мясам вылучаюцца такія розныя карціны, як “Ідзі і глядзі” (1985) Элема Клімава (сур’ёзны вайскова-філязофскі твор паводле раманаў Алеся Адамовіча) – і прапагандовыя фільмы (1995-2006) Юрыя Азаронка, пастаўленыя як найгоршы афіцыёзны трэш.

Блізкія тэрміны: РАСЬСЯКАЛЬНІК, ТРЭШ, ФІЛЬМЫ ПРЫГОНУ, ШОКПРЫГОН, ШАКУМЭНТАЛЬНЫ ФІЛЬМ, “САБАЧЫ” ФІЛЬМ, ГІНЬЁЛЬ, АТРАКЦЫЁН, БІЯЛЯГІЧНЫ ЎДАР, ПАНКОЎНЫ ГВАЛТ

Кінатэрміны

Кінападзеі

Усе фільмы

Кінатворцы

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?