Супрацоўніка УКДБ па Віцебскай вобласьці маёра Андрэя Дз. падазраюць у датычнасьці да выбухаў, якія адбыліся ў Віцебску ў 2005 годзе. Такую інфармацыю атрымала інтэрнэт-выданьне «Народныя навіны Віцебску», у якое зьвярнулася маці маёра, Ніна Дз.

Больш за два месяцы Андрэй Дз. знаходзіцца пад сьледзтвам і ўтрымліваецца ў СІЗА ў Менску.

Калі два гады таму на віцебскіх вуліцах прагрымелі два выбухі, кіраўнік дзяржавы прынародна абвясьціў: “Датычных да тэракту ахламонаў затрымалі».

Сапраўды, двум грамадзянам зь Віцебску было прад’яўленае абвінавачваньне ў цяжкім злачынстве. Паўгоду іх трымалі з сьведчым ізалятары, дамагаючыся ад іх прызнаньня. Але, як пазьней высьветлілася, арыштаваныя ніякіх адносінаў да таго, што адбылося, ня мелі.

Пасьля па абвінавачваньні ў датычнасьці да тэрактаў у турму на пэўны час кінулі знанага лідэра апазыцыі Паўла Красоўскага, але мусілі неўзабавае выпусьціць пасьля пратэстаў грамадзкасьці і праваабаронцаў з усяго сьвету.

Затое ў СМІ нядаўна зьвярнулася віцяблянка Ніна Дз.

Сайт «Народныя навіны Віцебску» прыводзіць толькі кароткі зьмест яе ліста:

«Зьвяртаецца да Вас маці маёра УКДБ па Віцебскай вобласьці Дз. А. М. У Генэральнай пракуратуры рэспублікі ў адносінах да майго сына ўзбуджаная крымінальнай справа па арт. 295 ч.3 Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусі… Перад правядзеньнем ператрусу была прад’яўлена пастанова, у якой гаварылася аб выбухах, што адбыліся ў 2005 г.; пры асабістай сустрэчы са мной сьледчы Генэральнай пракуратуры Расолька А.Ф., сказаў, што мой сын Дз. А. М. мае адносіны да выбухаў на плошчы Свабоды ў г.Віцебску ў 2005 г.… Гэтыя абвінавачваньні неабгрунтаваныя. Мой сын — удзельнік групы па расьсьледаваньні падзеяў 2005 г. У ягоным паслужным сьпісе толькі падзякі і ўхваленьні, як на ўзроўні ўпраўленьня, дзе ён служыць, так і ад самога старшыні КДБ Рэспублікі Беларусі».

Супрацоўнікі КДБ карыстаюцца паслугамі сваіх агентаў. Вось маёр Дз. меў “вушы” зь ліку цывільных асобаў. Нехта Г. раней асуджаны за цяжкое злачынства па арт. 295 Крымінальнага кодэксу. Ня так даўно ў ягоным гаражы выявілі выбуховыя рэчывы. Г. на пытаньне, дзе ўзяў, заявіў: «Атрымаў ад свайго куратара з КДБ».

Маёра Дз. ўзялі пад варту ў менскае СІЗА. Правялі ператрусы ва ўсіх ягоных сваякоў, але аніякіх доказаў знойдзена не было. Два месяцы маёр знаходзіцца ў зьняволеньні. Цікава, што гэта здарылася літаральна празь некалькі дзён пасьля выступу кіраўніка дзяржавы аб навядзеньні парадку ў КДБ.

Сваякам, у тым ліку маці, не дазваляюць спатканьняў. Ніна Дз. вельмі занепакоена станам ягонага здароўя, таму што ў сына язва страўніка, ён раней быў праапэраваны, увесь час прымае лекі. Сьледзтва ў сваіх інтарэсах пазбавіла Дз. сустрэчаў са сваякамі, забаранілі нават ліставаньне.

Жонка падазраванага, Натальля Дз. (супрацоўніца юрыдычнага аддзелу Віцебскага гарвыканкаму, што паказальна), гаворыць, што ўжо не шукае справядлівасьці ў дзяржаўных структурах і спадзяецца толькі на дапамогу журналістаў.

Дарэчы, паводле словаў маці арыштаванага, віцебскія афіцэры КДБ на сходзе паручыліся за калегу ў тым, што ён не схаваецца ад сьледзтва, і разбору справы перашкаджаць ня будзе. Але сьледчы з рэспубліканскай пракуратуры быў строгі ў сваім рашэньні. Больш за тое, заявіў Ніне Дз., што яе сын мае адносіны да тэрактаў у Віцебску двухгадовай даўніны.

Асаблівую нотку ўносіць той факт, што маёр Дз. быццам бы ўваходзіў ў склад групы па расьсьледаваньні выбухаў, якія адбыліся ў Віцебску ў 2005 годзе.

Ніна Дз. зьвярталася са скаргамі ў розныя ўладныя структуры. Адказу на свае звароты яна так і не атрымала. Жонка маёра двойчы запісалася на асабісты прыём да Генэральнага пракурора, але чыноўнік яе не прыняў.

Тэрмін утрыманьня Дз. пад вартай працягнулі яшчэ на 2 месяцы. Раней падазраваныя па гэтай справе людзі таміліся ў ізалятары паўгоду.

Хроніка віцебскіх выбухаў

Схема створаная на аснове ілюстрацыі «Віцебск-2002» з сайту denlio.front.ru