Інцыдэнт адбыўся ў часе ібэра-амэрыканскага саміту ў Чылі. Цяпер Чавэс пагражае прыватызаваць усе гішпанскія прадпрыемствы ў Вэнэсуэле.

Прэзыдэнт Вэнэсуэлы Уга Чавэс, яркі прадстаўнік новай хвалі папулістаў, звык распускаць язык у сябе на радзіме ў часе сваіх доўгіх прамоваў, прэс-канфэрэнцый і нарадаў. Тое самае ён сабе дазваляе на міжнароднай арэне.

У часе саміту краінаў Лацінскай Амэрыкі, Гішпаніі і Партугаліі ён перабіў гішпанскага выступоўцу і абрынуўся зь піліпікай на адрас былога прэм'ер-міністра Гішпаніі Хасэ Марыі Азнара. Назваў таго «фашыстам», зьвінаваціў ва ўмяшаньні ў справы Вэнэсуэлы.

Прэм'ер Гішпаніі, сацыяліст і палітычны праціўнік Азнара Запатэра, папрасіў Чавэса быць больш дыпляматычным. Той аднак грымеў сабе далей, як няма нішто. Тады кароль Гішпаніі Хуан Карлас ІІ нахіліўся з-за стала і кінуў Чавэсу ў твар: «А мо заткнешся?» («Por qué no te callas?».)

Чавэс укрыўдаваў не на жарты. За «500-гадовую пыху» ён пагражае прыватызацыяй усіх гішпанскіх прадпрыемстваў у Вэнэсуэле. «Ён мяне зьняважыў і агаліў перад усім сьветам сваю пыху і сваё бясьсільле», — заявіў Чавэс у сераду.

Відэазапіс інцыдэнту можна прагледзець тутака .

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?