Мы спыніліся на тым, што аўтакефалія першых стагодзьдзяў і больш пазьнейшая гэта не зусім тая ж зьява. Зараз я дабаўлю, што сучасная аўтакефалія гэта ўжо ані тая, ані другая. Можа гэта банальна, але трэба нагадаць, што гісторыя гэта працэс, вельмі дынамічны працэс, на працягу якога сэнс і роля звычаяў мінулага значна зьмяняецца. Але мы вельмі паважаем гісторыю і заўсёды шукаем праз яе апэляцыю таго, што нам больш да спадобы. Тым больш, што у гісторыі можна знайсьці ўсё, што заўгодна, а дакладных крытэрыяў слушнасьці атрыманых вынікаў няма.

Аўтакефалія першых стагодзьдзяў узьнікла ў выніку канцэнтрацыі царкоўнай улады. Зразумела, што незалежныя памесныя цэрквы першахрысьціянскай старажытнасьці (у кожным горадзе свая) мелі і розныя памеры, і розны ўплыў на агульны хрысьціянскі сьвет. Пачалі вылучацца самыя буйныя і значныя. Пры чым па розным паказчыкам – як па царкоўнай аўтарытэтнасьці, так і па значнасьці цэнтра ў грамадскім і дзяржаўным жыцьці. Між іншым, адно падтрымлівала другое. Таму ў рэшце рэшт на першы плян выйшлі “апостальскія сталіцы”, якія адпавядалі і тым, і другім крытэрыям. Рым, Александрыя, Антыахія – гэта гарады з буйнай як царкоўнай, так і сьвецкай гісторыяй. Спэцыфічна адрозьніваюцца ад гэтых трох цэнтраў Ерусалім і Канстантынопаль. Ерусалім ня быў ані царкоўным, ані палітычным цэнтрам. Нават і самога Ерусаліма не было, бо ён быў зруйнаваны, а на ягоным месцы імпэратар Адріан пабудаваў новы горад - Элія Капіталіна. Гэты невялікі горад спачатку царкоўна падпарадкоўваўся мітрапалічаму цэнтру – Кесарыі Палестынскай. Але слава Ерусаліма, як месца пакутаў і Ўваскрэсеньня Госпада, прывяла да таго, што эпіскап гэтага горада шанаваўся ўсё больш і больш, пакуль ня стаў у рад буйнейшых царкоўных цэнтраў з тымі правамі, якія і складаюць гэтую самую аўтакефалію.

А вось з Канстантынопалем трохі іншая гісторыя. У гэтага горада не было фактычна ніякай апостальскай гісторыі, хаця б ня ў дзейсным, а мінулым выглядзе, як у Ерусаліма. Уся ягоная “заслуга” толькі ў тым, што гэта была сталіца дзяржавы. І вось на падставе гэтага, як “Другі Рым”, Канстантынопаль быў пастаўлены адразу на другое месца пасьля Рыму, а яго аўтакефалія была фактычна ня столькі незалежнасьць ад іншых царкоўных цэнтраў вырашаць свае унутраныя справы, колькі незалежна ад іншых цэнтраў прадстаўляць Царкву перад імпэратарам. Фактычна гэта ўжо быў пачатак новай аўтакефаліі – аўтакефаліі, якая не існуе без сувязі з сувэрэннай дзяржаўнай уладай. Гэта аўтакефалія, якая асацыіруе сваю незалежнасьць з незалежнасьцю дзяржаўнай. На самой справе, канешне, гэта быў шлях да залежнасьці, не “сам сабе галава”, а “імпэратар ці цар мой галава, а таму больш ніхто”.

Але трэба адзначыць, што поўнага росквіту такая схема ня мела ў Візантыі. І менавіта таму, што ўсё ж былі ў імпэрыі і іншыя самастойныя царкоўныя цэнтры, і як іх не цясьніў царкоўны Канстантынопаль, зусім іх ня ўлічваць было нельга. Доўгі час ня магла зьмірыцца з паціснутым становішчам Александрыя. Па-за вялікімі ерасямі і змаганьнямі з імі ў пэрыяд усяленскіх сабораў безумоўна грала сваю ролю супрацьстаяньне Канстантынопаля і Александрыі.

Іншая рэч аўтакефаліі, што ўзніклі ў іншых краінах проста таму, што незалежная дзяржава не магла разумець сябе незалежнай, калі яе царкоўная ўлада падпарадкоўваецца, хоць і нават даволі фармальна, царкоўнай уладзе іншай дзяржавы, тым больш імпэрыі. Сярэднявечча характарызуецца цеснай сувязьзю рэлігійнасьці і дзяржаўнасьці. Ці было то ў выглядзе цэзарапапізму, ці ў выглядзе папацээзарызму, але было абавязкова. Царква непазьбежна выконвала дзяржаўную ролю, хоць у сэнсе падпарадкаваньня “цэзару”, хоць у сэнсе ўплыву на “цэзара”.І дзяржаўная незалежнасьць не магла быць канчатковай, калі не было незалежнасьці царкоўнай. І незалежнасьці менавіта ў сэнсе незалежнасьці ад “іншага народу”. І, ў адрозьненьні ад Візантыі, тут была адна Царква побач з адной дзяржавай. Гэта азначала поўную залежнасьць ці, дакладней сказаць, узаемазалежнасьць. Бо нават калі б і усталявалася раўнавага, уся роўна Царква аказвалася ў залежнасьці ад патрэбаў сваёй дзяржавы. Хоць ня ў выглядзе грубага прымусу, так ў выглядзе доўгу. Пры чым гэты доўг непазьбежна сакралізаваўся і станавіўся “сьвятым”.

Але сярэднявечча прайшло. Зараз мы жывем у сэкулярным грамадстве. Звычайна з царкоўнага боку прыходзіцца чуць толькі нэгатыўную ацэнку – маўляў, “рушацца ўстоі”, “Царква пазбаўляецца аўтарытэту” і г. д. Але на самой справе менавіта зараз Царква і мае магчымасьць НЕЗАЛЕЖНА дзейнічаць ў адпаведнасьці са сваімі прынцыпамі, а не па заказу ад дзяржавы ці патрэбаў часу. Ад яе не патрабуецца, каб яна адказвала за народ, за краіну, за дзяржаву. Ад яе патрабуецца, каб яна была сама сабой, выконвала сваю Місыю. Але.. Гэта па здароваму сэнсу не патрабуецца. Знаходзяцца і такія, што патрабуюць.Тыя, хто глядзіць у кніжку па гісторыі і ня бачыць вакол сябе рэчаіснасьці. Так, маўляў, было, так і павінна быць.

Але зараз Царква не атрыбут дзяржаўнасьці. Зразумела, канешне, што няма сэнсу трымацца як за нешта сьвятое і за падпарадкаванасьць нейкаму замежнаму цэнтру. Але зусім не актуальна сьпяшацца рваць гэтую падпарадкаванасьць любым коштам. Тым больш, што кошт можа быць вельмі вялікі. Ды нават малага кошту ўсе гэтая палітычныя ініцыяцыі ня вартыя. А падпарадкаванасьць будзе і так непазьбежна слабець, ператвараючыся ў нейкі нядзейсны архаічны атрыбут.

Нават, я думаю, будзе ў падобнае ператварацца і навогул залежнасьць ад любога цэнтру, нават свайго нацыянальнага. Інфармацыйная прастора ўсё больш зьніжае сэнс гіерархічнасьці ў грамадстве. Сам па сабе чалавек становіцца суб’ектам сусьветнага жыцьця. Навошта мне нейкая структура, па якой будзе спускацца нешта для майго ведама, калі я і так сучасьнік і сьведка ўсяго працэсу ў рэжыме он-ляйн? Гэтая ж тэндэнцыя будзе назірацца і ў Царкве.

Проста Царква па сваёй натуры вельмі кансэрватыўная, і яна не рухаецца адразу і зараз. Але прыйдзе час, і паступова, я думаю, і Царква ўсё больш будзе аўтанамізавацца не па тэрытарыяльнаму (тым больш не нацыянальнаму) прынцыпу, а па ўзаемапаразуменьню і братэрству ў маштабе ўсяго сьвету. Пры гэтым аўтанамізацыя будзе насіць не арганізацыйны, а асацыятыўны характар. Жыцьцё кожнай аўтаноміі будзе як на далоні, яе досьвед будзе адкрыты для карыстаньня, яна будзе адчынена для свабоднага ўваходу і выхаду. Ня будзе закрытасьці і ізаляцыянізму, ня будзе прымусу і бюракратыі, а будзе свабодная еднасьць ува Хрысьце.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?