Ёсьць тэмы, асабліва нелюбімыя палітыкамі — і на Ўсходзе, і на Захадзе. Перыфразуючы Кіплінга, у гэтым яны могуць сысьціся. Не, гэта не правы чалавека. Уратаваць лёс чалавека, або нават цэлай групы людзей — ганаровая місія, на якую кіраўнікі заходніх краінаў часам здольныя. Інакш выглядае справа, калі гаворка йдзе пра лёс малой нацыі, праве на самавызначэньне. Як у Косаве, напрыклад. Або ў Тыбэце.

Кіраўніцтва КНР лічыць Тыбэт неад’емнай часткай сваёй тэрыторыі, а ўсе спробы тыбэтцаў вярнуць хоць бы культурную аўтаномію — сэпаратызмам. У хваляваньнях у Лхасе ў 49‑ю гадавіну паўстаньня ў Тыбэце ўлады КНР абвінавацілі тыбэтцаў. Паводле афіцыйнага Пекіна, там загінулі дзесяць чалавек — усе, нібыта, этнічныя кітайцы, тамтэйшыя бізнэсоўцы. Паводле відавочцаў, загінулі дзясяткі людзей — у асноўным, ад рук паліцыянтаў і вайскоўцаў. Сапраўдных зьвестак мы пакуль ня ведаем праз інфармацыйную блякаду. Кітай заблякаваў на сваёй тэрыторыі нават інтэрнэт‑сайт, што разьмяшчае відэаінфармацыю, — YouTube.

Цяжка спрачацца з кіраўніцтвам краіны, насельніцтва якой пераваліла за 1 мільярд 200 мільёнаў чалавек, дзе тэмпы росту эканомікі — сярод самых высокіх у сьвеце і дзе не чакаецца рэцэсія.

Але ўсё‑ткі ёсьць, прынамсі, адзін чалавек, які процістаіць сваім маральным аўтарытэтам магутнай ядзернай дзяржаве, трэцяй паводле тэрыторыі ў сьвеце. Гэта Тэнцзін Г’ямцхо. Ён жа — духоўны лідэр тыбэтцаў і ўсіх будыстаў Далай‑лама, які жыве ў выгнаньні.

14‑я рэінкарнацыя Буды

Убачыць Далай‑ламу мне пашчасьціла некалькі гадоў таму на міжнароднай канферэнцыі ў Празе, скліканай пад эгідай тагачаснага прэзыдэнта Чэхіі Вацлава Гаўла. Многія палітыкі і журналісты, дарэчы, абвінавачвалі яго тады ў тым, што сваім запрашэньнем тыбецкага лідэра Гавэл, нібыта, паставіў пад удар чэска‑кітайскія адносіны…

Але больш запомнілася ня гэта. (Уражаньні ад сустрэчы ўвайшлі ў адзін з разьдзелаў маёй кнігі «Звыклае зло».) Як ні дзіўна, зь цягам часу ўспамін не становіцца больш бляклым. Памятаю, найперш, тое, як Далай‑лама рухаўся ў сваім экзатычным адзеньні — плаўна, велічна і ў той жа час імкліва, так што ахоўнікі і фотакарэспандэнты мусілі амаль бегчы за ім. Запомніўся выраз твару — чымсьці падобнага на тыбецкі сьвятарны манускрыпт — быццам бы безабаронна‑дзіцячы, але, разам з тым, мужны і спакойны.

Такі выраз я потым бачыў у тэлерэпартажах з М’янмы на тварах паўсталых будыйскіх манахаў, які йшлі па вуліцах застылага ад страху Янгону. Ішлі насустрач арыштам і сьмерці. Колькі іх загінула летась ад рук вайскоўцаў — дагэтуль таксама невядома.

Афіцыйны Пекін звыкла абвінаваціў Далай‑ламу ў тым, што ён стаіць за хваляваньнямі ў Тыбеце і ў спробах «раскалоць Кітай». Усьлед за ўладамі да крытыкі далучыўся Панчэн‑лама (другая паводле значэньня асоба ў будыйскай духоўнай ерархіі) Г’ялцэн Нарбу: «Дзеяньні паўстанцаў ня толькі нанесьлі шкоду інтарэсам дзяржавы і народу, але таксама парушылі прынцыпы будызму». Панчэн‑лама выбраны кітайскімі ўладамі, жыве ў КНР і таму вымушаны падтрымліваць камнуістычнае кіраўніцтва. Што да «прынцыпаў будызму», дык гэтыя словы гучаць цікава ў сувязі з тым, што ў Кітаі нядаўна прыняты закон, паводле якога вышэйшыя аўтарытэты будызму павінны ўхваляцца кітайскімі ўладамі.

Варта нагадаць, што Далай‑лама — гэта не пасада. Гэта рэінкарнацыя Буды, бадгісатва. Цяперашні духоўны лідэр — яго 14‑я рэінкарнацыя. Калі Далай‑лама памірае, будыйскія манахі шукаюць прыкметы «маленькага Буды» сярод людзей, якія жывуць блізу месца сьмерці папярэдніка. Праблема ў тым, што цяперашні Далай‑лама ня можа вярнуцца ў Тыбэт. Таму ён выказаў нядаўна думку, што наступны Далай‑лама не абавязкова будзе тыбэтцам і што ён можа быць, насуперак традыцыі, абраны аўтарытэтнымі вернікамі. Прыкладна так, як абіраюць Папу Рымскага. Але ў кожным выпадку, вырашаць гэта павінны самі вернікі, адпаведна законам іх рэлігіі, а не дзяржаўныя чыноўнікі.

У будыстаў няма ерархіі ў звыклым значэньні слова, у іх няма паняцьця «галоўны». Далай‑лама — гэта вышэйшы духоўны аўтарытэт, і прысвоіць яго сабе не пад сілу нават усямоцнай дзяржаўнай машыне.

Вялікае разбурэньне

Далай‑ламу было 19 (на год болей, чым цяперашняму Панчэн‑ламу) калі ён у верасьні 1954 году прыехаў у Пекін у якасьці дэлегата Ўсекітайскага сходу народных прадстаўнікоў. Гэта адбылося праз чатыры гады пасьля камуністычнага ўварваньня ў Тыбэт. У Пекіне з Далай‑ламам шмат разоў сустракаўся Мао Цзэдун, спрабуючы заваяваць сымпатыі маладога духоўнага лідэра.

Аб гэтым пішуць Юн Чжан і Джон Галідэй у сваёй знакамітай кнізе , выдадзенай некалькі гадоў таму на Захадзе (Jung Chang and Jon Halliday «Mao. The Unknow Story»). Яны прыводзяць урывак зь ліста Мао ў адказ на ліст Далай‑ламы, які той прыслаў з Тыбэту ў 1955‑м (тут і далей цыт. паводле расейскага перакладу: «Неизвестный Мао», М., «Центрполиграф», 2007 — В.Т.) «Я часта сумую па тых цудоўных часах, кали Вы былі ў Пекіне. Калі я змагу ўбачыць Вас ізноў?…Я быў такі шчасьлівы, калі ўбачыў пакладзеную ў капэрту тыбецкую кветку…У сваю чаргу, я накіроўваю Вам сваю кветку…»

Але ўжо напачатку 56‑га году, калі завершылася будаўніцтва дарог з цэнтральнага Кітаю ў Тыбэт, абмен кветкамі скончыўся. Мао стаў патрабаваць ад тыбэтцаў прадукты, хацеў забараніць рэлігію. Пачалося паўстаньне, якое цэнтральны ўрад задушыў з дапамогай цяжкой артылерыі і авіяцыі. Але паўстанцы колькасьцю каля 60 тысяч чалавек, у большасці сваёй — вершнікі, прадэманстравалі мужнасьць і ўменьне ваяваць. А самае галоўнае — тыбэтцы, як пішуць Чжан і Галідэй, востра адчувалі сваю самабытнасьць, захоўвалі сваю мову і рэлігію.

10 сакавіка 1959‑году, калі пайшлі чуткі, што кітайцы хочуць выкрасьці Далай‑ламу, у Лхасе ўспыхнула новае паўстаньне. Дэманстранты прайшлі па вуліцах гораду, выкрыкваючы: «Кітайцы, прэч!» Мао дазволіў тады Далай‑ламу ўцячы ў Індыю, бо пабойваўся, што ягонае забойства можа выклікаць хвалю гневу ва ўсёй міжнароднай супольнасьці, асабліва ў будыйскіх краінах.

Паўстаньне было патопленае ў крыві. Першым вынікам камуністычных рэквізыцыяў стаў нечуваны ў гісторыі Тыбэту голад. Пра гэта напісаў у 1962‑м годзе ў сваім лісьце з 70 тысяч словаў Чжоў Эньлаю тагачасны Панчэн‑лама. Падчас наведваньня тыбецкіх раёнаў ён пабачыў, што ў людзей забралі нават посуд. «Тыбэтцы ніколі не былі нагэтулькі бедныя, каб не маглі сабе дазволіць місаў для ежы», — пісаў ён. Але пра самае галоўнае Панчэн‑лам змог напісаць толькі па сьмерці Мао. «15—20 працэнтаў тыбэтцаў, бадай, палову ўсіх дарослых мужчынаў, кінулі ў турмы, дзе яны памёрлі ў выніку непасільнай працы. Зь імі абыходзіліся горш як з жывёламі…Зьверствы суправаджаліся зьнішчэньнем культуры. У рамках разгорнутай кампаніі, афіцыйна названай «Вялікае разбурэньне», жорстка зьнішчаўся тыбецкі лад жыцьця за «адсталасьць, бруд і бескарыснасьць» (тамсама — В.Т.)

«Сьвятарныя манускрыпты пайшлі на арганічныя ўгнаеньні, а з выяваў Буды і сутраў рабілі абутак», — пісаў Панчэн‑лама. Большасьць манастыроў былі разбураныя. Паводле ацэнкі сьвятара, іх колькасьць скарацілася з 2500 ў 1959 годзе да ўсяго 70 ў 1961‑м.

Асаблівым зьдзекам сталася забарона тыбэтцам хаваць памерлых паводле сваіх звычаяў.

О спорт — ты мір!

Падсумоўваючы ўсё гэта, можна сказаць, што ў Тыбэту ня проста забралі нацыянальную незалежнасьць і культурную ідэнтычнасць. У Тыбеце была зьнішчаная цэлая цывілізацыя.

Духоўныя традыцыі Тыбэту, між тым, зрабілі моцны ўплыў у ХХ стагодзьдзі, хоць і ўскосна, на цывілізацыю Захаду. Які нясе сваю долю адказнасьць за лёс тыбэтцаў.

Нягледзячы на хвалю пратэстаў, якая пракацілася ад Эўропы да ЗША да Расеі, ніякія санкцыі Кітаю з боку дзяржаваў «вялікай восемкі», вядома, не пагражаюць. Адзінае, чым заклапочаныя ўлады КНР — дык гэта магчымымі наступствамі падзеяў у Тыбеце для іміджу Алімпіяды‑2008 у Пекіне. Пры канцы сакавіка павінна адбыцца ўрачыстая цырымонія дастаўкі алімпійскага агню на вяршуню Эвэрэсту ў Гімалях, на мяжы з Тыбэтам. На кітайска‑індыйскай мяжы ў сувязі з гэтым узмоцненыя меры бясьпекі, узыходжаньні альпіністаў на самую высокую гару сьвету часова забароненыя.

Так, відаць, у Кітаі разумеюць місію міру, якую закліканыя несьці Алімпійскія гульні.

Чакаць байкоту Алімпіяды з боку Захаду, як гэта адбылося ў 1980 годзе ў Маскве, не даводзіцца. Тады ішла поўнамаштабная вайна ў Афганістане, куды Савецкі Саюз увёў свой «абмежаваны кантынгэнт», чым дэстабілізаваў міжнародную сітуацыю. Сытуацыю ў Тыбеце Захад лічыць унутранай справай КНР, зь якім зусім ня хоча сварыцца.

Цяперашняя Расея менш за ўсіх зацікаўленая ў якіх‑небудзь байкотах — яна заклапочаная ўласнай зімовай Алімпіядай 2014‑га году ў Сочы.

Пра афіцыйны Менск зь яго арыентацыяй на самае шырокае супрацоўніцтва з Пекінам, у дадзеным выпадку няма чаго й казаць.

Ну, а большасьці беларусаў давядзецца быць, як заўсёды, усяго толькі заўзятарамі ды сачыць за хадой будучай Алімпіяды. Урэшце, не перашкодзілі ж зьверствы вайсковай хунты ў Аргэнтыне ў 1978‑м заўзятарам розных краінаў з асалодай назіраць за футбольным чэмпіянатам сьвету.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?