Сёньня Дзень радыё, знаёмы нам яшчэ з савецкага часу. У піку замежніку Марконі мы ганарыліся, што менавіта “наш” Папоў у гэты дзень правёў першы сэанс радыёсувязі.

І вось Радыё ТУТ.BY, якое лічыць гэты дзень сваім прафэсійным сьвятам, хаця менавіта яно ужо зусім не карыстаецца для свайго распаўсюджваньня радыёхвалямі, вырашыла адзначыць падзею асобным, арыгінальным чынам. Ідэя выйшла з таго, што з аднаго боку гэта радыё, а з другога – інтэрнэт. За некалькі дзён да сьвята ў студыю былі запрошаны некалькі чалавек, у той ці іншай ступені вядомых сваёй дзейнасьцю у інтэрнэце. Кожнаму зь іх было прапанавана прачытаць “у прамым эфіры” навіны, якія яны самі ж сабе і падабралі. А потым яшчэ падзяліцца ўражаньнямі. Як аказалася, ніякага “прамога эфіру” і не было. Аб гэтым я, удзельнік экспэрымэнту, даведаўся толькі сёньня. Аказваецца, гэта быў проста зман, каб мы адчувалі сабе як мага больш “па-сапраўднаму”. Не скажу, што вельмі гэта прыемна, але сэнс гэтага я разумею. Хаця можна было аб гэтым сказаць хаця б адразу пасьля “эфіру”... Ці можа казалі, а я прапусьціў міма вушэй?

У эфіры ж мы усё ж будзем – але ў запісу на працягу сёньняшняга дня. Дзякуй хоць за гэта. І за тое, што цэнзуры сапраўды не было. Я асабіста адабраў навіны, якія тычацца палітвязьняў. І сёньняшніх, і ўчорашніх. Пра высылку супрацоўнікаў амэрыканскай амбасады, пра магчымыя тэледэбаты па пытаньню існаваньня палітвязьняў у Беларусі і пра памерлага нядаўна ксяндза Альберта Масальскага, хаця і не прама палітвязьня савецкага рэжыму, але блізка да таго.

Паміж іншага перад эфірам рэдактары пачаставалі мяне кавай, і за кавай адбылася кароткая размова. Я ім выказаў сваю павагу ў сувязі з тым, што ТУТ.BY падае даволі аб’ектыўную інфармацыю, хаця гэта небясьпечна ў нашай краіне. Яны ж распавялі пра тое, што радыё будзе пашырацца, будзе больш тэматычных перадач. Зразумела, кожнаму сваё, а я пра тое, што нядрэнна было б мець перадачу пра рэлігійнае жыцьцё. Не рэлігійную, а менавіта сьвецкую перадачу пра падзеі ў гэтай сфэры грамадзкага жыцьця. Атрымаў дзіўны адказ: “Так будзе ж свая асобная праваслаўная радыёстанцыя!” Я ўжо не кажу, што афіцыйнае “праваслаўнае” радыё гэта зусім не тое, што незалежнае і аб’ектыўнае асьвячэньне рэлігійнага жыцьця ўсіх канфэсій. Дзіўна тое, што гэтая частка жыцьця лічыцца чымсьці маргінальным, якому месца толькі ў сваім загончыку. Нікому ж з рэдактараў радыё ня прыйдзе ў галаву казаць, напрыклад, што мы, маўляў, ня будзем рабіць спартыўныя ці палітычныя праграмы, бо ўжо ёсьць Эўраспорт і Эўраньюс.

Пра акцыю з падкастамі

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?