Maximilien Brice, © CERN

Навукоўцам, што працуюць над Вялікім гадронным калайдэрам, запуск якога адбыўся 10 верасьня, прыходзіць маса электронных лістоў з пагрозамі, піша Telegraph.co.uk. Аўтары пасланьняў пратэстуюць супраць запуску паскаральніка элемэнтарных часьціц. Яны лічаць, што калайдэр не пакіне ані знаку ад нашай плянэты.

Напярэдадні запуску калайдэра спэцыялісты выдалі чарговую афіцыйную справаздачу, каб запэўніць, што гэты навуковы прыбор, нягледзячы на звышпамеры і звышпарамэтры, цалкам бясьпечны:

«Любыя меркаваньні, што ён можа ўяўляць рызыку, — чыстая фантазія. ВГК узнаўляе ў кантраляваных лябараторных умовах сутыкненьні з энэргіяй, меншай, чым у атмасфэры пры сутыкненьні малекул з касьмічнымі промнямі, якія бамбардуюць Зямлю мільярды гадоў… Мы вывучалі магчымасьць зьяўленьня ў ВГКу гіпатэтычных аб’ектаў, такіх як вакуумныя пухіры, магнітныя манаполіі, мікраскапічныя дзіркі і дзівачывы (часьцінкі «дзіўнага рэчыва», якое складаецца з s-кваркаў, англ: strangelet, рас: страпелька) і ня выявілі зьвязанай зь імі рызыкі»

Зрэшты, праціўнікам ВГК ёсьць што запярэчыць навукоўцам. Сёлета 27 траўня ў калайдэры ўжо здарыўся выбух, прычым падчас даволі бяскрыўднага экспэрымэнту. Дзеля невядомай прычыны ў часе выпрабаваньняў выбухнуў адзін з магнітаў, тунэль запоўніўся геліем з сыстэмы ахалоджвання, увесь пэрсанал давялося эвакуяваць.

Ідэя Вялікага гадроннага калайдэра зьявілася ў 1984 годзе, а была афіцыйна ўхваленая толькі празь дзесяць гадоў. Будаваць яго пачалі ў 2001-м. Сёлета 11 і 24 жніўня ўжо праходзілі папярэднія выпрабаваньні канструкцыі. Чаканага Апакаліпсысу тады ня здарылася.

Вялікі гадронны калайдэр збудаваны на стомэтровай глыбіні пад Францыяй і Швайцарыяй, на ўсход ад Жэневы, ля падножжа Юрскіх гор
 . Ён уяўляе зь сябе кальцавы паскаральнік зараджаных часьціц на сустрэчных пучках — уласна, гэта і ёсьць дэфініцыя слова «калайдэр». Вялікай гэтая канструкцыя названая з-за сваіх памераў — 26,7 кілямэтраў. Гадроны — гэта пратоны і цяжкія ядры, якія будуць разганяцца ў калайдэры.

Апошнія некалькі месяцаў паскаральнік ахалоджвалі да працоўнай тэмпэратуры — нечуванага холаду — 1,9 градуса па Кельвіну (-271,25 па Цэльсію). Увогуле, праект ўвесь складаецца зь лічбаў, якія цяжка ўявіць. Велічэзныя памеры — мінімальныя тэмпэратуры, найдрабнейшыя часьціцы — найвялікшыя хуткасьці. Гіганцкая сума, выдаткаваная на пабудову калайдэра — 9 мільярдаў даляраў. Гіганцкае расходаваньне электраэнэргіі — 10 % ад таго, што спажывае за год уся Жэнэва.

ВГКол калайдэру многа шуму. Хто-ніхто ня верыць довадам навукоўцаў і варожыць, што гэтая серада можа стацца апошняй у чалавечай гісторыі. Ня менш фантастычныя прагнозы гучаць і з вуснаў навукоўцаў. Гэтак, прафэсарка расейскай Акадэміі навук Ірына Арэф’ева і доктар навук Ігар Валовіч выказалі меркаваньне, што запуск калайдэру можа прывесьці да стварэньня машыны часу, паведаміў часопіс New Scientist. Зрэшты, адразу зьявілася меркаваньне, што словы расейскіх навукоўцаў пры перакладзе з навуковай расейскай на журналісцкую расейскую праз ангельскую няправільна інтэрпрэтавалі.

Тым ня менш, пэсымісты працягваюць трымацца таго, што верагоднасьць катастрофы застаецца, і ў сэрцы Эўропы можа ўтварыцца рукатворная чорная дзірка ды праглынуць усю плянэту. Насьпех быў створаны сайт зь пералікам пагрозаў, якія нясе Вялікі гадронны калайдэр.

Зрэшты, 10 верасьня ня будзе лічыцца афіцыйным адкрыцьцём калайдэра. У сераду пучок пратонаў упершыню прамчаў па ўсім колцы, але гэта ўсяго толькі «генэральная рэпэтыцыя». 21 кастрычніка адбудзецца цырымонія, якую ўрачыста называюць «інаўгурацыяй». Пасьля яе пачнецца паўнацэннае служэньне калайдэру навуцы, а на поўную магутнасьць ён запрацуе вясной наступнага году.

Натуральна, што

ад такіх вялікіх укладаньняў навукоўцы чакаюць вялікіх адкрыцьцяў. Фізыкі спадзяюцца на зьяўленьне новых тэорый сіл і часьціц, якія дазволяць палагодзіць ці перагледзець існыя ў сёньняшняй навуцы тэорыі. Навукоўцы кажуць, што 2008-ы можа стаць апошнім годам «старой фізыкі».
У прыватнасьці, дасьледчыкі спадзяюцца ў мініятуры аднавіць «Вялікі выбух», які шмат мільёнаў гадоў таму стаўся пачаткам Сусьвету, атрымаць новыя зьвесткі пра пераўтварэньне матэрыі ў энэргію, зазірнуць у таямніцы антырэчыва й разабрацца ва ўзаемінах прасторы і часу. Дзеля гэтага заплянавана мноства экспэрымэнтаў, сутнасьць якіх перадаць простай ненавуковай мовай не ўяўляецца някай мажлівасьці.
У сераду навукоўцы з CERN скончылі працоўны дзень шампанскім. Запуск калайдэру прайшоў удала. А 10-й ранку пучок пратонаў упершыню правялі па ўсёй даўжыні 27-кілямэтровага паскаральніка.
Адзін за адным навукоўцы правяралі кожны з васьмі сэктараў унікальнага «гадронаправоду» і ставілі птушачкі насупраць усіх пазыцый. Магніты факусавалі ды ўтрымліваюць пучок як мае быць, крыягенныя сыстэмы, разнастайныя датчыкі ды дэтэктары працавалі карэктна, да іншых сыстэм таксама нараканьняў ня ўзьнікла.

Што праўда,

прыхільнікам апакаліптычнага сцэнару гэтая серада не прынесла спакою. Справа ў тым, што гадроны запускаліся на хуткасьці ў 30 разоў меншай за прадугледжаную, і пратоны міжсобку не сутыкаліся, а значыцца, і не маглі нічога ўтварыць — ані чорных дзірак, ані навуковых адкрыцьцяў.

У гэтым агульнаэўрапейскім навуковым праекце ад пачатку ўдзельнічаюць беларускія фізыкі. Яны распрацоўвалі дэтэктары для ВГКу, два навукоўцы зь Менску непасрэдна ўдзельнічаюць у гэтыя дні ў выпрабаваньнях апарату.


Відэаролік CERN, якая займаецца стварэньнем ВГКу

Скептычны погляд на гадронны калайдэр ад dailymotion.com

Глядзі яшчэ:
Здымкі зь Вялікага гадроннага калайдэру на boston.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?