Новага прэм'ера Ізраілю называюць супэржанчынай.

Новага прэм'ера Ізраілю называюць супэржанчынай.

Новая прэм'ер Ізраілю у маладосьці працавала сакрэтным агентам «Масаду». Яе называюць «супэржанчынай» і зьвязваюць зь ёю надзеі на абнаўленьне палітычнага сьвету кріаны. А яшчэ яна дачка выхадца зь Беларусі.

Колісь Шымон Пэрэс, пасьля чарговых выбараў, дзе пацярпеў паразу насуперак бліскучым вынікам экзыт-полаў, у роспачы прамовіў: «Ізраіль такая краіна, дзе людзі кажуць праўду на апытаньнях, а потым хлусяць на саміх выбарах». Пасьля нядаўніх праймэрыз у кіроўнай партыі «Кадыма» ізраільцяне могуць уздыхнуць спакойна: не, яны кажуць праўду як на апытаньнях, так і на выбарах. Альбо, калі хлусяць, дык робяць гэта шчыра — і там, і там. Так ці іначай, на пасадзе прэм’ер-міністра Ізраілю мае апынуцца жанчына, якой усе сацыялягічныя апытаньні ўжо даўно варажылі перамогу — Цыпі Ліўні.

Сп-ня Супэржанчына

Выдае на тое, што ў Ізраілі нікога не бянтэжыць выведніцкае мінулае Цыпі Ліўні. Ліўні, якая паводле Sunday Times на пачатку 80-х знаходзілася са спэцмісіяй у Парыжы, яшчэ падчас сваёй першай кампаніі стала абыгрываць на перадвыбарчых слоганах сваю колішнюю належнасьць да «Масаду». У дзяржаве, дзе востра стаіць пытаньне замірэньня з краінамі-суседкамі, у аснову бяруцца праблемы бясьпекі, а прэм’ер часьцяком выконвае функцыі галоўнакамандуючага. І таму ў вачах грамадзтва масадаўскае рэзюмэ Ліўні — толькі перавага. Перавага хоць бы над яе папярэднікам Эгудам Ольмэртам, які ніколі не рабіў вайсковай ці выведніцкай кар’еры, а падчас тэрміновае службы быў карэспандэнтам армейскае газэты.

Трохгадовая служба Цыпі ў «Масадзе» — не адзіная перавага з цэлага шэрагу ейных станоўчых характарыстык, яшчэ адна грань яе шматграннае асобы. Яна — пасьпяховая адвакатка і кіраўніца ўпраўленьня дзяржаўных прадпрыемстваў. Выхадцам з былога СССР даспадобы яе колішняя пасада — міністаркі рэпатрыяцыі: такі чалавек павінны ведаць праблемы новых грамадзянаў зблізку.

У сувязі з адсутнасьцю дасье ізраільская прэса, ня надта перабіраючы мэтафары, параўноўвае Цыпі Ліўні з тэфлонавым пакрыцьцём, да якога нічога ня ліпне. Дзіўным чынам,

любы недахоп Цыпі Ліўні як на ўзмах чароўнае палачкі ператвараецца ў дадатнасьць. Карупцыйны скандал зь яе шэфам і бліжэйшым паплечнікам па партыі Эгудам Ольмэртам? Побач зь ім яна адно ўвасабленьне палітычнай чысьціні. Адсутнасьць досьведу ў прыняцьці стратэгічных пастаноў? Гэта спросьціць ёй шлях да новых, магчыма, вызначальных для лёсу краіны рашэньняў.

«Накінуць» новай кіраўнічцы Ізраілю можна хіба папулісцкія хаджэньні ў народ. З цэлай сьвітай рэпартэраў яна сноўдалася паміж радамі тэль-авіўскага прадуктовага рынку, узважвала кавуны перад аб’ектывамі камэраў і імпэтна рукалася з расчуленымі гандлярамі. Але гэта хутчэй рытуальная завядзёнка, абавязковая цырымонія для кожнага ізраільскага палітыка буйнога калібру. У штодзённым жыцьці Цыпі — напраўду даволі дэмакратычны чалавек. Прычым зусім не для прэсы — сяды-тады нават позна ўвечары ходзіць па хлеб ці ў аптэку, а з пэрсаналам абслугі — аўтар гэтых радкоў быў сьведкам — ветлівая, не пыхлівая.

А яшчэ яна жанчына, якая не хавае сваіх праўдзівых пачуцьцяў. У сьвядомасьці ізраільцянаў яна ўпершыню замацавалася трынаццаць год таму, калі ў вечар пасьля выбараў, на якіх перамог яе тагачасны палітычны апанэнт Шымон Пэрэс. Ліўні, тады яшчэ палітык-пачатковец, шчыра расплакалася перад камэрамі.

Цыпі Ліўні — ні правая і ні левая, яскравы прыклад апалітычнага палітыка. Што злосьнікі маглі назваць «і нашым, і вашым», а прыяцелі нараклі абцякальна-прыязна — рэальная палітыка. Прыклад — стаўленьне Ліўні да пытаньняў рэлігіі. З аднаго боку, галасуе за дазвол лесьбійскім і гомасэксуальным парам усынаўляць дзетак, зь іншага — выступае супраць ініцыятывы сьвецкіх партыяў прадаваць звычайныя хлебныя вырабы на сьвята Пэсах (згодна з законамі юдаізму падчас гэтага сьвята дазваляецца спажываць выключна бездражджавую мацу).

Другая Голда Мэір?

Сапраўды, паміж гэтымі дзьвюма жанчынамі шмат супольнага. Падобна да першай ізраільскай абмасадарцы ў СССР, Голдзе Мэір, што прыклала шмат намаганьняў, каб у першыя, самыя цяжкія гады незалежнасьці ў габрэйскай дзяржавы ўсталяваліся добрыя адносіны з магутнай імпэрыяй, Цыпі Ліўні на пасадзе міністаркі замежных справаў таксама ў нялёгкія для краіны часы, падчас ізраільска-лібанскага ўзброенага канфлікту 2006 г., зрабіла шмат дыпляматычных візытаў, каб заручыцца падтрымкай сусьветных лідэраў. Надзвычайная замежнапалітычная актыўнасьць Ліўні была заўважаная і сусьветнымі мэдыямі: у 2007 г. часопіс Time прылічыў яе да 20 найбольш уплывовых палітыкаў сьвету.

Як і Голда Мэір, Цыпі Ліўні шмат у чым кампрамісная фігура і сама прыхільніца палітычнай згоды і ўгоды.
У 2005 г. падчас ажыцьцяўленьня «Праграмы адасабленьня», калі Ізраіль зносіў габрэйскія паселішчы ў паласе Газы, Цыпі Ліўні ўзяла на сябе функцыі прымірыцелькі ў гарачых спрэчках паміж апанэнтамі і прыхільнікамі праграмы ва ўрадзе.

І характары ў дзьвюх жанчын падобныя — напоўніцу праяўляецца амбітнасьць і дабітнасьць. У Цыпі гэта, пэўна, спадчыннае.

Яе бацька, Эйтан Ліўні (Беназовіч), быў актывістам габрэйскай падпольнай арганізацыі. Ён нарадзіўся ў 1919 г. у Горадні і ва ўзросьце шасьці год разам са сваімі бацькамі пераехаў з тэрыторыі Заходняй Беларусі, што тады была пад Польшчай, у зямлю Ізраілю,
тады — частку Брытанскай імпэрыі. За сваю падпольную дзейнасьць Эйтан Ліўні ў 1946 г. быў прысуджаны брытанскай каляніяльнай паліцыяй да 16 гадоў зьняволеньня, але празь які год быў вызвалены падчас штурму турмы. Маці Цыпі, Сара, таксама актывістка габрэйскага руху, пакуль не ўцякла, правяла паўтара году ў брытанскай турме ў Віфляеме. Каб трапіць у турэмную бальніцу, адкуль было прасьцей даць лататы, укалола сабе ў жылы малако. Дарэчы, Эйтан і Сара былі першай парай, якая афіцыйна зарэгістравала свой шлюб пасьля заваяваньня Ізраілем незалежнасьці ў траўні 1948 г.

Дадамо шчэ, што бацькі далі дачцэ імя Цыпора, якое азначае «птушка» ў перакладзе з габрэйскай, г.зн. іўрыту. Зь цягам часу імя пасьпела састарэць (гэта ўсё адно што ў Беларусі мець імя Глафіра ці Аграфена). Паводле другой вэрсіі, Цыпора зрабілася Цыпі з прычыны таго, што ў ізраільскай палітыцы вельмі важна быць «наскім хлопцам» (у нашым выпадку слушней сказаць «наскай дзяўчынай»), а таму традыцыйныя габрэйскія імёны паменшваюцца да панібрацкіх скаротаў. Так колішнія прэм’еры Арыель Шарон і Бэньямін Нэтаньяху ніколі не супраціўляліся, калі аднапартыйцы і шараговыя грамадзяне называлі іх адпаведна Арык і Бібі. А Цыпі ажно крыўдуе, калі да яе зьвяртаюцца на старадаўні лад «Цыпора».

Рэдкая птушка даляціць да сярэдзіны Ярдану

На фоне стабільнага эканамічнага становішча Ізраілю апошніх гадоў Цыпі Ліўні атрымлівае ў спадчыну ад папярэдніка цэлы жмут неразьвязаных замежнапалітычных праблемаў, сярод якіх найбольш шчыміць палестынская. У сваім інтэрвію, якое Цыпі Ліўні дала пасьля праймэрыз арабскаму тэлеканалу «Аль-Арабія», яна заявіла, што ў ізраільска-арабскім пытаньні будзе рыхтаваць суайчыньнікаў да «балесных саступак».

Цяпер спадарыня Супэржанчына павінна даводзіць сваё вяршынства штодзень у рэжыме он-лайн, апраўдваць неверагодна высокі крэдыт даверу. Бо да сёньняшняга дня Ліўні цешылася вельмі прыязным стаўленьнем з боку грамадзтва, відаць, з прычыны таго, што ізраільцяне пакуль што ня мелі магчымасьці бачыць яе на традыцыйна няўсядным у Ізраілі крэсьле прэм’ера.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?