Яшчэ ня сьціхла рэха папсовых канцэртаў пад маркай дзяржаўнай ідэалягічна-прапагандысцкай кампаніі «Мы беларусы», як цэлы шэраг незалежных ад дзяржавы арганізацыяў распачалі ўласную ініцыятыву пад лёзунгам «Будзьма!» Самі арганізатары расшыфроўваюць гэты слоган як заклік да грамадзянаў краіны: «Будзьма беларусамі!»

Прэзэнтацыя кампаніі адбылася 1 кастрычніка ў менскай кавярні «Добрыя мысьлі». Арганізатары - альянс самых разнастайных недзяржаўных арганізацыяў, якія дзейнічаюць у сфэры культуры: ад Згуртаваньня беларусаў сьвету да Таварыства беларускай мовы, ад Саюза беларускіх пісьменьнікаў да часопісу «pARTisan», ад Беларускай музычнай альтэрнатывы да моладзевых інтэрнэт-супольнасьцяў.

Калі коратка, то задума кампаніі такая: аб’яднаць беларусаў на падставе не палітычных ці эканамічных інтарэсаў, якія ў кожнага чалавека свае, а на груньце культурных каштоўнасьцяў, якія агульныя ды нязьменныя для ўсёй нацыі. У рамках кампаніі будуць ладзіць разнастайныя імпрэзы па ўсёй краіне, распаўсюджваць беларускамоўную культурніцкую прадукцыю накшталт кампакт-дыскаў, ды рабіць прамоцыю беларушчыне з дапамогай постараў, паштовак, цішотак ды іншых рэчаў, якія людзі з ахвотай будуць прымаць у падарунак. Кажучы іншымі словамі,

«Будзьма!» мусіць пасеяць у краіне моду на беларускасьць.

Адмысловае сэрца кампаніі – сайт www.budzma.org, які, па задуме стваральнікаў, мае зрабіцца вялікай інтэрнэт-суполкай для тых, хто актыўна цікавіцца беларускай культурай. Фактычна, гэта блог, на якім кожны карыстальнік можа пакідаць свае допісы ды знаходзіць патрэбную інфармацыю пра кампанію.

Ці здолее «Будзьма!» скласьці годную канкурэнцыю дзяржаўным прапагандысцкім праектам?

Сама задача кампаніі – пераканаць беларусаў у тым, што стабільнасьць ды парадак нясмачныя бяз роднай мовы ды культуры – падаецца неверагодна цяжкай.
Каб зацікавіць нашых людзей, большасьць якіх разрываецца паміж некалькімі працамі, гадаваньнем дзяцей ды тэлевізарам зь ягонымі прапагандысцкімі перадачамі ды спажывецкімі тэлешоў, вельмі важна прапанаваць ім сапраўды якасны, цікавы ды новы культурніцкі прадукт. Падарыць ім нешта такое, што дасьць ім адпачынак ад шэрай будзённасьці, адчыніць прыгожы беларускі сьвет, у які захочацца вяртацца зноў і зноў. Ажно вось на прэс-канфэрэнцыі «Будзьма!», апрача ўсяго іншага, прагучала прапанова завабліваць людзей… адкрытымі лекцыямі па гісторыі ды культуры. Ці пойдуць туды неабазнаныя ў беларушчыне людзі?

Бадай,

найгоршым варыянтам будзе, калі «Будзьма!» застанецца акцыяй для прасунутай беларускамоўнай інтэрнэт-аўдыторыі, ня здолеўшы дагрукацца да тых, хто жыве ў сьвеце БТ ды канцэртаў Саладухі.
Зрэшты, выглядае на тое, што самі арганізатары кампаніі ўсьведамляюць такую небясьпеку, і робяць крокі для таго, каб выбіцца за межы віртуальнай прасторы. Гэтак, неўзабаве праз адну зь фірмаў, якая займаецца наўпроставай рэклямнай рассылкай, на больш чым 100 тысячаў паштовых адрасоў па ўсёй краіне будуць разасланыя паштоўкі з заклікам «Будзьма беларусамі!» ды кантактнай інфармацыяй кампаніі. Арганізатары працуюць над стварэньнем аўдыё- і відэаролікаў, якія будуць рэклямаваць беларускасьць, і паспрабуюць прасоўваць іх ня толькі на Белсаце ці ў інтэрнэце, але і на дзяржаўных тэлеканалах ды радыёстанцыях. Абвесткі пра імпрэзы ў рамках кампаніі (натуральна, сярод іх будуць ня толькі лекцыі) будуць актыўна падавацца ў рэгіянальную прэсу, якая мае шмат чытачоў у правінцыі. Акрамя гэтага, ужо цяпер школьнікі могуць «абмяняць» свае «дзясяткі» па белмове на падарункі ад кампаніі “Будзьма!” (атрымаць інфармацыю пра акцыю можна тут).
Падобная кампанія ня будзе мець посьпеху без падтрымкі ўсіх тых, хто зацікаўлены ў прамоцыі беларускасьці.
Вось, скажам, сайт www.budzma.org. Няма нічога прасьцей, чым напісаць туды крытычны допіс кшталту “каму патрэбная гэтая вашая кампанія”. Але куды больш плёну будзе, калі

карыстальнікі будуць выкарыстоўваць сайт ня толькі для таго, каб падыскутаваць, але і каб даведацца пра чарговую імпрэзу (скажам, у наступную нядзелю можна выправіцца ў экскурсію па Менску). А, даведаўшыся, ня толькі паўдзельнічаюць у ёй, але і яшчэ сяброў сваіх, далёкіх ад беларушчыны, прывядуць. Ці ўвогуле прапанауюць правесьці падобную імпрэзу ці нейкі іншы праект ў сваім родным мястэчку ці вёсцы. Арганізатары кампаніі абяцаюць падтрымку.

Цудоўна тое, што такая кампанія распачалася. Але яе арганізатарам варта памятаць і пра тое, што, абвесьціўшы кампанію з такімі амбітнымі мэтамі, яны ўзялі на сябе яшчэ і вялікую адказнасьць. Наколькі посьпех кампаніі можа прынесьці карысьці іміджу беларускай культуры, настолькі няўдача можа гэтаму іміджу нашкодзіць.

Рэпартаж з прэзэнтацыі кампаніі можна пабачыць тут:

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?