Фота photo.bymedia.net

Дзякуючы айцу Аляксандру Надсану беларуская мова ўпісалася ў сям’ю сакральных моваў. Напярэдадні 50-годзьдзя сьвятарства духоўнага лідэра беларусаў замежжа піша Анатоль Сідарэвіч.

Гэта сюжэт для эпічнага твору: сямнаццацігадовы юнак зь беларускага Нясьвіжу, вучань настаўніцкае сэмінарыі, які ўжо ведаў, што такое камунізм, перад прыходам Чырвонае Арміі разам зь сябрамі пакідае Бацькаўшчыну, трапляе ў Нямеччыну і замест таго, каб служыць райху і бараніць яго, ідзе да францускіх партызанаў, потым трапляе за Альпы — у армію генэрала Ўладзіслава Андэрса, — бярэ ўдзел у баявых сутычках, атрымлівае раненьне, разам з таварышамі па зброі пераяжджае ў Ангельшчыну, дэмабілізуецца, паступае (як былы жаўнер мае льготу) у Лёнданскі ўнівэрсытэт, атрымлівае дыплём бакаляўра…

Вось тут спынімся. Уявім: малады бакаляўр Аляксандар Надсан выкладае матэматычны аналіз або працуе ў нейкім вылічальным цэнтры, ходзіць на сустрэчы ўдзельнікаў вайны, робіць прафэсійную кар’еру, мае грошы, машыну, вілу…

Што штурхнула яго ехаць у Рым і пачаць навучаньне нанова, засвойваць лаціну і старажытнагрэцкую, патрыстыку і гісторыю Царквы?..

Вось і напішы пасьля гэтага кароткі тэкст пра чалавека, які пражыў 82 гады, памятае мора людзей, ведае безьліч гісторыяў, можа апавесьці, што казалі беларускім сьвятарам біскупы Рыму Ян ХХІІІ і Ян Павал ІІ, апісаць, што рабілася ў Гародзеі (па‑цяперашняму Гарадзеі) да вайны, як прыжываліся беларусы па вайне ў Вялікай Брытаніі…

А мо пачаць зь сябе? З таго, што ўпершыню прозьвішча Надсан я пачуў ці ня ў 1987 годзе ў Вішневе ад ксяндза Ўладзіслава Чарняўскага. Так, гэта было яшчэ да сьвяткаваньня да 1000‑х угодкаў Хросту Русі, паездкі айца Ўладзіслава і ягонага маладзейшага калегі Яна Матусевіча ў Лёндан, якая адбылася ў 1988 годзе.

А ў сакавіку 1990‑га нехта (ці не Міхал Дубянецкі, ці не Сяргей Абламейка?) патэлефанаваў і сказаў, што прыехаў айцец Надсан, што ён будзе служыць літургію ў касьцёле (тады адзіны ў Менску касьцёл быў на Кальварыі).

Так я першы раз убачыў сьвятара з прозьвішчам Надсан. У тыя хвіліны я й падумаць ня мог, што мне давядзецца яшчэ прачытаць кнігі гэтага сьвятара пра біскупа Часлава Сіповіча, пра кляштар беларускіх айцоў марыянаў у Друі, пра княгіню Марыю Радзівіл і нават быць рэцэнзэнтам.

У нашай прысутнасьці на Кальварыі адбывалася нешта гістарычнае. Упершыню за 150 гадоў ад часу скасаваньня Уніі ў Менску ўніяцкі сьвятар правіў службу. На нашых вачох памірала імпэрыя.
Тая імпэрыя, якая спачатку сілком навязвала «ісьцінную» веру, а потым, узяўшы сабе псэўданім «СССР», — «адзіна правільнае вучэньне».

Тое, што імпэрыя памірае, разумеў не адзін я. У 1990‑я мне было і сьмешна, і ніякавата, калі ад заходніх палітыкаў я чуў, што яны не чакалі хуткага распаду СССР. Чаго ж вартая іхная навука, іхныя аналітычныя цэнтры, саветалёгія з крэмліналёгіяй! Пракансультаваліся б у нас. А то зьезьдзілі б да айца Рамана Пенткі.

Пра айца Рамана, знаўцу бізантыйскае традыцыі, пробашча ўніяцкае парафіі зь левага берагу Бугу, вядома тое, што ён заклікаў сьвятароў і манахаў вывучаць расейскую мову для будучае місіі.

З сталага сьвятара маладзейшыя дабрадушна пасьмейваліся, а калі «разьвіты сацыялізм» памёр, яны з радасным зьдзіўленьнем пазіралі на а.Рамана: і адкуль ён ведаў? Па‑мойму, адказ просты. Напісана ж у Кнізе: «Усё мае свой час». Хіба цяжка засвоіць гэтую праўду?

Усё мае свой час, толькі Ecclessіa aeterna і Patrіa aeterna. Я, мусіць, не памылюся, калі скажу, што гэтую праўду добра засвоіў мітрафорны пратаярэй Аляксандар Надсан. Бо вось 11 сакавіка 1990‑га ён служыў літургію не ў царкоўнаславянскай, а ў беларускай мове. Значыць, ужо літургія Яна Залатавуснага перакладзеная? І надрукаваная? Ага, адказалі мне, і літургія Базыля Вялікага, і літургія раней асьвячаных дароў таксама. І кароткі катэхізіс маецца. На падыходзе другое выданьне…

Патрэбная была вера, што раней ці пазьней пабудаваны на мане, на хлусьні рэжым абваліцца. І патрэбнае было калі ня веданьне, дык адчуваньне, што за тыя дзясяткі гадоў, калі была перапыненая традыцыя царкоўнага жыцьця, народ адвык ад мовы Царквы, ад мовы літургіі. Мабыць, было прадчуваньне, што на літургіі народ будзе не рэцытаваць і сьпяваць, а маўчаць.

І патрэбная была настойлівасьць, каб узяцца і зрабіць гэтую працу — перакласьці літургічныя тэксты. Бо вось і

ўладыка Часлаў Сіповіч неяк скептычна ставіўся да намеру маладога сьвятара Аляксандра ўзяцца за такую працу: а ці варта, мо і царкоўнаславянскае хопіць?

Памятаю, як быў уражаны мой праваслаўны брат, паэт Міхась Скобла, калі ўжо на пачатку ХХІ стагодзьдзя, прыйшоўшы ў нейкай патрэбе да грэка‑каталікоў, убачыў і пачуў іх сьпеў на літургіі: сьпявала ўся царква, старыя і малыя. І Міхась пераканаўся: вось што значыць зразумелая, жывая мова.

Што мелі каталікі бізантыйскага абраду да Аляксандра Надсана? Бадай, адзін‑адзіны маленечкі малітоўнік айца Льва Гарошкі «Божым шляхам» (1946). Цяпер беларускія грэка‑каталікі маюць салідны малітоўнік «Госпаду памолімся», а грэка‑каталіцкае духавенства — «Літургікон». Дзякуючы айцу Аляксандру беларуская мова ўпісалася ў сям’ю сакральных моваў, бо ягоныя пераклады літургічных тэкстаў ухваленыя Рымам.

…У кнізе «Біскуп Чэслаў Сіповіч: Сьвятар і беларус» ёсьць адзін надта цікавы здымак: лёнданскія беларусы віншуюць з 50‑годзьдзем сьвятарства пакутніка за веру і Беларусь айца Язэпа Германовіча (Вінцука Адважнага). Сярод віншавальнікаў і малады сьвятар Аляксандар Надсан. З часу таго віншаваньня прайшло 45 гадоў. Вось і айцец Аляксандар адзначае 50 гадоў сваёй пастырскай службы.

Як падумаць,

у асобе айца Аляксандра спалучыліся два стагодзьдзі беларускага хрысьціянскага руху.
Язэп Германовіч пачынаў свой сьвятарскі шлях у далёкім 1913 годзе, калі выходзіла «Наша Ніва», пачала выходзіць першая каталіцкая газэта «Bіelarus».

Ягоны сучасьнік і наступнік Аляксандар Надсан сьвяткуе юбілей свайго сьвятарства праз 95 гадоў. Амаль цэлае стагодзьдзе. І як зарука наступнага стагодзьдзя — кагорта маладых беларускіх сьвятароў, якія прыйдуць віншаваць айца Аляксандра ў дзень ягонага юбілею.

Больш пра айца Аляксандра Надсана

Праграма сустрэчаў айца Аляксандра Надсана ў Менску