Віталь Рымашэўскі - першы справа. Але кажуць, што на ўстаноўчым з'ездзе будзе названа яшчэ кандыдатура
Георгія Дзмітрука (першы злева). Фота Андрэя Лянкевіча.

Гэта сустаршыня Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Віталь Рымашэўскі.
Арганізацыя вырашыла, што вылучыць на выбары свайго кандыдата. Паводле словаў Паўла Севярынца, цяпер у БХД ёсць тры кандыдаты, але прозвішчы двух астатніх пакуль не называюцца.
«Іншыя прэтэндэнты будуць названыя на ўстаноўчым з’ездзе, які пройдзе 28 лютага ў Мінску. Магу толькі сказаць, што гэта будзе сюрпрыз», — кажа П.Севярынец.

Аляксей Шэін кажа, што праблемай са зборам ста тысяч подпісаў быць не павінна. Разам з тым, сябры арганізацыі спадзяюцца, што атрымаецца выйсці на адзінага кандыдата ад правых сілаў. На гэты конт вядуцца перамовы з Рухам за Свабоду, Партыяй БНФ.

Аргкамітэтам БХД былі пададзеныя заяўкі, каб на з’езд было выдзеленае вялікае памяшканне — палацы МТЗ ці МАЗу, цэнтр IBB. Агулам у працы з’езду будуць прымаць удзел каля 200 дэлегатаў і 100 гасцей. Збіраюцца прыехаць партнёры арганізацыі з‑за мяжы. У выпадку адмовы на памяшканне сябры БХД гатовыя правесці з’езд на адной з цэнтральнай плошчаў сталіцы.

Сябры аргкамітэту не хаваюць, што рашэнне падаваць дакументы на рэгістрацыю прынятыя з улікам той палітыкі лібералізацыі, якая праводзіцца ўладамі апошнім часам.

Павал Севярынец падкрэслівае, што зараз гаворка вядзецца не пра стварэнне Беларускай хрысціянскай дэмакратыі, а пра адраджэнне. Сённяшняя партыя працягвае традыцыі БХД, што дзейнічала ў 1920‑ыя гады ў Заходняй Беларусі.

Задачай арганізацыі Севярынец называе — «імкненне пабудаваць вядучую палітычную сілу краіны». У шэрагі арганізацыі ўжо згадзіліся ўвайсці былыя палітвязні — Зміцер Дашкевіч, Артур Фінькевіч, Андрэй Кім.

Зміцер Панкавец