Канечне, смешна думаць, што наверсе засаромеліся аўтарытарнасці і вырашылі падзяліцца ўладай. Усе гэтыя «рады пры…» — найперш дзеля блізіру, каб было што ўставіць у справаздачу для Бруселя.

Разам з тым, вельмі імаверна, што разглядаецца нейкі варыянт пераходу ад «шчырай дыктатуры» да «кіраванай дэмакратыі» на расійскі лад.

Днямі Радзькоў, кіраўнік сканструяванай вертыкаллю «Белай Русі», заявіў, што гэтае РГА можа стаць партыяй «пры ўзнікненні адпаведнай сітуацыі». А ён, Радзькоў, «отсебятиной» не займаецца. Ходзяць чуткі, што ва ўладных кабінетах разглядаецца магчымасць перайсці да змяшанай — часткова па партыйных спісах — сістэмы выбараў у Палату.

Гэта было б эфектным жэстам для Еўропы ў рэчышчы парад ЕС ды АБСЕ датычна ўдасканалення выбарчага заканадаўства. Разам з тым, выбары па партыйных спісах могуць быць цалкам адаптаваныя да патрэб аўтарытарнага кіраўніцтва, што наглядна дэманструе Назарбаеў.

Яшчэ болей яскравы прыклад — крамлёўская канцэпцыя «кіраванай дэмакратыі». Кансерва «Белая Русь» трымаецца на выпадак, калі давядзецца браць за ўзор «Адзіную Расію» і ствараць сваю партыю ўлады.

Раней Лукашэнка скептычна ставіўся да такога рэцэпту набліжаных палітэхнолагаў. Але зараз сітуацыя вымагае болей тонкай гульні. Еўропа будзе пляскаць у ладкі нават такой эвалюцыі «апошняй дыктатуры».

Звыш таго, мадэль кіраванай дэмакратыі дазваляе ўладзе яшчэ болей пакалоць палітычную апазіцыю.

Гэта бачна ўжо на сённяшняй стадыі, калі «радабудаўніцтва» з запрашэннем ў квазіструктуры шэрагу прадстаўнікоў незалежнай супольнасці ды палітычных апанентаў справакавала гамлетаўскія жарсці ў апазіцыйным лагеры.

Для ўлады — падвойны эфект: і Бруселю ёсьць што паказаць, і апазіцыянерам спрытней даваць рады, бо яны пачынаюць звыкла скубціся між сабой.

Хаця калі разабрацца, дык гэта бойка за пусты мех. Зірнем на персаналіі запрошаных у рады. Там пераважна эксперты, прадстаўнікі бізнэсу, медыйнай супольнасці, трэцяга сектару… Палітыкаў літаральна раз-два і ўсё.

Дык не трэба мяшаць боб з гарохам. Што за бяда, калі адмыслоўцы, аналітыкі, кіраўнікі прафесійных суполак прапануюць уладзе свае профільныя напрацоўкі? Хіба лідэр бізнэсоўцаў Карагін не дамагаўся ўвесь час, каб голас ягонай карпарацыі быў пачуты? А хіба не дамагаўся Ярашук, каб незалежныя прафсаюзы былі ўлучаныя ў дыялог з уладай ды наймальнікамі?

Далей: Алег Трусаў атрымлівае магчымасць наўпрост артыкуляваць перад высокім начальствам праблемы мовы. У Беларускай асацыяцыі журналістаў даўно напрацаваны пакет рэалістычных прапаноў, арыентаваных на стварэнне болей-меней цывілізаванай медыйнай прасторы. Іосіф Сярэдзіч таксама не будзе маўчаць у анучку на паседжаннях той рады па СМІ.

Не тое што акно — любую фортку магчымасцей варта выкарыстоўваць, каб хоць трохі палепшыць рамкавыя ўмовы дзейнасці бізнэсу, незалежных СМІ, трэцяга сектару.

Вось і лістападаўскі семінар на тэму свабоды інтэрнету многім здаваўся поўнай паказухай. Але ж удзел у ім незалежнай медыйнай супольнасці (сведчу: дыскусія была гарачая, і рот нам не затыкалі) даў рэальны плён: улада на сёння адмовілася ад задумы рэгістраваць вэб-рэсурсы.

Так, гарантый няма, але час працуе на нас. Чым долей не «ўпарадкаваны» Байнет, тым цяжэй яго потым зацугляць.

Увогуле гэта вялікае спрашчэнне: зводзіць праблемы краіны да плоскай біпалярнай схемы процістаяння вярхоўкі рэжыму з тытульнай апазіцыяй. Насамрэч сітуацыя шматмерная.

Ёсць бізнэс-супольнасць, медыйны цэх, іншыя прафесійныя карпарацыі. І ў іх свае інтарэсы, часам вельмі адрозныя ад інтарэсаў чыста палітычных змагароў, якія ўсё мераюць на капыл рэвалюцыйнай справы.

Нейкая партыя можа, напрыклад, дазволіць сабе раскошу байкатаваць выбары. А бізнэс, рэдакцыі газет ды іншыя мусяць працаваць штодзень як тата Карла. Выдаваць канкрэтны прадукт. І любое паляпшэнне рамкавых умоў працы — гэта для іх несумненны плюс.

Пакуль віртуальныя максімалісты ламаюцца ў адчыненыя дзверы, даводзячы, што вяртанне пары газет у распаўсюд — гэта толькі пыл у вочы, два канкрэтныя выданні набіраюць наклады, і дзякуй богу.

Калі ж прадстаўнікоў трэцяга сектару, экспертаў, медыйных дзеячаў ды іншых, хто робіць сваю справу тут і цяпер, будуць без дай нагоды пекліць за «здраду», то гэта толькі павялічыць дыстанцыю між тытульнай апазіцыяй і тымі людзьмі, якіх апазіцыйныя стратэгі схематычна называюць «прыхільнікамі перамен» і якіх мараць пашыхтаваць пад сваімі сцягамі.

Ну а «чыстыя» палітыкі хай самі ўзважваюць. На добры лад дык і ім няслушна апрыёры адмаўляцца ад лішняй (ды дзе там лішняй — рэдкай :) магчымасці агучыць свае ідэі з нейкай трыбуны. Карона не зваліцца. Іншая рэч, што тады трэба прэзентаваць нешта сутнаснае, улёткавыя лозунгі тут не коцяць.

Калі ж атрымаецца размова глухіх (што вельмі імаверна) — дык заўжды можна эфектна бразнуць дзвярыма. Пакуль жа — тая сітуацыя, калі ёсць шанец змусіць уладу на шэраг дадатковых, хай сабе дробных, саступак, улічваючы, што яна не хоча скандалу. Для пачатку, напрыклад, хай хоць прапішуць рэгламент той «рады пры...».

А самае галоўнае вось што. Не трэба фармуляваць штучнай альтэрнатывы. Хай будзе не «або-або», а «і-і».

Канечне, было б наіўна спадзявацца, што можна дамагчыся сістэмных змен у краіне дысцыплінаваным хаджэннем на пасядзелкі пры Адміністрацыі :)

Але хто сказаў, што трэба зацыклівацца на тых «радах пры…»? Калі ласка, уздымаючы максімальна магчымую хвалю там — паралельна вылучайце ды рэалізуйце любыя самыя моцныя сцэнары кардынальных перамен! Хоць заўтра. Толькі дзе яны?

«Абрынуць рэжым» — гучыць, канечне, моцна, гераічна. Але пакажыце, калі ласка, тэхналагічны план: мерапрыемствы, тэрміны, рэсурсы, адказныя асобы, аргвысновы за невыкананне (ці гэта толькі з вертыкалі мусіць быць «жастачайшы спрос»?)

На жаль, высвятленне, хто свядомы, а хто здраднік — улюбёная забава беларускай апазіцыі. Наверсе толькі паціраюць рукі.

Што ж да сцэнару кіраванай дэмакратыі, то, адкінуўшы нюансы, скажу: гэта лепей, чым душылаўка.

Трэба мець на ўвазе: адсутнасць брутальных рэпрэсій сама па сабе шмат значыць. Нават год-два адноснай адлігі дапамогуць людзям пазбавіцца ад страху.

Важна, каб анемічнае сёння грамадства пакрысе асмелілася артыкуляваць свае думкі, каб нашы людзі сталі пачувацца грамадзянамі. Бо без абуджанага, нераўнадушнага грамадства нерэальныя ніякія прыгожыя сцэнары сапраўдных перамен.

А звыш таго, крызісны форс-мажор здольны каталізаваць тэктанічныя працэсы ў нашым грамадстве, як гэта адбылося ў познім СССР. Гарбачоўская перабудова між тым пачыналася таксама з бутафорыі…

Зараз такі момант, такія форс-мажорныя чыннікі, што Беларусь можна кардынальна змяніцца літаральна за лічаныя гады.

Не трэба біцца за пусты мех. Трэба рацыянальна выкарыстоўваць любы шанец на перамены.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?