Знакавы дзень - міністр замежных справаў Беларусі зрабіў ветлівую заўвагу нямецкаму журналісту падчас прэс‑канферэнцыі ў Берліне, калі той ужыў варыянт назвы нашай краіна Weissrussland.

«We are not Weissrussland, we are Be‑la‑rus», заўважыў кіраўнік беларускага замежнапалітычнага ведамства Сергей Мартынаў.

Паўтарагадзінная сустрэча з беларускім міністрам, якая была арганізаваная Нямецкім таварыствам знешняй палітыкі ў прэзідэнцкім гатэлі Adlon, праводзілася на англійскай мове.

Як пішуць нямецкія выданні, за гэты час адбылося тое, што раней было немагчыма. Не было сказана нічога пра «апошнюю дыктатуру Еўропы», размова ішла пра новыя перспектывы дачыненняў паміж Беларуссю і ЕС.

Адказваючы на пытанне журналіста, які ўжыў слова Weissrussland, Мартынаў падкрэсьліў, што Беларусь (Be‑la‑rus) ніколі не прасіла саступак як міласціны, а прапаноўвала сябе ў якасці партнёра. Калі краіна геаграфічна «ўціснутая» паміж Расіяй і ЕС, y яе не застаецца іншага выбару, як дбаць пра добрыя дачыненні з абодвума партнёрамі.

Паводле нямецкага выданьня Neues Deutschland, кіраўнік беларускага МЗС — колішні выпускнік МГИМО, які валодае выдатнай англійскай мовай і мае досвед амбасадарскай працы ў шэрагу краін — зрабіў уражанне ўпэўненага ў сабе чалавека, які «адыгрывае ролю беларускага ледаколу».

Берлінскае выданне Tageszeitung дае, аднак, іншую ацэнку сустрэчы. Газета яе характарызуе як «флірт Мінска з заходнім партнёрам». Той, хто ведае рэальную беларускую ўнутрыпалітычную сітуацыю, не можа пазбавіцца пачуцця скепсісу. Гэтае пачуццё застаецца, нягледзячы на ўсё цяперашнія заляцанні Беларусі да ЕС, піша аўтар артыкула.

Алена Струве, Радыё Свабода

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0