Сёлета Івану Луцкевічу – 125 гадоў. Часам, каб асягнуць лёгіку ўчынкаў гістарычных асобаў, карысна супаставіць іх з сучасьнікамі. Пішуць Анатоль Сідарэвіч і Андрэй Скурко.

У год заснаваньня «Нашай Нівы» яму было дваццаць пяць. Крыху болей, чым маладафронтаўцу Зьмітру Дашкевічу цяпер, і крыху меней, чым «бунтару» Дзянісу Дзянісаву. Нагоды для такіх супастаўленьняў зьяўляюцца. «Тыдзень ужо дома не начую – сочаць ля пад’езду», – казаў нядаўна адзін моладзевы актывіст. Праўда, сёньняшнія беларускія «рэвалюцыянэры» пакуль яшчэ не жывуць пад чужымі прозьвішчамі, як гэта даводзілася рабіць Івану Луцкевічу сто гадоў таму, і – што немалаважна – не хаваюць у падвалах зброю. Менавіта арсэнал Беларускай Сацыялістычнай Грамады стаў фармальнай прычынай таго, што менскія шляхцюкі Луцкевічы два гады зь лішкам пражылі ў Вільні з чужымі пашпартамі...

Незалежнасьць Беларусі не прынесла беларусам свабоды. І ў 2006-м, як і ў 1906-м, даводзіцца патрабаваць «выбарнага правіцельства», як і ў 1936-м – беларускамоўных школаў, як і ў 1946-м – абаронцаў у палітычных судох. Тэма гэтага нумару – палітычная сытуацыя-2006 і кандыцыя беларуса-2006 у люстэрку гісторыі.

Арсэнал на Хрышчэнскай

Менская Хрышчэнская вуліца, дзе браты Луцкевічы былі прапісаныя, – гэта сёньняшняя Інтэрнацыянальная. Толькі ў пачатку мінулага стагодзьдзя яна не абрывалася, скрыжаваўшыся з Паліцэйскай (сёньня вуліца Купалы), але бегла далей – у шчыльна забудаваны ў тыя часы Купалаўскі сквэр. Мясьціна гэтая – даўнія мяшчанскія гароды XVII–XVIII ст., – распавядае гісторык Анатоль Сідарэвіч. Калі іх забудоўвалі, ішла сапраўдная калатня з арэндатарамі пляцаў.

Ад двух дамоў, што належалі сям’і Луцкевічаў, не засталося і каменя. Іх «участак» пачынаўся там, дзе, як жартуюць нашчадкі, цяпер грамадзкая прыбіральня за Купалаўскім музэем. Бацька Івана і Антона, пан Ян Баляслаў, пачаў будавацца ў Менску перад выхадам на пэнсію. Ён у той час даслужваў у Лібаве, меў, сёньняшнімі словамі, стаж. Быў, апроч таго, вэтэранам вайны, узнагароджаным за абарону Севастопаля. Набыцьцём участку ў Менску займаўся яго сваяк Лычкоўскі – мянчук, якому прасьцей было хадзіць па ўстановах: зь Лібавы не наезьдзісься і да каморніка, і да ларніка-натарыюса, і ў пажарны нагляд. Было за царом і штосьці кшталту Бюро тэхнічнай інвэнтарызацыі: унучатая пляменьніца Івана і Антона, Маргарыта Пярова, захоўвае ў Пецярбургу крэсьлены плян дзядоўскай сядзібы, вымераны ў квадратных аршынах.

Ніякіх градаў з цыбуляй і кропам, безь якіх цяжка ўявіць сёньня менскі прыватны сэктар, Луцкевічы пры хаце ня мелі. «Гэта толькі мужык Канстанцін Міцкевіч сеяў жыта ля менскага дому. А шляхціц Луцэвіч разводзіў ружы!» – усьміхаецца А.Сідарэвіч. Так, у Луцкевічаў пры хаце быў траўнік-газон, гародчык з кветкамі ды гаспадарчая пабудова, у якой захоўвалі дровы і розны інвэнтар. А таксама... зброю. Ішоў 1906 год. Рэвалюцыя яшчэ не была скончаная. У рэвалюцыі ёсьць яшчэ нейкія пэрспэктывы – прынамсі, так ацэньваецца. Пасьля Курлоўскага расстрэлу рыхтуецца замах на менскага губэрнатара. Сацыялісты зьбіраюць арсэналы. У тым ліку і ў Луцкевічаў. «Ахранка» штосьці падазрае: сачэньне за сядзібай робіцца навязьлівым. На пачатку лютага Антон пачынае рэгулярна заўважаць за дрэвамі віжоў-«філёраў», якія ня вельмі і хаваюцца. Як выехаць зь Менску? Вакзал кантралюецца паліцыяй. Антон наймае рамізьніка і едзе ў Ракуцёўшчыну, выбіраючы цішэйшыя вуліцы. З Ракуцёўшчыны рушыць цягніком на Вільню. Брат Іван выехаў туды па партыйных справах раней. Ён нічога ня ведае пра гісторыю зь філёрамі. Прыезд Антона і зьвестка, што дахаты цяпер вярнуцца нельга, мабыць, уразілі яго. Між тым на Храшчэнскай ужо поўным ходам ідзе ператрус...

Загадка Міхальчука

У Вільні Іван і Антон Луцкевічы зьнікаюць. Замест іх зьяўляюцца Іван Міхальчук і Генрык Букавецкі. Ідэнтыфікаваць менскіх сацыялістаў Луцкевічаў у гэтых двух панах цяжка: слоўнае апісаньне, перададзенае тэлеграфам, – слабы козыр паліцыі. Ня дзіва, што пашпарт на імя Букавецкага пераходзіў з рук у рукі, адзначае Анатоль Сідарэвіч. Пашпартам, апроч А.Луцкевіча, карысталіся Алесь Бурбіс, Фэлікс Стацкевіч. Надзейна зробленых фальшывых дакумэнтаў было вобмаль.

Нелегальнае становішча – гэта пастаянная думка аб тым, дзе начаваць заўтра, бясконцыя перасяленьні, небясьпека ад віжоў і правакатараў. Салідарнасьць віленскіх сацыялістаў вартая павагі: ППСаўцы, бундаўцы, БСГоўцы дапамагалі адно аднаму паролямі, яўкамі, пускалі «нелегалаў» на партыйныя кватэры. Не было выпадкаў, каб бундаўцы выдалі меншавікоў ці меншавікі выдалі беларускіх сацыялістаў. Але бывала, успамінаў Антон Луцкевіч, што Івану праз цэлыя ночы не было дзе галаву прыхіліць. Блуканьні начной Вільняй, апроч стомы ад неспаньня, давалі спажыву для творчасьці – у Віленскім беларускім фондзе пры Акадэміі навук захоўваюцца мастацкія творы, напісаныя нейкім Іванам Міхальчуком: п’еса і празаічныя спробы. Ці быў гэта Іван Луцкевіч? Зьвестак, каб нехта яшчэ карыстаўся Міхальчуковым пашпартам, няма.

Сакрэт палітычнае папулярнасьці

Быць на нелегальным становішчы – ня значыць ляжаць на дне. У 1906 годзе Грамада робіць стаўку на арганізацыю аграрных страйкаў. У часе жніва і капаньня бульбы баставалі цэлыя паветы: Наваградзкі, Лідзкі. Паліцыя палявала на «сіцылістаў»-агітатараў, што каардынавалі тыя пратэсты – згадайма хрэстаматыйнае Коласава «Соцкі падвёў». Тадысама ля Шчорсаў быў схоплены Бурбіс.

Асноўным сродкам агітацыі былі ўлёткі. Давер да друкаванага слова сяляне мелі вялізны. Улёткі, якія распаўсюджвала Грамада празь Беларускі сялянскі саюз, прымаліся як інструкцыя. Парабкі прыходзілі да пана і давалі праклямацыю: «Во так ты павінен зрабіць!»

Улёткі Грамада выпускала адрасныя: «Мужыкам, якія возяць дровы на Тальку», «Мужыкам, якія будуюць шашу», «Як арганізаваць забастоўку». Канечне былі і асьветніцкія: «Што такое канстытуцыя», «Чаму патрэбна выбарнае правіцельства», але ў эканамічных і сацыяльных пытаньнях грамадоўцы пазьбягалі агульных фразаў, гаворыць Анатоль Сідарэвіч. БСГ – адзіная партыя на гэтай тэрыторыі, якая мела рэальную аграрную праграму. Лёзунг БСГ «Зямля сялянам» пасьля скарыстаюць бальшавікі. Адраснасьць праяўлялася і ў нацыянальным пытаньні. «Улёткі на ідыш з праграмай партыі не былі чымсьці незвычайным для БСГ, – кажа А.Сідарэвіч. – Бурбіс, арганізуючы ў 1906-м у Менску прафсаюзы, здолеў залучыць туды і габрэяў. У беларускія прафсаюзы!»

Хто складаў улёткі? Ці меў да іх дачыненьне Іван Луцкевіч? Ці быў ён сярод агітатараў-«сіцылістаў», якія падымалі воласьці на страйкі? Дакладнага адказу няма. Але ці мог уседзець ён, выдатны прамоўца, на віленскай кансьпіратыўнай кватэры?

Вось такія пікнікі

Ва ўмовах сачэньня цяжка кантактаваць і з калегамі па партыі. Як зьбіраць «партканфэрэнцыі», абмяркоўваць стратэгію далейшых дзеяньняў? БСГ знаходзіць выйсьце. Вільня традыцыйна адзначае Сьвятога Яна – Купальле. Цэнтар грандыёзнага фэсту – Сьвятаянскія муры. Мяшчане гуляюць, паўсюдна ладзяцца пікнікі. У сьвяточнай гурме няцяжка згубіцца – паліцыя ж усяго ня вынюхае. Сьвятаянскія БСГоўскія сустрэчы «на траве» робяцца традыцыйнымі.

Праз падстаўных асобаў

Нелегальнае становішча – гэта яшчэ немагчымасьць публічна выступіць ад свайго імя. «Калі засноўваецца «Наша Ніва» – а яна прадукт братоў Луцкевічаў, – ні Іван, ні Антон ня могуць выступаць пад сваімі імёнамі ў якасьці заснавальнікаў», – кажа А.Сідарэвіч. І «Наша Доля», і «Наша Ніва» пачыналі выходзіць праз падстаўных асобаў. У выданьне «Нашай Долі» Францішак Умястоўскі намовіў укласьці грошы Яна Тукеркеса. «Прожигателем жизни» называе яго Антон Луцкевіч ва ўспамінах. Гэта быў хрышчаны жыд, які прагульваў пакінутую бацькам спадчыну.

Першы «рэдактар» «Нашай Нівы» Зыгмунт Вольскі быў лясьнічы, зьняты з пасады за сваё каталіцтва, і праз гэта моцна пакрыўджаны на ўладу. Дзядзька і сам ня думаў, што ўвойдзе ў гісторыю беларускага друку. Потым яго зьмяніў Аляксандар Уласаў, які ня вельмі засьвяціўся ў часе рэвалюцыі. А фактычным першым рэдактарам «НН» аж да прыезду ў Вільню Вацлава Ластоўскага быў Антон Луцкевіч. Была праца і для Івана. «Калі вы лічыце, што я нейкі камандзір у газэце, вы памыляецеся. Ніякі я не камандзір. Мой абавязак у тым, каб газэта выходзіла», – піша ён у адным зь лістоў. Іван – мэнэджар. Ён здабывае грошы, кантактуе з дабрадзеямі, зьбірае касу. На выдавецкую справу ахвяруюць будаўнік Чырвонага касьцёлу Эдвард Вайніловіч, паплечнік Пілсудзкага Зыгмунд Нагродзкі, княгіня Магдалена Радзівіл...

За клопатам Луцкевічаў засьпявае амністыя, якую пасьля крывавага здушэньня пратэстаў абвяшчае Сталыпін. Іван і Антон вырашаюць легалізавацца. Жыць у Менск яны ня вернуцца. Трымала ў Вільні «Наша Ніва», якая набірала сілу, грамадоўскія справы, пасьля – вайна, БНР і хвароба Івана... Але ў 1908-м Луцкевічы поўныя аптымізму: яны думаюць, што найцяжэйшы пэрыяд у іх жыцьці ўжо мінуў.

Так гартавалася нацыя. Бяз тых дзеяў не было б ні 1918-га, ні 1991-га. Не было б незалежнасьці, а беларускія хлопцы дагэтуль гінулі б у Чачэніі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0