Сапоцкін знянацку адкрываецца з дарогі. Мястэчка ўсё ў лагчыне.

Сапоцкін знянацку адкрываецца з дарогі. Мястэчка ўсё ў лагчыне.

 Пры дарозе варта агледзець ці не апошні мураваны ўніяцкі храм у Беларусі ў Перстуні.Затым ён быў перароблены на «мураўёўку». Цяпер гэта касцёлЗвеставання Панны Марыі, але пабудаваны на ўсходні манер, з старым іканастасам.

Пры дарозе варта агледзець ці не апошні мураваны ўніяцкі храм у Беларусі ў
Перстуні.Затым ён быў перароблены на «мураўёўку». Цяпер гэта касцёл
Звеставання Панны Марыі, але пабудаваны на ўсходні манер, з старым іканастасам.

 Сапоцкінскі касцёл Св. Іасафата усё будаваўся ад 1789 г.: за прускім, расійскім, польскім часамі. Розныя эпохі надалі святыні непаўторны выгляд.

Сапоцкінскі касцёл Св. Іасафата усё будаваўся ад 1789 г.: за прускім, расійскім,
польскім часамі. Розныя эпохі надалі святыні непаўторны выгляд.

Святы Іасафат Кунцэвіч. Вітраж у сапоцкінскім касцёле.

Святы Іасафат Кунцэвіч. Вітраж у сапоцкінскім касцёле.

 Звесіўшы ногі з гары, можна ўдосталь наглядзецца і на панараму мястэчка, і на местачковы побыт.

Звесіўшы ногі з гары, можна ўдосталь наглядзецца і на панараму мястэчка, і на местачковы побыт.

 Калеты прытулілася ў самым куточку між межаў. Тут сканчаюцца дарогі.На цвінтары пры капліцы — брацкія магілы герояў і ахвяраў верасня 1939 г.

Калеты прытулілася ў самым куточку між межаў. Тут сканчаюцца дарогі.
На цвінтары пры капліцы — брацкія магілы герояў і ахвяраў верасня 1939 г.

 Вонкава моўны рэжым у Сапоцкіне — па местачковаму падкрэслена расейскі. А вось назвы вуліцаў — падкрэслена новыя.

Вонкава моўны рэжым у Сапоцкіне — па местачковаму падкрэслена расейскі.
А вось назвы вуліцаў — падкрэслена новыя.

 Вяртацца ў Гродна можна па іншай дарозе, праз Гожу, дзе акурат і праходзіланекалі пруска‑расійская мяжа. Каб пабачыць гожы старасвецкі касцёл Пятра і Паўлаў адной з найстарэйшых каталіцкіх парафіяў у Беларусі.

Вяртацца ў Гродна можна па іншай дарозе, праз Гожу, дзе акурат і праходзіла
некалі пруска‑расійская мяжа. Каб пабачыць гожы старасвецкі касцёл Пятра і Паўла
ў адной з найстарэйшых каталіцкіх парафіяў у Беларусі.

Беларусь не сканчаецца на Гродне. І за Нёманам людзі ё.

На самым паўночным захадзе Беларусі, там, дзе заходзіць сонца, ёсць слаўнае мястэчка Сапоцкін, што змясцілася ў кутку межаў трох дзяржаваў: Беларусі, Польшчы і Літвы. Сапоцкiнскi край, паўночна‑заходняя частка Гродзенскага раёну — унікальны рэгіён. Калі хочаце пабачыць маленькую беларускую Польшчу — едзьце туды. Там нарадзіліся лідэры абодвух саюзаў палякаў Тадэвуш Гавін і Юзаф Лучнік і яшчэ эканаміст Яраслаў Раманчук.

Тут няма турысцкай штурханіны. Дарогі тут выдатныя — шырокія і гладкія. І пустынныя.
Бо раней была памежная зона, якая ад гэтага году стала больш даступнай.

Адметны тут і клімат. Здаецца, прыслухаешся — і пачуеш гук балтыйскіх хваляў. Вецер з недалёкага мора дзьме ў тутэйшыя высачэзныя пагоркі, што на беларускае вока ўжо і горы.

Гэта адчувае кожны, хто пераязджае мост над віраплыннай рэчкай Ласоснай, ці, як яе тут пяшчотна называюць, — Ласасянкай. Спачатку паабапал дарогі разлягаюцца неаглядныя палі, што неўзабаве змяняюцца стромымі пясчанымі градамі, букатымі пагоркамі, зрэдчас парослымі купамі маладога сасонніку.

Часам з‑за гары можна ўбачыць шпіль касцёлу альбо заімшэлы бетон немаведама ўжо чыіх — расійскіх, польскіх ці нямецкіх — фартоў…

А за Сапоцкінам, абапал Чорнае Ганчы і Аўгустоўскага каналу, стаіць дрымучы лес, што нырцуе пад калючы дрот і сыходзіць за ўсе межы. Гэта рэшткі былое Перстуньскае пушчы. Тут, у пушчанскіх нетрах, ёсць цэлы ружанец чысцюткіх азёраў. Да ляснога возера Кавеня, што па дарозе на Калеты, можна і падысці. Да іншых — самому не дабрацца.

Гэты наш акраец, па падзелах Рэчы Паспалітае, адышоў пачаткова да Прусіі, а затым, у выніку напалеонаўскіх кампаніяў і дыпламатычных гульняў, да Расіі.

Але Сапоцкіншчына не трапіла наўпрост у Паўночна‑Заходні край, а ўваходзіла ў расійскае Царства Польскае. Таму царскія ўлады так доўга трывалі тут iснаванне ўніяцкага веравызнання. 9000 тутэйшых грэка‑каталiкоў былi апошнiмi беларусамi‑ўнiятамi. Па ўсёй Беларусі Унія была скасаваная ў 1840 г., але Сапоцкіншчына аж да 1875 г. уваходзіла ў склад Холмскай грэка‑каталіцкай дыяцэзіі і зберагала старажытныя традыцыі.

Дарога з Гродна на Сапоцкін ляжыць праз Падлабенне, вялікую вёску, гродзенскае прадмесце. Ваколіцы выглядаюць вельмі заможна. Пасярод Лабы‑Падлабення на гары стаіць вялікі храм, дзіўнаватай, нязграбнай архітэктуры. І праўда, пачаткова гэта была праваслаўная царква, пабудаваная на месцы старажытнай уніяцкай, у псеўдарускім стылі ў 1882 г. У Першую сусветную вайну праваслаўныя адсюль выехалі, і храм у 1929 г. пасля рэстаўрацыі высвяцілі ў каталіцкі касцёл Найсвяцейшае Панны Марыі. Людзі тут сёння не даюць веры, што некалі гэтае мястэчка было праваслаўным.

Калі збочыць з дарогі, то недалёка і вёска Адамавічы, што відаць здалёк, дзякуючы капітальнаму касцёлу на гары. Абапал дарогі, між жывапісных узгорыстых разлогаў, разлягліся лецішчы. Адамавіцкі касцёл Унебаўзяцця Найсвяцейшае Панны Марыі выдатна дагледжаны, як і тутэйшыя могілкі. Наогул, закінутых ці занядбаных храмаў па гэты, заходні бок Нёману, няма. Тутэйшыя сем вялікіх парафіяў аб’яднаныя ў Сапоцкінскі дэканат. А вось з праваслаўных цэркваў тут толькі малы прыход у самім Сапоцкіне. Такі вось вынік ня¬простае тутэйшае гісторыі.

У красавіку 1875 году і ў гэтым краі была ліквідаваная ўніяцкая царква. Вось што згадвае адзін са сведкаў тае эпохі: «Толькі казакі нагайкай умацавалі там урадавую веру. (…) Перашкоду працы казакаў ставіў касцёл, а калі яго зачынілі, народ лёг у ім, і казакі білі там людзей, дваіх забілі, колькі дзесяткаў страшна пакалечылі…»

Ад лета 1915 году і да 1919 Сапоцкінскі край быў акупаваны нямецкімі войскамі і зноўку далучаны наўпрост да Усходняе Прусіі.
Аднак ад сярэдзіны 1919 году фактычна, а ў 1921 годзе і юрыдычна Сапоцкіншчына была далучаная да Польшчы, і колішнія ўніяты ператварыліся ў каталікоў, абы не быць праваслаўнымі.

Крыху далей, па іншы бок дарогі, між гораў прытулілася вёска Перстунь. Як і паўсюль на Сапоцкіншчыне, найлепшыя віды адкрываюцца не з дарогі, а з блізкіх пагоркаў. Тутэйшы храм Звеставання Панны Марыі быў пабудаваны пачаткова ў 1848 менавіта як уніяцкая царква, затым, пасля 1875, перароблены ў праваслаўную, а з 1919 году ўжо дзеіць як касцёл. Што звонку, сваім ампірным характарам, што ў сярэдзіне, рэштай царкоўнага ўбрання, гэты касцёл унікальны. І праўда, дзе яшчэ ўбачыш у касцёле, замест алтарнае скульптуры, стары іканастас?

Па другі бок дарогі на Сапоцкін, за колькі кіламетраў, — славуты Свяцк.

Тут знаходзіцца некалі шыкоўны палацава‑паркавы комплекс Валовічаў, што быў пабудаваны ў 1779 г. італьянскім дойлідам Джузэпэ Сака. Аздабленне палацу ў Свяцку цягнулася паўстагоддзя. Асабліва ўражваў другі паверх, у дэкоры якога спалучаліся рысы як барока, так і класіцызму. А парк, спавіты каналамі і ставамі, дасёння захоўвае рамантычную маляўнічасць. Супярэчлівыя ўражанні. І захапленне і роспач.

Але вось яшчэ адзін узгорак, другі, і… з гары ўжо відаць Сапоцкін, што ляжыць у даліне.. Адсюль ён увесь як на далоні. Адусюль відаць вялізарны тутэйшы касцёл Святога Іасафата, што быў пабудаваны Валовічамі яшчэ ў 1789 годзе, у часы панавання тут Прусіі! Цяжка распавядаць пра сапраўдны стан тутэйшых справаў, грунтуючыся не на канфесiйных міфах ці ідэалагічных штампах, а на гiстарычных фактах і жывых сведчаннях. Перабудова касцёлу пад Праабражэнскі жаночы манастыр у 1890‑я на праваслаўны лад змянілі выгляд. Манашкі ў пачатку 1915 году эвакуяваліся, і ў 1916 годзе касцёл быў вернуты гаспадарам. Храм у Сапоцкіне — рэдкі храм, што носіць імя Іасфата Кунцэвіча.

Нават з першага погляду Сапоцкін выглядае салідна. Некалі ж, да 1959 году, ён быў цэнтрам асобнага раёну.
І як мае быць у райцэнтры, тут стаяць дыхтоўныя, сталінскіх часоў, будынкі адміністрацыяў, кантораў ды клубу. Помнік землякам, дагледжаны сквер. Адно толькі назвы вуліцаў ужо не савецкія: Яна Паўла ІІ, Элізы Ажэшкі, гэнерала Вільчынскага. Сапоцкін цяпер — апірышча Саюзу палякаў у Беларусі. Люд тутэйшы гаворыць на сакавітай беларускай мове, устаўляючы старыя паланізмы. Жанчыны, дарэчы, болей імкнуцца гаварыць па‑польску.

Пасярод Сапоцкіна — дзіцячы садок, пабудаваны акурат на старажытным царкавішчы. Тутэйшая мураваная Успенская царква была пабудаваная для ўніятаў яшчэ ў 1780 г, але за Саветамі закрытая, пераробленая на склад тытуню, а ў 1970‑я разбураная. Ад яе ацалелі толькі цыклапічныя сцены падпорнага муру тэрасы, колішняга цвінтару. А вось цяпер на колішніх магілах — тэрыторыя сапоцкінскага дзіцячага садка. Засталіся яшчэ і царкоўныя прысады. Людзі ахвотна распавядаюць, што тут было раней, і абураюцца, дзеля чаго ж паставілі садок на костках.

Вакол Сапоцкіна — вялізарныя пагоркі. Дзе яшчэ ў Беларусі можна сядзець, звесіўшы ногі, на гары і глядзець уніз, на стрэхі дамоў?

У 1939 годзе тут кіпелі страшныя баі. З аднаго боку нямецкія, з другога — савецкія войскі, атачылі ў раёне Сапоцкіна шматтысячную групоўку польскіх войскаў. Магілы жаўнераў у сапоцкінскіх ваколіцах — сведчанне самай драматычнай старонкі мясцовай гісторыі.

З канца таго векапомнага 1939 году Сапоцкін стаў раённым цэнтрам Беластоцкае вобласці Беларусі. Але ў 1944 г., гэтаксама раптоўна, траціну Сапоцкіншчыны аддалі Польшчы… Гэтак упершыню за ўсю сваю аглядную старадаўнюю гісторыю гэты куток беларускае зямлі аказаўся разарваным на два кавалкі. Напамінам пра бурлівую і нялёгкую гісторыю Сапоцкіншчыны засталіся храмы, старадаўнія руіны, курганы, раскіданыя сярод цёмных лясоў. У недалёкай вёсачцы Калеты, што прыткнулася ў самым куточку, між межаў, адна з найбольшых брацкіх магілаў 1939 году.

Тут, на гарах, засталіся таксама нейкія цыклапічныя падмуркі з агромністых валуноў. Але адкуль яны — не дадуць рады распавесці нават людзі з суседніх хатаў. Затое можна, нікога не пытаючыся, удосталь паласавацца суніцамі, назбіраць грыбоў, пацікаваць за пярэстымі казюркамі і надыхацца свежым горным паветрам. І глядзець, глядзець за далягляд… Вунь у тым баку, за лесам, — Польшча, а за той гарою — Літва.

Сяргей Харэўскі

Сапоцкін - мястэчка ў Гродзенскім раёне. За 21 км да паўночнага захаду ад Гродна, з якім злучана аўтамабільнай дарогай.
Цэнтр біялагічнага заказніку «Сапоцкінскі». Гасцініца. Дом быту. Насельніцтва 1,4 тыс. чал. (2006).
Сапоцкін вядомы з XVI ст. як мястэчка Гарадзенскага павету Трокскага, з 1793 —Гарадзенскага ваяводства ВКЛ. Меў герб — у блакітным полі срэбны вол з залатымі рагамі.
З 1795 у складзе Прусіі, з 1807 — Варшаўскага герцагства, з 1815 у складзе Царства Польскага Расійскай імперыі.
У 1915—1918 — зноў у складзе Германіі, З 1921 — у Польшчы, З 1939 — у БССР, цэнтр раёну Беластоцкай, з 1944 — Гродзенскай вобл.
З 1959 — у Гродзенскім раёне. Касцёл, царква. На заходняй ускраіне мястэчка — помнік археалогіі, курганны магільнік (X—XІ стст.) Каталіцкія могілкі, старыя габрэйскія могілкі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0