У гадавіну Чарнобылю мы з сябрам наведалі лес каля вёскі Млынок, што недалёка ад Баранавічаў. Яшчэ 15 гадоў таму нават мясцовае насельніцтва вёскі не магло патрапіць у свой лес: там захоўвалася ядзерная зброя савецкага войска.

Тая зброя прызначалася для савецкіх самалётаў, што месціліся ў Баранавічах. Далёкая авіяцыя зляцела ў Расію, атамную зброю таксама выцягнулі з нашай зямелькі. І мясцовае насельніцтва, відаць, першым кінулася ў свой лясок, каб паглядзець, што ж тамака рабілася колькі дзесяцігоддзяў. Каб паглядзець і нешта прыдбаць…

Ад Млынка да лесу ляжыць звычайная грунтовая дарога. І раптам мы трапляем на насыпаную дарогу, падобную да грэблі, з бетонных плітаў. Тая вузкая дарога, на адну машыну, (але праз кожныя паўкіламетру з кішэнямі для раз’езду) працінае лес ад аэрадрому да ядзернага сховішча.

Пад’язджаючы да былога КПП, заўважаеш толькі друз ад чырвонай цэглы. Усе будынкі знішчаныя ці, як мінімум, напалову пабураныя. Беларускі народ не дасць прапасці будаўнічаму матэрыялу. Прыдасца ўсё: і цэгла, і бетонныя бэлькі, і пліты. Савецкія ўмацаванні цяпер расцягваюцца, як раней разбураліся на будаўнічыя матэрыялы палацы і замкі мясцовай шляхты.

Пакінуўшы аўто на шырокім пляцы з такіх самых бетонных плітаў, мы накіроўваемся да бункеру, дзе захоў¬валі ядзерныя ракеты. Каля бункеру на нейкае імгненне слупянеем — побач мітусіцца дзесятак хлопцаў у вайсковай форме. На спінах нешта напісана, але не разглядзець, у руках драўляныя калашнікі. Побач некалькі цывільных. Прыпаркаваныя машыны з мінскімі нумарамі. Адчуваем пах шашлыкоў, недзе на бункеры вышынёю з трохпавярховы дом чуюцца галасы дзяўчатаў. «Вайскоўцы» неўпрыкмет знікаюць у лесе, пакідаючы нам здагадкі… Адзін з цывілаў набліжаецца да нас, размаўляючы па тэлефоне. Пакуль мы не сыходзім ад бункеру, ён трымаецца за пару крокаў да нас.

Дах бункеру парослы дрэвамі. Для маскіроўкі ад замежных спадарожнікаў. Вароты захавальніку атамнай зброі расчыненыя, паміж плітаў вада… Адчуваеш сябе нейкім сталкерам з фільму Таркоўскага. Сцены спісаныя турыстамі. Кідаецца ў вочы: «Паміраем, але не здаёмся. Дракула».

Недалёка знаходзім другі бункер. Шлях да яго перагароджвае шлагбаўм. Бункер у значна лепшым стане. Дзверы зачыненыя, зробленая выцяжка. Насупраць дзвярэй — купа гнілое бульбы і морквы. Відаць, выкарыстоўваецца цяпер пад захаванне гародніны.

Па лесе сустракаюцца розныя іншыя паўразбураныя будынкі, прызначэнне якіх застаецца загадкаю. Усю былую вайсковую базу працялі павуцінаю невялікія пракапаныя канавы. Выкопвалі кабелі, каляровы метал! Калючы дрот сустракаецца зрэдчас — перакачаваў амаль увесь у вёску.

З’язджаючы, разумееш, што ў выпадку нейкага канфлікту ад Млынка не засталося б і следу. Як выпарылася б і значная частка Баранавічаў з ваколіцамі. Палова Беларусі была нашпігаваная за СССР войскамі і тэхнікай.

Мы з’язджаем з патэнцыйнага Чарнобылю, Хірасімы ці Нагасакі, які, дзякаваць Богу, скончыў сваё існаванне разам з савецкай імперыяй.

Едзем у Ястрамбель, які побач, глядзець старадаўні маёнтак і закінуты парк.

Руслан Равяка, Баранавічы

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0