Віцебскі энергетык

Пятруша родам з Віцебска, там скончыў тэхналагічны ўніверсітэт у 2006 годзе, у 2012 годзе — Акадэмію кіравання.

Працоўную дзейнасць пачаў у 2006 годзе майстрам службы эксплуатацыі газавай гаспадаркі філіяла «Віцебскае вытворчае ўпраўленне газавай гаспадаркі «РУП» Віцебскаблгаз».

У перыяд з 2008 па 2016 гады працягнуў працу на прадпрыемстве «Віцебскаблгаз» на кіруючых пасадах.

З ліпеня 2016 па чэрвень 2018 працаваў на «Белпалівагазе» на пасадзе намесніка генеральнага дырэктара — начальніка ўпраўлення і перспектыўнага развіцця і інвестыцый дзяржаўнага вытворчага аб'яднання па паліве і газіфікацыі.

Самы малады кіраўнік у сталіцы

У 2018 годзе Пятруша быў прызначаны на пасаду кіраўніка Цэнтральнага раёна Мінска, змяніўшы былога БРСМаўца Ігара Бузоўскага (той сыйшоў у Мінінфарм). На той момант 34-гадовы Пятруша быў самым маладым кіраўніком раёна ў сталіцы.

З сям'і чыноўніка

Бацька маладога чыноўніка таксама дзярслужачы — сёння Віктар Пятруша ўзначальвае прадпрыемства «Галоўдзяржбудэкспертыза». 

Дзмітры Пятруша жанаты, мае дваіх дзяцей: сына і дачку. Жонка таксама родам з Віцебска.

Казаў, што бел-чырвона-белыя сцягі можна вешаць на балконах

У верасні 2020 Пятруша правёў выязны прыём грамадзян, дзе яго спыталі, чаму людзям забараняюць збірацца ў дварах і развешваць бела-чырвона-белыя сцягі. Чыноўнік адказаў: сімволіка не забароненая, пытанні, маўляў, узнікаюць толькі калі сцягі вешаюць на фасад.

«Часам закрываюць нават вокны суседзям, яны скардзяцца. Тады мы просім сцягі самім зняць, калі не хочуць, то прыцягваем да адміністратыўнай адказнасці, — сказаў ён. — Не чапаем фасад, а дома, калі ёсць жаданне, — калі ласка. Але ж святла будзе менш трапляць».

Спрабаваў «спыніць перамены»

Найбольшую вядомасць Дзмітры Пятруша набыў улетку 2020 года. На праўладным мерапрыемстве, якое праходзіла ў Кіеўскім скверы Мінска, хлопцы з Палаца моладзі, якія стаялі за дыджэйскім пультам, нечакана ўключылі песню Віктара Цоя «Перамен». Людзі на плошчы жыва адрэагавалі на гэта, пачалі апладзіраваць. 

Пятруша падляцеў да калонак і пачаў выдзіраць з іх драты. Таксама ён паклікаў міліцыю, дыджэяў хутка затрымалі.

Мінуў год. Дыджэі Кірыл Галанаў і Улад Сакалоўскі, якія ўключылі Цоя, паспелі адсядзець на сутках, стаць сімвалам пратэсту і ўрэшце з’ехаць з краіны.

А Дзмітры Пятруша заняў галоўнае крэсла на буйным дзяржпрадпрыемстве.

Клас
0
Панылы сорам
1
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0