«Была атрыманая інфармацыя аб прыбыцці ў Беларусь больш за 200 баевікоў для дэстабілізацыі абстаноўкі ў перыяд выбарчай кампаніі. Пры сабе расіяне мелі кожны па невялікай ручной паклажы, і на ўсіх — тры вялікія цяжкія валізкі, загрузку якіх у транспартны сродак ажыццяўлялі некалькі мужчын», — гаварылася ў заяве. Пазней многія выпускі навін аб вагнераўцах знікнуць з ютуба і дзяржаўных сайтаў.

У той жа вечар Лукашэнка збірае тэрміновую нараду з кіраўніцтвам Рады бяспекі, якую на той момант узначальваў Андрэй Раўкоў. «Я гляджу на рэакцыю расейцаў. Яны ўжо, апраўдваючыся, кажуць, што ледзь не мы іх самі сюды завезлі. Ясна, трэба ж неяк апраўдаць свае брудныя намеры», — казаў Лукашэнка.

«Снайпер, падрыўнікі, айцішнікі», — характаразаваў затрыманых баевікоў Андрэй Раўкоў.

На раніцу наступнага дня ўсіх кандыдатаў у прэзідэнты, а гэта адбывалася за тыдзень з невялікім да выбараў, выклікалі ў ЦВК, каб расказаць пра сітуацыю. На сустрэчы прысутнічаў асабіста Раўкоў, які стаў расказваць, што ў лясах Беларусі хаваецца больш за 170 баевікоў, якіх яшчэ не паспелі злавіць. «Нам паведамілі, што пад расійскімі Псковам і Невелем фарміруюцца яшчэ дзве групоўкі», — расказаў потым журналістам кандыдат Андрэй Дзмітрыеў.

Тым не менш, Ціханоўская не пайшла на адмену мітынгу-канцэрту на Бангалоры 30 ліпеня, на які сабраліся дзясяткі тысяч выбарцаў. Мітынг прайшоў без правакацый.

Вядома, Расія не разумела, што адбываецца, і каментавала падзеі з затрыманнем сваіх грамадзян дастаткова стрымана. Украіна заявіла, што просіць экстрадзіраваць затрыманых на яе тэрыторыю. Справа ў тым, што многія з іх прымалі ўдзел у баявых дзеяннях на ўсходзе Украіны. МЗС выклікаў да сябе паслоў абедзвюх краін.

Далей Следчы камітэт паспрабаваў звязаць затрыманых вагнераўцаў з дзейнасцю Сяргея Ціханоўскага і Міколы Статкевіча. «Раней яны лічылі, што я валодаю тэлепартацыяй, бо абвінавачвалі мяне ў тым, чаго я не рабіў, у месцы, дзе я не быў. Цяпер яны вырашылі, што я валодаю яшчэ і тэлепатыяй, бо сілай думкі пранікаю ў галовы і арганізоўваю змовы з Ціханоўскім і «вагнераўцамі», — каментаваў Статкевіч з СІЗА.

Версія Следчага камітэта была ў тым, што ў затрыманых расіян былі білеты з Мінска ў Стамбул, але яны імі не скарысталіся, а паехалі ў Беларусь, каб дэстабілізаваць сітуацыю напярэдадні выбараў. На іх завялі крымінальную справу па артыкуле 293 КК «Падрыхтоўка масавых беспарадкаў».

Расійская прапаганда моцна накінулася на Лукашэнку праз гэтае затрыманне. У перадачы Салаўёва гаварылася, што фактычна Беларусь разрывае адносіны з Расіяй праз гэты інцыдэнт, а саму справу можна было б вырашыць спакойна на ўзроўні спецслужб і не прыцягваць увагу.

Сярод грамадскасці было папулярным меркаванне, што байцы Вагнера, якія прыехалі ў Беларусь па запрашэнні Ціханоўскага — чарговы спектакль, які нічым не скончыцца, як было з дохлымі пацукамі ці джыпамі, што прарываліся праз украінскую мяжу. Аднак праўладныя аналітыкі кшталту Аляксандра Шпакоўскага і Пятра Пятроўскага пераконвалі, што на гэты раз усё вельмі сур’ёзна і ва ўладаў ёсць неаспрэчныя доказы.

Але потым пачаліся прэзідэнцкія выбары, успыхнулі пратэсты. І ўлады ўбачылі, што спадзявацца могуць толькі на Расію, а для гэтага трэба ўлагодзіць сітуацыю з вагнераўцамі. 14 жніўня затрыманыя расейцы былі адпраўленыя на радзіму. Пазней Лукашэнка сказаў, што даў загад старэйшаму сыну Віктару выбачыцца перад гэтымі людзьмі. Вось так цягам паловы месяца Расія з донара нестабільнасці ў Беларусі стала зноў галоўным саюзнікам.

У выніку той спецаперацыі паляцеў з пасады Андрэй Раўкоў. Цяпер ён пасол у Азербайджане.

Пазней украінскія спецслужбы расказалі, што выманьванне вагнераўцаў у Беларусь было часткай іх спецаперацыі па затрыманні гэтых асоб. Менавіта ўкраінскія спецслужбы вербавалі вагнераўцаў на падстаўную працу ў Сірыі і куплялі ім квіткі з Мінска ў Стамбул. Падчас вярбоўкі вагнераўцы паведамлялі аб сваіх злачынствах ва Украіне. Падчас пералёту самалёт павінен быў прызямліцца ва Украіне, бо аднаму з пасажыраў стала б млосна на борце. Спецаперацыя была санкцыянаваная Пятром Парашэнкам яшчэ ў 2018 годзе.

Мінуў год з затрымання вагнераўцаў. Сёння ўлады, дзяржаўныя СМІ нават не згадваюць, куды ж падзеліся тыя 170 баевікоў, якія хаваліся ў беларускіх лясах. І Следчы камітэт не паведамляе, як ідзе расследаванне па крымінальнай справе, якую завялі на расіян.

Не так даўно пра той выпадак выказаўся і прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі:

«Апошні раз з Лукашэнкам мы размаўлялі па тэлефоне. Калі вагнераўцы былі на тэрыторыі Беларусі, я патэлефанаваў Аляксандру Рыгоравічу, я папрасіў яго, я яго папярэдзіў, што гатовы перадаць яму ўсю інфармацыю адносна гэтых людзей, там былі прозвішчы, мы разумелі, хто гэта такія. Тым не менш ён сказаў мне па тэлефоне: «Я разумею, дарагі Уладзімір Аляксандравіч, я не падвяду, усё будзе нармальна, я разбяруся». Я быў упэўнены, што ён перадасць нам гэтых забойцаў. Але потым адбылося тое, што адбылося. Гэта была апошняя наша з ім гутарка», — сказаў Зяленскі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?