Гучны сігнал самца мае дваякае значэнне: гэта можа быць як прызыў, так і застрашванне. Па магутнасці рову алені распазнаюць сілу суперніка і вырашаюць, ці ўступаць ім у адзінаборства. Маладыя самцы, як правіла, не ўступаюць у прамое сутыкненне з фізічна мацнейшымі, пазбягаючы магчымых раненняў ад рагоў больш моцнага суперніка. Звычайна за права валодання самкамі ў бой уступаюць прыкладна роўныя па сіле супернікі і тут часам разыгрываюцца самыя сапраўдныя драмы аж да гібелі жывёл.

У перыяд спарвання выпадкі гібелі самцоў у баявых паядынках ужо фіксаваліся ў Белавежскай пушчы: былі апісаны дзве гібелі самцоў аленя з-за скрыжавання рагоў. Падобны выпадак упершыню здарыўся сёлета ў верасні і ў Бярэзінскім запаведніку.

Два прыкладна роўныя па сіле самцы намёртва счапіліся рагамі ў пойме Бярэзіны, дзе адбываецца большасць турнірных баёў. Праз некаторы час жывёлы апынуліся ў рэчышчы ракі і патанулі.

Супрацоўнікі запаведніка выявілі загінулых жывёл на тэрыторыі Крайцаўскага лясніцтва. Счапленне рагоў аказалася настолькі моцным, што раз'яднаць іх нават людзям аказалася не пад сілу.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0