Рэйхстаг. Фота depositphotos.com.
У нядзелю ў Германіі прайшлі федэральныя выбары — бадай, самыя непрадказальныя за апошні час. Раніцай 27 верасня ЦВК краіны апублікавала даныя, згодна з якімі першае месца ў выбаршчыкаў атрымала Сацыял-дэмакратычная партыя Германіі (25,7% галасоў). А вось кансерватыўны блок ХДС/ХСС — родная для Меркель партыя — набраў усяго 24,1%, што складае самы нізкі вынік для партыі за ўсю яе гісторыю.
Ёсць звесткі, што ХДС/ХСС не збіраецца так проста здавацца і плануе сфарміраваць сваю кааліцыю. Адпаведныя перамовы пачнуцца з лібераламі і нямецкімі «зялёнымі», а па выніках стварэння кааліцыі партыя можа сысці ў апазіцыю. Сумныя вынікі для партыі, прадстаўніца якой 16 гадоў кіравала краінай і шмат у чым заслужыла падзяку немцаў.
Армін Лашэт: пераемнік ці кандыдат перамен?
Армін Лашэт, кандыдат у канцлеры ад ХДС/ХСС, знаходзіўся ў цяжкім становішчы з таго моманту, калі яго абвясцілі пераемнікам Меркель. Перад Лашэтам, 60-гадовым прэм’ерам нямецкай зямлі Паўночны Рэйн-Вестфалія, паўстаў выбар.
Ці павінен ён прэзентаваць сябе як новую асобу і адмовіцца ад спадчыны Меркель, пры гэтым рызыкуючы страціць традыцыйных прыхільнікаў партыі ва ўзросце ад 65 гадоў? А можа, больш правільным для Лашэта было б паказаць сябе прыхільнікам палітыкі Меркель і не згубіць каштоўныя галасы выбаршчыкаў?
Канцлер зрабіла гэты выбар за Лашэта. На працягу доўгага часу з пачатка выбарчай кампаніі яна ніяк не ўдзельнічала ў гонцы, нібыта забыла, што з’яўляецца членам ХДС/ХСС. Але пазней яна пачала афіцыйна падтрымліваць Лашэта, што паставіла крыж на яго шансах стаць кандыдатам за перамены.
Армін Лашэт. Фота flickr.com.
Спачатку Лашэта лічылі фаварытам перадвыбарчай гонкі, але ў сярэдзіне ліпеня становішча пачало імкліва пагаршацца. Кандыдат ад хрысціянскіх дэмакратаў, як называюць партыю Меркель, нарабіў шэраг памылак у публічнай прасторы, якія прывялі да падзення яго рэйтынгу і нават да скандалаў.
Першая з вялікіх памылак пратэжэ Меркель звязаная з моцнымі залевамі, што накрылі ў сярэдзіне лета паўночную Германію і ў тым ліку зямлю Паўночны Рэйн —Вестфалія, дзе Лашэт з’яўляецца прэм’ерам.
У той час камеры заснялі смех Лашэта на мерапрыемстве, дзе нямецкі прэзідэнт Франк-Вальтэр Штайнмаер аддаваў даніну памяці ахвярам залевы. Шмат СМІ адзначылі, што Лашэт наведваў зону катастрофы ў недарэчных строгіх туфлях.
Той самы смех Лашэта на мерапрыемстве ў памяць ахвяр залеваў.
Пазней у тэлеінтэрв’ю Лашэта спыталі, ці зрабіў урад, на яго погляд, памылкі ў барацьбе са зменай клімату. Той адказаў, што не варта змяняць палітыку проста праз падзеі аднаго дня — і шмат хто зразумеў словы Лашэта як спробу прыменшыць наступствы залеваў.
Праз некалькі тыдняў пасля той гісторыі пра Лашэта зноў загаварылі ў негатыўным кантэксце. Прычынай сталі словы палітыка пра тое, што «2015 год не павінен паўтарыцца», сказаныя ў дачыненні да крызісу ў Афганістане. Лашэт спасылаўся на наплыў бежанцаў у Германію ў 2015 годзе. Süddeutsche Zeitung, найвялікшае штодзённае выданне Германіі, пасля таго выказвання абвінаваціла палітыка ў падтрымцы крайне правых сілаў.
Па меркаванню журналістаў, «кожны, хто лічыць, што 2015 год не павінен паўтарыцца, кажа — мы можам дазволіць сабе такі гуманізм толькі адзін раз».
Нарэшце, у канцы ліпеня Лашэт стаў фігурантам скандалу праз абвінавачванні ў плагіяце. Справа датычылася яго кнігі 2009 года выпуску, прысвечанай пытанням іміграцыі. Палітык прынёс прабачэнні і паабяцаў звярнуцца да экспертаў, каб праверыць сваю працу на наяўнасць «іншых хібаў». Між іншым, аналагічныя абвінавачванні ў плагіяце ўжо выклікалі скандалы ў сувязі з іншымі нямецкімі палітыкамі. У маі такі скандал нават каштаваў міністэрскай пасады Францысцы Гіфай, экс-кіраўніцы ведамства па справах сям'і.
Ангела Меркель. Фота depositphotos.com.
Лашэт - не Меркель
Але ж не толькі памылкі Лашэта прывялі яго партыю да такіх вынікаў на выбарах. Справа ў тым, што хрысціянскія дэмакраты, як называюць партыю Меркель, шмат у чым залежалі ад асобы свайго канцлера.
Прагматычна-цэнтрысцкія погляды Меркель і яе спакой у любых сітуацыях дапамаглі ХДС/ХСС прыцягнуць галасы не толькі традыцыйных прыхільнікаў партыі, але і тых, каму проста падабаецца канцлер. Шмат хто з такіх выбаршчыкаў — жанчыны, пажылыя немцы і прыхільнікі цэнтрысцкіх поглядаў, для якіх непрымальны радыкалізм.
Згодна з данымі апытанак, магчыма, што кожны трэці з выбаршчыкаў, хто падтрымаў хрысціянскіх дэмакратаў на мінулых выбараў, зрабіў гэта праз асобу Меркель. Зараз Меркель сыходзіць. Замест яе партыя прапанавала асобу Арміна Лашэта - палітыка, што паказаў сябе зусім не такім бездакорным у публічнай прасторы. У такіх умовах шмат выбаршчыкаў схіляюцца да іншых партый, напрыклад, да СДПГ, якая і ўзяла першае месца на выбарах.