Фота depositphotos.com

Фота depositphotos.com

Як змяняецца псіхалогія палітвязня?

«Складана разважаць пра змены ў стане палітвязняў, бо цяпер пра гэта няма ніякай статыстыкі, яе можна будзе сабраць толькі пазней. Але можна гаварыць пра нейкія агульныя псіхалагічныя наступствы знаходжання ў беларускіх турмах.

На жаль, яны вельмі рэдка звяртаюцца па псіхалагічную дапамогу, але, напэўна, усё залежыць ад інтэлекту і асяроддзя чалавека.

Зразумела, што тым людзям, якія адбывалі доўгі тэрмін зняволення, патрэбная доўгая псіхатэрапія, каб вярнуцца ў грамадства і да звычайнага жыцця.

Нават бізнэсмены і адукаваныя людзі, якія доўга «сядзелі», дэманструюць у звычайным жыцці звычкі, узятыя з «зоны».

Напрыклад, яны прыносяць адтуль характэрнае стаўленне да людзей, прынцыпы іерархіі, падаўлення. Для іх важна завяршыць «турэмную» частку жыцця, адпусціць яе і жыць далей, і ў гэтым ім дапаможа доўгая тэрапія.

Спачатку былым вязням трэба будзе папрацаваць над сваёй рэакцыяй, адрэфлексаваць тое, праз што яны прайшлі, а потым ужо можна будзе нанава адбудоўваць сваю асобу».

Наталля Скібская. Фота з архіва спікера

Наталля Скібская. Фота з архіва спікера

Што адбываецца з чалавекам у турме?

«Перш за ўсё, ён губляе суб’ектнасць, то-бок магчымасць кіраваць сваім жыццём. Ты жывеш па ўсталяваным кімсьці іншым распарадку і часам не можаш нават легчы ці сесці, калі табе гэтага хочацца.

Успомніце Сцяпана Латыпава і тое, як ён уваткнуў сабе ў горла асадку. Думаю, для яго гэта была спроба вярнуць сваю суб’ектнасць — маўляў, я не магу рабіць што хачу, знаходзіцца дзе хачу, есці што хачу, таму я хаця б вырашу, калі мне жыць, а калі не.

І не дзіва, што людзі ідуць на самагубствы ці глытаюць у турмах прадметы. Чалавек хоча хоць часткова быць аўтарам свайго жыцця, таму ён вырашае хоць так распарадзіцца сваім целам.

Зняволеныя пастаянна знаходзяцца ў атачэнні іншых людзей і вельмі пакутуюць праз немагчымасць адасобіцца. Камусьці гэта трэба больш, камусьці — менш, але быць часам аднаму — нармальная патрэба для чалавека.

У вязняў няма такой магчымасці, нават падчас мыцця вакол іх ёсць людзі, і ўсё гэта вельмі парушае асабістыя межы. Ты маеш толькі ложак і тумбачку, і ў любы момант нехта можа ўварвацца на гэтую тэрыторыю.

Калі ў мінулым годзе ў нас зноў пачалі з’яўляцца палітвязні, я пісала ў сацыяльных сетках пра тое, наколькі гэтыя людзі пазбаўленыя новых уражанняў. Прапаноўвала дасылаць ім каляровыя паштоўкі, выбіраць экзэмпляры з рознымі фактурамі.

У зняволенні не так шмат розных колераў: нават калі вязню перададуць спартыўны касцюм не таго колеру, які дазволены, гэты касцюм не прымуць, прычым дазволеныя колеры звычайна цёмныя.

Што датычыцца СІЗА, я чула гісторыі пра тое, як людзі там радаваліся, напрыклад, калі знаходзілі падчас прагулкі ў асфальце маленькі расток. Для іх гэта было першае жывое, што яны бачылі за шмат дзён. Людзям важна назіраць за прыродай, бачыць, як змяняюцца сезоны, а людзі ў СІЗА пазбаўленыя гэтага.

Каб наша нервовая сістэма нармальна працавала, нам патрэбныя розныя стымулы, а не адно і тое ж. Калі іх няма, чалавек звальваецца ў дэпрэсіўны стан, ён губляе адчуванне дынамікі часу, энергію і веру ў лепшае, адчувае прыгнечанасць. Размываюцца межы рэальнасці, і чалавек паціху рухаецца да мяжы псіхічнай нормы».

Фота depositphotos.com

Фота depositphotos.com

Як праходзіць адаптацыя да турмы?

«Калі чалавек ужо асуджаны, ён праходзіць праз стадыі прыняцця непазбежнага: адмаўленне, гнеў, гандаль, дэпрэсія і прыняцце.

Вязень павінны прыняць тое, што з ім здарылася, усвядоміць гэта і навучыцца жыць у новых умовах. Не варта моцна супраціўляцца асяроддзю, бо інакш яно проста знішчыць вязня: чалавек трапіць у ШІЗА, яму не будуць аказваць медычную дапамогу і так далей.

Адаптацыя да асяроддзя можа заняць розны час, і кожны чалавек праходзіць стадыі прыняцця са сваёй хуткасцю. Можна ўсе стадыі прайсці за год, а можна, напрыклад, год знаходзіцца ў стадыі гневу. Але чым хутчэй чалавек пройдзе ўсе стадыі, тым лепей для яго, бо любое замаруджванне можа выклікаць праблемы са здароўем. Больш за тое, чым больш чалавек супраціўляецца, тым больш яго потым накрывае.

Калі мы кажам пра палітычных вязняў, то і яны, і іх родныя маюць моцнае пачуццё крыўды. Гэтыя людзі ведаюць, што яны сядзяць незаслужана, і вельмі пакутуюць праз адчуванне таго, наколькі несправядлівы свет.

Таму ім дужа патрэбная сацыяльная падтрымка, без яе можна аказацца ў дэпрэсіі ці, наадварот, пакутаваць праз залішнюю агрэсію. Але куды прымяніць гэтую агрэсію, калі ніякія скаргі не выправяць становішча? Тады чалавек разварочвае яе на сябе і пачынае хварэць, таму не дзіва, што ў блізкіх асуджаных пагаршаецца здароўе. Калі ж вязняў пазбаўляюць перадач, спатканняў, лістоў, усё гэта толькі падмацоўвае адчуванне несправядлівасці, і гэта выклікае вельмі шмат злосці.

Хачу сказаць пра памілаванне. Як чалавек, што ўдзельнічаў у пратэсце, я вельмі абураюся цяперашняй ініцыятывай [Юрыя Васкрасенскага] аб памілаванні.

Але, як псіхолаг, я разумею: турма — гэта той досвед, які нікому не патрэбны, і трэба зрабіць усё, каб там не быць, бо такі досвед адназначна шкодзіць псіхіцы. Таму я ўхваляю выпадкі, калі людзі з’язджаюць з краіны, калі яны выходзяць на волю на любых падставах.

Цяпер мы ўспрымаем тых, хто адмаўляецца ад памілавання, як герояў. Але які кошт гэтага гераізму? Зняволенне — адназначнае зло, гэта той досвед, які нікому не патрэбны».

Якой павінна быць турма?

«Канешне, трэба рабіць усё, каб чалавек меў магчымасць захаваць сваё фізічнае і псіхічнае здароўе, таму ўмовы зняволення павінны быць адэкватнымі.

Нашы папраўчыя ўстановы на самай справе нікога не выпраўляюць, хутчэй, гэта сістэма помсты і пакарання чалавека. Наўрад ці такая сістэма здольная змяніць чалавека ў лепшы бок — больш верагодна, што ён стане толькі больш асацыяльным.

З пункту гледжання гуманізму турма павінна быць дастаткова камфортнай. Вязень павінны бачыць прадметы розных колераў, ён павінен мець магчымасць выбіраць, што ён жадае паглядзець, паслухаць і з’есці, трэба даць яму магчымасць займацца фізічнымі практыкаваннямі па ўласным выбары.

Варта сапраўды выпраўляць людзей — даваць ім магчымасць працаваць з псіхолагам, разбірацца ў іх гісторыях, у тым, што выклікала іх учынкі. У калоніі павінен быць псіхолаг, трэба, каб ён дапамагаў вязням мінімізаваць стрэс і лягчэй праходзіць адаптацыю да новых умоў.

А яшчэ трэба змяншаць тэрміны, неяк хутчэй сацыялізаваць людзей, дапамагаць ім зразумець, што за ўчынкі яны здзейснілі і чаму такія ўчынкі непрымальныя для грамадства.

Фота depositphotos.com

Фота depositphotos.com

Але наша грамадства, на жаль, пакуль што нікуды не сыдзе ад помсты злачынцам, бо яно так уладкаванае, у ім шмат месца адведзенае гвалту. На жаль, трэба як мінімум некалькі пакаленняў, каб змяніць гэтую сістэму. І пачынаць трэба не з турмаў, а з таго, каб бацькі перасталі крычаць на дзяцей, каб выхавацелі ў садках і настаўнікі ў школах сталі сябе весці па-іншаму».

Як ліставацца са зняволенымі?

«Лісты звонку дапамагаюць зняволеным заставацца людзьмі, адчуваць падтрымку, сувязь з грамадствам, уласную вартасць і патрэбнасць для іншых. А гэта менавіта тое, што хутка губляецца там.

Апроч інтэграванасці ў грамадства, тыя, хто доўгі час знаходзіцца ў турме, таксама губляюць унутраную еднасць асобы. Часткі іх асобы пачынаюць усё больш канфліктаваць паміж сабой, што вядзе да расшчаплення псіхікі і ў выніку да расшчэпленага ўспрыняцця свету.

Тут можна ўспомніць жанчын, якія ўступаюць у адносіны з былымі зэкамі. Жанчын прыцягвае, што вязень ставіцца да іх вельмі пяшчотна, ласкава.

Але яго асоба проста расшчапляецца на дзве субасобы — адна з іх дужа станоўчая і рамантычная, а іншая — негатыўная і агрэсіўная, і гэта адно з цяжкіх наступстваў зняволення. Не знайсці больш пяшчотных лістоў, чым тыя, што пішуць вязні і былыя вязні.

Цяпер людзі часам хваляцца тым, якія прыгожыя ці аптымістычныя лісты ім прыходзяць ад палітвязняў — гэта якраз прыклад такой сітуацыі.

Фота depositphotos.com

Фота depositphotos.com

Калі ты ходзіш з чалавекам на спатканні, то можаш назіраць за яго паводзінамі, за яго эмоцыямі. Нават тэлефонная сувязь — гэта ўжо не паўнавартасныя адносіны, бо людзі не бачаць жэсты і міміку адно аднаго, у ліставанні ж губляецца яшчэ больш.

Лісты — гэта адносіны не з рэальным чалавекам, а з яго вобразам, з фантазіяй на тэму чалавека. Больш за тое, у лістах людзі стараюцца паказаць сябе з лепшага боку, чым на самай справе, і некаторых жанчын можа прывабліваць такі вобраз.

Пісаць лісты трэба, але варта ўсведамляць, чаму мы гэта робім: напрыклад, каб падтрымаць чалавека ці каб адчуць сябе лепей праз тое, што робіш нешта карыснае».

Што можна сказаць беларускаму палітвязню?

«Напэўна, сказала яму б вось што: жадаю бачыць вас на волі. Думаю, гэта самае галоўнае. Не разумею, навошта казаць ім «трымайся», бо як, за што і чаму яны павінны трымацца?

Часам кажуць, маўляў, чалавек не адсядзіць свой тэрмін, але ж мы не можам гэтага ні ведаць, ні гарантаваць. Мы не можам гарантаваць, што заўтра гэтыя людзі выйдуць. Чым больш чалавек спадзяецца, тым больш моцна ён расчаруецца, калі надзея не спраўдзіцца, і тым больш глыбокай будзе яго дэпрэсія.

Яшчэ важна, што менавіта я асабіста жадаю бачыць гэтых людзей на волі, то-бок можна адказваць толькі за сябе. Я чакаю гэтых людзей і жадаю іх бачыць на волі, для мяне гэта важна. І вязні павінны адчуваць гэтую падтрымку ў рэальных дзеяннях, хаця б у колькасці карэспандэнцыі, якую яны атрымліваюць».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0