Гаворка ідзе, перш-наперш, пра вызваленне ўсіх палітзняволеных і спыненне рэпрэсій, прыцягненне да адказнасці асоб, вінаватых у злачынствах супраць народу і правядзенне новых дэмакратычных выбараў.

Пасля гэтага як НАУ, так і офіс Святланы Ціханоўскай ды іншыя прадстаўнікі дэмакратычнай супольнасці правялі шэраг сумесных сустрэч. Мы распыталі, што на іх вырашалася і наколькі абвінавачванні ў раз'яднанасці дэмсіл маюць падставы.

«У Ціханоўскай няма амбіцый, таму ў нас і атрымліваецца захоўваць адзінства»

Як распавёў «Нашай Ніве» дарадца Святланы Ціханоўскай Франак Вячорка, у ходзе апошніх сустрэч з НАУ і іншымі дэмсіламі яны зразумелі проста дадаткова сінхранізавалі свае дзеянні.

«Па факце мы працуем адным фронтам і адзіная дэмакратычная платформа ўжо існуе. Туды ўваходзяць Офіс і Кабінет Ціханоўскай, НАУ Паўла Латушкі, каманда Бабарыкі, Каардынацыйная рада. Кантактаў з Валерыем Цапкалам стала, праўда, менш.

Мы сазвоньваемся з партнёрамі, Святлана Ціханоўская праводзіць сустрэчы Каардынацыйнай рады. Нядаўна мы запусцілі Платформу салідарнасці — там усе нашыя асноўныя партнёры, з якімі мы заўжды ў кантакце. Ці трэба ствараць дадатковую структуру?

Давайце шчыра: ці патрэбныя новыя структуры дзеля структур? Калі б мы загналі ўсіх у адзін умоўны офіс, гэта б справе не дапамагло. На мой погляд, трэба ўзмацняць тое, што ёсць. Тую ж Каардынацыйную раду, бо яна і задумвалася як месца, дзе прадстаўнікі ўсіх палітычных сіл могуць сабрацца разам».

Франак Вячорка.

Франак Вячорка.

Франак не адмаўляе, што таксама чуў абвінавачванні ў разрозненасці дэмсіл, у тым, што кожны цягне коўдру на сябе, але звычайна яны нічым не падмацаваныя. 

«Вядома, амаль ва ўсіх ёсць амбіцыі. У каго іх няма, дык гэта ў Святланы Ціханоўскай. Таму ў нас і атрымліваецца захоўваць адзінства. Ціханоўскую не ўспрымаюць як канкурэнта на выбарах.

Мы яшчэ ў сакавіку збіраліся з Паўлам Латушкам, Валерыем Цапкалам, актывістамі Бабарыкі і дамовіліся працаваць разам, не нападаць адно на аднаго. Гэта толькі на руку рэжыму. Мы можам быць левымі і правымі, расейскамоўнымі і свядомымі, пацыфістамі і радыкаламі, але зараз не час дзяліцца. Вось будзе парламент, там усе і будуць спаборнічаць», — каментуе Вячорка.

Святлана Ціханоўская і Павел Латушка.

Святлана Ціханоўская і Павел Латушка.

Што ж тады зменіцца? Каардынатарка НАУ Алена Жываглод кажа, што з новага — рэгламент узаемадзеяння.

«Усе структуры заўсёды працавалі ў рамках адной стратэгіі, у нас агульная сістэма мэтаў і задач. Так было, ёсць і будзе. Але цяпер крытычна важныя сінхранізацыя і каардынацыя і ў аперацыйнай дзейнасці. Недастаткова ўжо ўзгадніць стратэгію на паперы і праводзіць раз на квартал-месяц-тыдзень сустрэчы і сазвоны для зверкі пазіцый. Важная рэальная супраца ў моманце: калі разам і выпрацоўваюцца рашэнні, і будуюцца тактычныя планы, і ёсць празрыстасць выканання гэтых планаў.

Цяпер мы выпрацоўваем гэтыя механізмы. Гаворка ідзе пра змены ў падыходзе да ўзаемадзеяння, ён стане больш шчыльным (не толькі на стратэгічным узроўні, але і на тактычным). Нам проста трэба скарэктаваць узаемадзеянне дзейсных палітычных структур і суб'ектаў, каб больш эфектыўна і паспяхова запускаць новыя кампаніі».

У першую чаргу новы рэгламент дапаможа правільна раздзяляць абавязкі, кажуць у НАУ. Так, напрыклад, Павел Латушка ўзяў на сябе працу па эканамічным ціску — тыдзень таму НАУ зладзілі міжнародную прававую канферэнцыю ў Нюрнбергу, астатнія дэмсілы актыўна падтрымалі ініцыятыву. 

«Два тыдні таму Офіс арганізаваў канферэнцыю беларускіх дыяспар, на якой мы сабралі 40 арганізацый з 27 краін свету. Быў там і Павел Латушка, і КС, і палітычныя партыі. Цяпер мы разам рыхтуемся да Кангрэсу беларусаў, які пройдзе напрыканцы месяца. На ім беларусы, што цяпер унутры краіны, змогуць перамовіцца з беларусамі ў выгнанні».

«Спыніць тэрор, вызваліць закладнікаў, вярнуць у краіну выбары — пад гэтымі задачамі падпішуцца ўсе дэмсілы»

Адна са страшылак, на якой у тым ліку граюць у дзяржпрапагандзе, пра тое, што сённяшнія прадстаўнікі дэмсіл могуць стаць яшчэ адным кіраўніцтвам у выгнанні, яшчэ адной «радай БНР». Франак Вячорка аспрэчвае і гэты момант.

«Рада БНР забяспечвае пераемнасць, і калі Беларусь будзе свабоднай, перадасць мандат дэмакратычна абранаму кіраўніцтву. У нас цяпер іншыя задачы і яны не мяняюцца: спыніць тэрор, вызваліць закладнікаў, вярнуць у краіну выбары. І ўсё, што мы робім разам, павінна весці туды (усе дэмакратычныя сілы падпішуцца пад гэтымі пунктамі).

Акрамя таго, наш прыярытэт — менавіта праца з людзьмі ўнутры Беларусі, хоць гэта і няпроста. Але мы стэлефаноўваемся з мясцовымі актывістамі некалькі разоў на тыдзень. Пра тое, што мы робім унутры краіны, не заўсёды можна казаць адкрыта. Таму можа скласціся адчуванне, што мы працуем толькі на «міжнародку», але гэта не так».

Бабарыка, Латушка, Дзмітрыеў і Васкрасенскі збіраліся стварыць партыі. Што з імі цяпер?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0