Нагадаем, правілы ўтрымання асуджаных па адміністрацыйных справах апісаныя ў Працэсуальна-выканаўчым кодэксе Рэспублікі Беларусь і Правілах унутранага распарадку месцаў адбывання адміністрацыйнага арышту, якія зацверджаныя пастановай Савета міністраў №313.

Вось усяго некалькі парушэнняў Працэсуальна-выканаўчага кодэкса аб адміністрацыйных парушэннях, што былі здзейсненыя супрацоўнікамі ізалятара на Акрэсціна (усе яны і былі апісаныя ў скаргах). 

Ні разу не патрапіла ні ў душ, ні на шпацыр

За 30 сутак знаходжання ў ізалятары ні журналістку, ні яе сукамерніц і затрыманых з суседніх камер не вывелі ў душ.

Пры тым, што ў адпаведнасці з п. 44 Правілаў №313, адміністрацыйна арыштаваным не радзей чым адзін раз на тыдзень даецца магчымасць прыняць душ працягласцю не менш за 15 хвілін.

Аналагічная сітуацыя і са шпацырамі. За час знаходжання ў ізалятары дзяўчыну і яе сукамерніц ні разу не вывелі на шпацыр. Акно ў камеры №15 Цэнтра ізаляцыі правапарушальнікаў было наглуха забітае. У камеру не паступаў кісларод.

У адпаведнасці з ч. 7 арт. 18.7 ПВКаАП адміністрацыйна арыштаваныя карыстаюцца правам штодзённага шпацыру працягласцю не меней за адну гадзіну.

Апроч таго, супрацоўнікі ізалятара часам наглуха прычынялі «кармушкі», пазбаўляючы людзей хоць нейкага свежага паветра, якое магло б даходзіць з калідора (парушэнне ч. 7 арт. 18.7 ПВКаАП, частка 13 Правілаў №313).

У двухмясцовай камеры ўтрымлівалася ад 8 да 13 чалавек

Пры наяўнасці вольных месцаў у суседніх камерах супрацоўнікі ізалятара стваралі эфект перанаселенасці ў так званых «палітычных» камерах, дзе ўтрымліваліся асуджаныя па артыкулах 19.11, 24.23, 24.3 КаАП РБ.

У жаночай камеры №15 ізалятара, разлічанай на дзвюх асуджаных, у розны час утрымлівалася ад 8 да 12 чалавек (у іншыя часы ў яе «ўпіхвалі па 20 чалавек). У такіх умовах людзі гублялі магчымасць рухацца і нармальна спаць нават на падлозе.

Гэта парушэнне ч. 1 арт. 18.7 ПВКаАП РБ, п. 13 Правілаў №313. Таксама, у адпаведнасці з ч. 1 арт. 18.7 ПВКаАП РБ, адміністрацыйна арыштаваныя ўтрымліваюцца ва ўмовах строгай ізаляцыі. Норма плошчы на аднаго чалавека ўсталёўваецца, зазвычай, не меней за чатыры квадратныя метры.

Спалі на голай падлозе ў халодных камерах

Усе жанчыны ў камеры былі пазбаўленыя матрацаў, пасцелі і рушнікоў. Людзі былі вымушаныя спаць на голай падлозе і голых металічных шконках.

У восеньскі час гэта стала катаваннем: у асобных камерах было настолькі холадна, што затрыманых калаціла начамі. Каб неяк сагрэцца, яны былі вымушаныя прысядаць, рабіць фізічныя практыкаванні, набіраць у пластыкавыя бутэлькі гарачую ваду і спаць з імі ў абдымку. У такіх умовах усе да адной адміністрацыйна асуджаныя захварэлі на прастуду. 

Так, гэта парушэнне ч. 4 арт. 2.4 ПВКаАП і пункта 38 Правілаў №313. 

У адпаведнасці з ч. 4 арт. 2.4 ПВКаАП РБ утрыманне фізічнай асобы, адміністрацыйна арыштаванай, павінна ажыццяўляцца ва ўмовах, што выключаюць пагрозу для жыцця і здароўя.

Згодна з п. 38 Правілаў №313 адміністрацыйна арыштаваным даецца для індывідуальнага карыстання спальнае месца і месца для захоўвання сродкаў асабістай гігіены, выдаецца бялізна па нормах забеспячэння адміністрацыйна арыштаваных.

Без перадач, лістоў і цёплага адзення

Людзі таксама былі пазбаўленыя законнага права на перадачы, на асабістыя рэчы ў камеры, на лісты (аплачаныя і дасланыя ад сваякоў тэлеграмы і паштоўкі проста «зніклі»).

Жанчыны былі вымушаныя карыстацца адной зубной шчоткай, выкарыстоўваць адны і тыя ж трусы цягам тыдняў.

Усе перадачы адміністрацыйна асуджаным аддалі толькі на выхадзе. Пры тым, што некаторыя кабеты былі вымушаныя адбываць суткі ў тым, у чым іх забралі: у тонкіх сукенках, спадніцах, басаножках.

У такой «уніформе» амаль усе ў першыя ж дні зарабілі сабе цыстыт, фарынгатрахеіт, застудзілі ныркі (усё гэта пацверджана медыцынскімі аглядамі па выхадзе з Акрэсціна, копіі медыцынскіх дыягназаў былі прыкладзеныя да скаргі — Заўв. рэд.).

Гэта парушэнне ч. 4 арт. 2.4 ПВКаАП РБ, ч. 38 Правілаў № 313.

Захварэлі на каранавірус і не атрымлівалі лекі

Асуджаныя таксама былі пазбаўленыя права на адэкватную медыцынскую дапамогу: многіх таблетак у аптэчцы мясцовых медыкаў папросту няма.

Ва ўмовах, калі ў Беларусі толькі па афіцыйных звестках працягвае штодня рэгістравацца па дзве тысячы хворых на каранавірус, арыштаваным не выдавалі масак, патрэбных лекаў, камеры не дэзынфекаваліся і былі пазбаўленыя опцыі праветрывання. 

У арыштаваных адбіралі пластыкавыя бутэлькі, пазбаўляючы магчымасць піць ваду з персанальных ёмістасцяў (і падмывацца імі ж). Амаль усе жанчыны, якія знаходзіліся ў ізалятары, паступілі туды здаровымі, а выйшлі з каранавірусам ці прастуднымі захворваннямі.

Акрамя таго, супрацоўнікі ізалятара падсялялі бяздомных з вошамі (пры наяўнасці опцыі дэзынфекцыі) у некалькі камер з іншымі адміністрацыйна асуджанымі. У выніку гэта спрыяла заражэнню раней здаровых грамадзян педыкулёзам.

Згодна з ч. 4 арт. 2.4 ПВКаАП РБ утрыманне фізічнай асобы, затрыманай за адміністрацыйнае парушэнне, павінна ажыццяўляцца ва ўмовах, што выключаюць пагрозу для яго жыцця і здароўя.

На падставе п. 106 Правілаў №313 з мэтай прадухілення ўзнікнення і распаўсюджвання інфекцыйных захворванняў, педыкулёзу, а таксама іх лакалізацыі і ліквідацыі ў пастаўленым заканадаўствам парадку праводзяцца дэзынфекцыйныя, дэзынсекцыйныя і дэратызацыйныя мерапрыемствы. 

Пазбаўлялі сну: будзілі а другой ночы і а чацвёртай раніцы

Пры зацверджаным графіку з адбоем у 22.00 і пад’ёмам у 6.00 людзей пазбаўлялі сну. Цягам месяца асуджаных штодня будзілі а другой ночы і а чацвёртай раніцы, ладзячы пераклічкі.

Апроч таго, у камерах круглымі суткамі гарэла яркае штучнае асвятленне (парушэнне ч. 4 арт. 2.4 ПВКаАП РБ). 

І што на гэта ўсё адказалі?

Скаргі на ўмовы ўтрымання на Акрэсціна былі накіраваныя адразу ў некалькі інстанцый: у Генеральную пракуратуру, Мінскую гарадскую пракуратуру, у Дэпартамент фінансаў і тылу МУС РБ, у Рэспубліканскі цэнтр гігіены і эпідэміялогіі і ў ГУУС Мінгарвыканкама.

У Дэпартаменце фінансаў і тылу МУС адказалі лаканічна: «Факты не знайшлі пацверджання».

Іншыя структуры, чакана, паперакідвалі зварот паміж сабой і адфутболілі адказнасць за разгляд скаргі непасрэдна на ГУУС Мінгарвыканкама. Тыя ж, «правёўшы» праверку самі ў сябе, таксама парушэнняў не знайшлі:

«Падчас праверкі парушэнняў законнасці ў дзеяннях супрацоўнікаў ІЧУ ГУУС Мінгарвыканкама і правілаў унутранага распарадку не выяўлена». Цікава, што скарга тычылася і ЦІП, але пра яго ў адказе нават і не згадалі: яны хоць і маюць з ІЧУ адзін адрас, усё ж там розныя супрацоўнікі і распарадкі

«Падчас праверкі парушэнняў законнасці ў дзеяннях супрацоўнікаў ІЧУ ГУУС Мінгарвыканкама і правілаў унутранага распарадку не выяўлена». Цікава, што скарга тычылася і ЦІП, але пра яго ў адказе нават і не згадалі: яны хоць і маюць з ІЧУ адзін адрас, усё ж там розныя супрацоўнікі і распарадкі

Зрэшты, такія «адпіскі», як адзначаюць праваабаронцы, беларусам дасылаюць даўно. Але гэта ўсё адно не нагода не спрабаваць адстойваць свае правы.

Пры гэтым сітуацыя ў ІЧУ на Акрэсціна не мяняецца. Чарговы экс-арыштант нядаўна распавёў «Вясне», што ў чатырохмясцовай мужчынскай камеры было ад 13 да 18 чалавек. Для «атмасферы» туды закідвалі бамжоў. Усе астатнія, вышэй згаданыя парушэнні таксама мелі месца.

Пры гэтым, нагадаем, нядаўна ў сетцы з'явіўся зліў размовы. Галасы, падобныя да дзейных супрацоўнікаў міліцыі, абмяркоўваюць, якія ўмовы варта стварыць для людзей, што сядзяць па палітычных артыкулах.

«Бамжы, канчы, каб яны разумелі, што суткі, бл***, гэта не адпачыць на двух матрацах». З'явіўся новы зліў ад хакераў

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0