Як расказалі ў музеі-запаведніку, раяль з гісторыяй, вінтавое крэсла з круглым сядзеннем і VIII том (паланэзы) для фартэпіяна поўнага збору твораў Фрэдэрыка Шапэна перадала ў дар мінчанка Тамара Мікалаеўна Астапенка — піяністка, лаўрэат міжнародных конкурсаў, уладальніца ганаровага дыплома Міжнароднага музычнага форуму «Мастацтва XXI стагоддзя» і дыплома Сусветнай Арганізацыі ЮНЕСКА.

Гэты інструмент у свой час належаў прадстаўнікам вядомай сям’і Бенуа, якая падарыла Санкт-Пецярбургу і Расіі вялікую колькасць дзеячаў мастацтваў — таленавітых мастакоў, архітэктараў, мастацтвазнаўцаў. Пазней раяль трапіў у дом бабулі Тамары Мікалаеўны. Вядома, што музычны інструмент перажыў блакаду Ленінграда ў Вялікую Айчынную вайну.

Раяль, падараваны комплексу «Нясвіж», мяркуючы па серыйным нумары (40509), датуецца 1905—1906 гадамі. На інструменце прысутнічаюць гербы Германіі, Саксоніі, Расійскай імперыі, а таксама факсіміле подпісу Карла Роніша з таўром і надпісам: «Гэтым подпісам у таўро засведчыў, што да гэтай прылады была выкарыстана самая старанная праца і бездакорны матэрыял».

Убачыць рэдкі экспанат цяпер можна ў каміннай зале палацавага комплексу.

Як запэўніў дырэктар Нацыянальнага гісторыка-культурнага музея-запаведніка «Нясвіж» Дзмітрый Яшчанка, унікальны музычны інструмент стане не толькі візуальным музейным экспанатам, але і будзе дарыць асалоду прыхільнікам класічнай музыкі падчас правядзення тэматычных вечароў у палацы Радзівілаў. 

Фабрыка Rönisch была заснавана ў 1845 годзе ў Дрэздэне (Германія) Карлам Ронішам. Ён памёр у 1894 ва ўзросце 80 гадоў. Кіраванне кампаніяй перайшло ў рукі яго сыноў: Альберту — у якасці бізнэс-менеджара і Герману — у якасці менеджара вытворчасці. У 1897 годзе сыны Роніша адкрылі фабрыку ў Санкт-Пецярбурзе (а зачынілася яна ў 1917 годзе). У 1900-м на Сусветнай парыжскай выставе «Роніш» атрымлівае залаты медаль. Іншыя ўзнагароды атрыманы на выставах у Амстэрдаме, Сіднэі, Чыкага, Мельбурне…

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0