Мінск. «Кошты на нешта ўтульнае і з мэбляй стартуюць ад 250 даляраў»

Віталіі Крычэўскай 21 год, яна здымае аднапакаёвую кватэру ў Мінску недалёка ад станцыі метро «Пятроўшчына». За арэнду яна плаціць 250 даляраў у эквіваленце.

«Вядома, ёсць варыянт здымаць пакой, але я б не сказала, што гэта будзе нашмат танней. Нармальны пакой у нармальным доме абыдзецца прыкладна ў 150 даляраў, — расказвае дзяўчына. — Але гэта вам прыйдзецца дзяліць асабістую прастору з кімсьці яшчэ.

У мяне мурашкі па скуры ад такога, я занадта залежная ад таго, каб мяне па вечарах не чапалі. Цана арэнднага жытла пачынаецца ад 200 даляраў (500 беларускіх рублёў), але зняць нешта ўтульнае і з мэбляй можна толькі ад 250. Без камуналкі».

Гэта і іншыя фоты — з уласнага архіва герояў публікацыі

Гэта і іншыя фоты — з уласнага архіва герояў публікацыі

Дом, у якім жыве Віталія, новы, вакол яго таксама ідзе будоўля. Вокны кватэры выходзяць на дарогу. Але да гэтага, па словах дзяўчыны, яна прызвычаілася.

«Больш за ўсё мне падабаецца, што ў кватэры ўсё досыць мінімалістычна: прасторны жылы пакой, вялікая кухня, калідор і аб’яднаны санвузел, — кажа яна. — У кухні невялікі стол, пліта і пасудамыйная машына, у калідоры — шафа-купэ, у пакоі — ложак і тумба з тэлевізарам. Ёсць вялікія вокны. Мне цалкам хапае, нічога дадаваць не хачу, атрымліваю асалоду ад прасторы».

Віталія кажа, што з коштам на кватэру ёй моцна пашанцавала, бо кватэры з пасудамыйкай у Мінску рэдкасць і кошты на іх стартуюць ад 300 даляраў.

«Ведаю выпадкі, калі ў новабудоўлях, хоць яны і далёка ад цэнтра, цэны задзіраюць да нябёсаў: двума паверхамі ніжэй у маім доме мужчына здае такую ж аднапакаёўку без мэблі ў пакоі за 400 даляраў. Гэта кашмар!» — кажа яна.

«Знайсці жыллё самому ў Мінску досыць цяжка, — працягвае яна. — Бо амаль усе аб’явы перахопліваюць агенты. За свае паслугі яны бяруць каля 50 даляраў. Але і гэта не гарантыя таго, што жыллё знойдзецца, бо часта за гэтыя грошы яны аказваюць «інфармацыйныя паслугі».

Што тычыцца камуналкі, то Віталія плаціць агулам каля 60 рублёў. Гэта без аплаты інтэрнэту.

«На арэнду кватэры сыходзіць каля паловы майго заробку. А яшчэ трэба на нешта жыць. Зрэшты, купляць жыллё яшчэ даражэй, таму застаецца адзін варыянт: больш працаваць», — заключае яна.

Агенцтва нерухомасці «Твая сталіца» адзначае, што сярэднія кошты на кватэры ў Мінску наступныя: аднапакаёўка — 220 даляраў, двухпакаёўка — 270, трохпакаёўка — 330.

Кіеў. «За месяц — 8500 грывень. Гэта без камуналкі»

22-гадовая Ганна Комлач здымае кватэру разам з хлопцам. Яны нядаўна пераехалі з Мінска ў Кіеў. Жыллё шукалі досыць хутка, таму давялося звяртацца да рыэлтара. Ва Украіне сітуацыя вельмі падобна да Беларусі: рыэлтары таксама запоўнілі рынак і досыць часта хаваюцца за «звычайнымі» аб’явамі.

«Добрага рыэлтара нам падказалі сябры. Звычайны кошт за паслугі — палова ад месячнай арэнды, — расказвае дзяўчына. — Часу вялікага на пошукі не было, таму мы заехалі ў першую ж кватэру, якую нам прапанавалі. Гэта аднапакаёўка побач з метро, што было нашым галоўным пажаданнем. Праўда, не ў цэнтры горада, а на ўскраіне: мы жывём недалёка ад станцыі метро «Герояў Дняпра».

Інфраструктура тут добрая: шмат гандлёвых цэнтраў, ёсць зялёная зона, пошта, аптэка. За месяц — 8500 грыўня (каля 323 даляры). Гэта без камуналкі. Але ў нас ёсць усё патрэбнае: мэбля, тэхніка.

За камуналку мы ўдвух з маладым чалавекам плацім 1500 грывень (гэта каля 138 рублёў, ці 57 даляраў). Праўда, пакуль без ацяплення. А вось кошты на інтэрнэт парадавалі: 100 грывень, ці 9 беларускіх рублёў.

«На арэнду жытла мы трацім прыкладна чацвёртую частку заробку. Для Украіны гэта лічыцца нармальным. І мы таксама думаем, што цэны зразумелыя і дапушчальныя», — кажа яна.

Пры гэтым, у ліпені ў Кіеве фіксавалі рэкордныя кошты на арэнднае жыллё. Па даных партала finance.ua, сярэдні кошт аднапакаёвай кватэры ў верасні складаў 426 даляраў, двухпакаёўкі — 552.

Масква. «Аднапакаёўку здымаю за 45 тысяч расійскіх рублёў»

21-гадовы Васіль Кальцоў пераехаў у Маскву ў 2018 годзе, калі паступіў ва ўніверсітэт. Хлопец не захацеў жыць у інтэрнаце, таму пачаў шукаць кватэру. Першы час жыў у сяброў. Потым праз знаёмых знайшоў пакой, а потым зняў кватэру недалёка ад Кутузаўскага праспекта.

«Кватэра аднапакаёвая, каштуе 45 тысяч расійскіх рублёў у месяц (630 даляраў). Камунальныя паслугі абыходзяцца прыкладна ў 4-5 тысяч расійскіх рублёў (57-70 даляраў) на чалавека», — адзначае ён.

Васіль кажа, што пакідаў заклад у памеры месячнай арэнды. Таксама, звычайна, у Маскве заключаюць дамову аб арэндзе. Але хлопец жыве без яе.

«Ад маёй кватэры да цэнтра дабірацца каля 15 хвілін, на метро 20-25. Але ў Маскве можна не разлічваць на дарогу без затораў, таму лепш мець гадзіну ў запасе заўсёды, — расказвае ён. — Побач у мяне ёсць сквер з дарожкай для бегу. Невялікі гандлёвы цэнтр, метро каля дома. Толькі адна праблема — гэта паркоўка, часцяком няма дзе прыпаркаваць аўтамабіль і прыходзіцца ставіць далёка ад дома».

Калі б не пашчасціла, то давялося б звяртацца да рыэлтараў. Іх паслугі ў Маскве досыць часта роўныя месячнай арэндзе.

«Заўсёды прыемней ведаць гаспадара кватэры, — кажа Васіль. — Бо на дошках аб’яў можна патрапіць на ашуканцаў, чорных рыэлтараў або на завышаны кошт той ці іншай кватэры. Ёсць, вядома, і выключэнні, але добрыя кватэры па прывабным цэнах здымаюць маланкава, таму, калі ёсць час і жаданне, можна пашукаць кватэры на сайтах».

Партал moskva.naydidom.com паведамляе, што сярэднія кошты на арэнду аднапакаёвых кватэры складаюць 36,1 тысячы расійскіх рублёў, ці 513 даляраў, двухпакаёвыя абыдуцца ў 75 тысяч расійскіх рублёў, ці 1066 даляраў, а трохпакаёвыя можна зняць за 129 тысяч, ці 1830 даляраў.

Варшава. «Двухпакаёвая кватэра з усімі выплатамі ў 455 даляраў»

Ірыне Глаголевай 45. Разам з мужам і сынам яна пераехала ў Варшаву ў ліпені 2021 года. Жанчына кажа, што ў асноўным усе кватэры ў Польшчы здаюцца праз агентаў. Іх паслугі каштуюць 1500 злотых (380 даляраў). Грошы яны бяруць, пераважна, з тых, хто шукае кватэру.

«Мы вырашылі паспрабаваць самастойна знайсці жыллё, — расказвае жанчына. — Гэта было вельмі няпроста. На той момант рынак цалкам належаў «гаспадарам». А гэта значыць, што, менавіта яны вырашалі, каго засяліць да сябе «ў палац», а каго пакінуць ні з чым.

На той момант кошты якраз вярнуліся на дакавідны ўзровень — да 2019 года. Кватэра-студыя, ці кавалерка, каштавала тады 1500 злотых (380 даляраў), двухпакаёвая — 2500 злотых (632 даляры).

Мы не шукалі жыллё проста ў самым цэнтры, а знялі ў спальным раёне Вясола. Ён недалёка ад працы. Палякі цэняць гэты раён за маляўнічасць і экалагічнасць. У нас тут ёсць зялёная зона, тры школы, дзіцячыя сады, паліклініка, пошта, крамы, у тым ліку буйны гандлёвы цэнтр, побач прыпынак грамадскага транспарту, гарадская электрычка.

Да самага цэнтра Варшавы максімум 25 хвілін на аўтобусе. Кухню мы з дазволу гаспадароў падзялілі часовай сцяной. Такім чынам у сына з’явілася асобная «бярлога», а ў нас тры памяшканні. Такое шчасце здараецца не часта».

Што тычыцца кошту, то гаспадар нават знізіў яго на 400 злотых. У выніку кватэра «пацягнула» на 1800 злотых, ці 455 даляраў.

«Па мерках Польшчы кошт не шалёны, — кажа Ірына. — Камуналка пачынаецца ад 400 злотых (253 беларускія рублі) і залежыць ад вашай любові да ваннай і святла, — кажа Ірына. — Дамову мы заключылі на год, тут на меншы тэрмін знайсці вельмі цяжка.

Пакідалі заклад — палову штомесячнага кошту. Але звычайна гаспадары просяць у памеры месячнай або двухмесячнай арэнды».

Мяркуючы па звестках сайта bankier.pl, сям’і Ірыне пашчасціла. Бо ў жніўні бягучага года аднапакаёвыя кватэры і невялічкія двухпакаёўкі каштавалі збольшага 500 даляраў за месяц, двухпакаёўкі можна знайсці за 700, а трохпакаёўкі — за 1100.

Вільня. «За дваіх атрымліваецца 220-250 еўра з камуналкай»

Вадзім Іваноў — студэнт. Ён паступіў ва ўніверсітэт у Літве і пераехаў у Вільнюс перад пачаткам навучальнага года. Пошукам жытла хлопец заняўся за месяц да запланаванага пераезду.

У Вільні ў Вадзіма жывуць знаёмыя, таму прагляд кватэры хлопцу зладзілі дыстанцыйна, не звяртаючыся да паслуг агентаў. У Вільню агентам звычайна плацяць тыя, хто здае кватэру. Зрэдку ў аб’явах можна ўбачыць допісы пра тое, што ёсць аднаразовая камісія.

«Аднак з канкрэтным варыянтам за месяц я не змог вызначыцца, — кажа хлопец. — Ужо пасля пераезду, засяліўшыся на некалькі дзён у гасцініцу, я сам паехаў на прагляды кватэр. Самыя зручныя раёны, акрамя цэнтра, для мяне былі Антакальніс, Жырмунай, Шніпішкес, Шэшкінэ, Фабіёнішкес і Наўямесціс», — кажа хлопец.

У выніку Вадзім засяліўся ў двухпакаёвую кватэру ў раёне Наўямесціс. Жыве ў ёй разам з сябрам.

«За дваіх атрымліваецца 220-250 еўра з камуналкай (256-290 даляраў). Але камунальныя паслугі ў Літве, як і ва ўсёй Еўропе, у найбліжэйшы ацяпляльны сезон моцна вырастуць, таму складана пакуль ацаніць, якая будзе сума, — кажа малады чалавек. — У нас кватэра 50 квадратных метраў, два ізаляваныя пакоі, асобны санвузел, вялікая кухня і балкон. Недахоп мэблі ці тэхнікі мы хутка вырашылі з дапамогай Ikea.

Да цэнтра горада ўсяго паўгадзіны пешшу. З іншых раёнаў, дзе за такія ж грошы быў бы лепш рамонт, у сярэднім 40 хвілін на грамадскім транспарце. Мне прагулкі па Вільні прыносяць значна большае задавальненне, асабліва ў кавідны час».

«Асноўныя кошты цяпер розныя: ёсць кватэры за 300-400 еўра (350-465 даляраў), але гэта не ў цэнтры і рамонт так сабе. У прынцыпе, можна і танней, але рамонт будзе зусім ніякі, — расказвае ён. — За 500-600 еўра (580-700 даляраў) можна знайсці жытло ў цэнтры, з нармальным рамонтам.

Добрыя двухпакаёўкі ў цэнтры ад 700 еўра (815 даляраў). Тут залежыць ад вашых густаў і сітуацыі. Калі зусім няма грошай, а жыць недзе трэба, то досыць танна можна зняць кватэру, якая здаецца для будаўнікоў».

Па даных renkuosilietuva.lt, у Вільнюсе сярэднія цэны на кватэры знаходзяцца ў межах 200-400 еўра ў месяц за аднапакаёвую кватэру і, адпаведна, у сярэднім каля 340-600 еўра за двухпакаёвую кватэру. Кошты могуць залежыць ад мікрараёна: напрыклад, арэнда аднапакаёвай кватэры з добрым рамонтам у цэнтры Вільні можа дасягаць і 500-600 еўра ў месяц, двух- і трохпакаёвай — 650-1000 еўра ў месяц.

Рыга. «Здымаем за 200 еўра ў самым цэнтры»

Жэне 33 гады. Разам з мужам і сабакам у Рыгу яны пераехалі вясной бягучага года. Спачатку перабралася дзяўчына, а потым далучыўся муж.

«Не было зразумела, ці зможа ён гэта зрабіць праз кавідныя абмежаванні, а потым яшчэ здарылася гісторыя з самалётам, на якім ляцеў Раман Пратасевіч, і консульства зачынілася, — расказвае яна. — Карацей, мне была патрэбна дамова на тры месяцы і дазвол жыць з жывёлай.

У маім выпадку знайсці кватэру было цяжка, таму што мы былі з сабакам. А так кватэр тут шмат, і знайсці нешта нескладана. Пры чым па коштах не даражэйшых за мінскія».

Жэня разглядала розныя раёны, нават глядзела кватэры ў раёне Маскачы. Гэта адзін з самых маргінальных раёнаў латвійскай сталіцы.

«Калі я там была другі раз, на мяне напаў бомж. Гэта як трапіць у дзевяностыя. Там здаюцца кватэры і нават прадаюцца вельмі танна. Напрыклад, за 20 тысяч еўра можна набыць студыю з добрым рамонтам, — расказвае дзяўчына. — Вядома, лепш глядзець кватэру на месцы, а не дыстанцыйна. Па фотаздымках цяжка ўявіць, як выглядае кватэра на самай справе.

Можна шукаць самастойна, але на мае званкі часта адказваў маклер. Гэта як агент, але ён аказвае паслугу таму, хто здае. То-бок маклер бярэ грошы з арэндатара. Ён можа ўзяць і 80 еўра, а можа і нашмат больш. Звычайна гэта залежыць ад кошту кватэры ў кожным канкрэтным выпадку.

У выніку сваіх пошукаў Жэня зняла кватэру ў самым цэнтры Рыгі. Гэта аднапакаёўка са старым рамонтам. Кажа, што шукала нешта простае, каб спакойна можна было жыць з сабакам.

«Мы плацім 200 еўра (233 даляры) у самым цэнтры Рыгі. Апошні месяц з ацяпленнем мы заплацілі 65 еўра (184 беларускія рублі) камунальных паслуг. Да гэтага было 50 еўра (141 беларускі рубель).

Від з вокнаў на гістарычную частку горада. Але ў доме няма ліфта, а ў нас шосты паверх, таму падымацца цяжка, нягледзячы на тое, што жыву тут ужо пяты месяц. Дом дарэвалюцыйны, у нас нават у пакоі ёсць печка, але ёй нельга карыстацца».

Па словах Жэні, арэнда стандартнай аднапакаёўкі ў Рызе складае 180-250 еўра (210-240 даляраў), двухпакаёўкі — 230-350 (270-407 даляраў), трохпакаёўкі — каля 300-450 (350-465 даляраў). Што тычыцца цэнтра, то тут аднапакаёўкі каштуюць ад 200 да 600 еўра (232-700 даляраў), але за 400 ужо здаюць з добрым рамонтам. Двухпакаёўкі стартуюць ад 400 і вышэй (ад 466 даляраў).

«Рынак жылля ў Рызе вельмі разнастайны, тут можна зняць усё: ад сабачай будкі да апартаментаў у элітным навабудзе. Шмат кватэр у драўляных дамах з печкамі. Шмат кватэр з прыбіральняй у пад’ездзе. Таму падвесці вынік, што і колькі каштуе, даволі складана», — адзначае яна.

Па даных партала kominvest.com, аднапакаёвыя кватэры ў Рызе здаюцца прыкладна за 200-300 еўра. Двухпакаёвая кватэра ў новабудоўлі ў спальным раёне Рыгі можа здавацца ў межах 350-500 еўра. У сярэднім добрая новая трохпакаёвая кватэра з мэбляй і паркоўкай арандуецца за 500-600 еўра ў месяц, калі гэта спальны раён горада. 

***

Згодна са звесткамі сайтаў нерухомасці, мы склалі табліцу прыкладных коштаў на арэнду. Пакуль таннейшая арэнда, аказваецца, усё ж у Мінску. Але, вядома, варта глядзець на тое, які працэнт заробку сыходзіць на аплату жылля ў Беларусі і ў суседніх краінах. 

Горад

Кошты на арэнду (даляры)

Аднапакаёвая

Двухпакаёвая

Мінск

220

270

Рыга

250-350

400-460

Кіеў

426

552

Варшава

500

700

Вільнюс

400-530

580-700

Масква

513

1066

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0