Хто з беларускіх незалежных эканамістаў лепш за ўсіх адгадвае крокі дзяржавы? Багданкевіч, Раманчук, Заіка, Злотнікаў?..

Яраслаў Раманчук - сярэдні бал 1,7
photo.bymedia.net

Незалежных эканамістаў у Беларусі няшмат. Увогуле, незалежных шмат, толькі большасць з іх маўчыць, як юнак на дапросе. Тых, якія выступаюць публічна, — дзесятак. Іх меркаванні запатрабаваныя беларускімі газетамі і інтэрнэт‑сайтамі. Леанід Заіка, Леанід Злотнікаў, Яраслаў Раманчук і кампанія вандруюць з аднаго СМІ ў другі. Прагнозы раздаюцца дзесяткамі, але ці спраўджваюцца яны?

Вядома, што прагнозы — рэч няўдзячная, але ў каго з незалежных эканамістаў усё ж атрымалася зразумець логіку дзяржавы і хто можа пралічваць яе наступныя крокі?

«НН» узгадала прагнозы, што паспелі нарабіць беларускія эканамісты за апошнія месяцы. Гэтыя меркаванні выказваліся імі ў газетных інтэрв’ю, падчас анлайн‑канферэнцый і круглых сталоў. Такім чынам, экзамен на дакладнасць прагнозаў здаюць кіраўнік навукова‑даследчага цэнтру Мізэса Яраслаў Раманчук, кіраўнік аналітычнага цэнтру «Стратэгія» Леанід Заіка, былы кіраўнік Нацыянальнага банку Станіслаў Багданкевіч і эканаміст Леанід Злотнікаў.


Станіслаў Багданкевіч - сярэдні бал 3,3
photo.bymedia.net

Апошнім удзельнікам спаборніцтва будзе дзяржаўны прагноз — можа, беларусы выйграюць, калі пачнуць верыць уладам?

Якія ключавыя моманты маглі спрагназаваць эканамісты? Акцэнт быў зроблены на меркаваннях, выказаных у канцы 2008 году пра магчымую дэвальвацыю рубля, прагнозах у пачатку 2009 году наконт перспектываў беларускай эканомікі ў паслядэвальвацыйны перыяд, прагнозах росту інфляцыі і павышэння цэн цягам году, характарыстыцы валютнага крызісу ў сакавіку.

***

Восень‑зіма 2008. Ці чакаць у найбліжэйшы час дэвальвацыі беларускага рубля? Якой яна будзе?


Леанід Злотнікаў - сярэдні бал 3
Радыё Свабода

С.Багданкевіч: Нясіце грошы ў банкі, і я даю гарантыю, што на працягу шасці месяцаў абвалу не будзе. Для раптоўнага абвалу ў банкаўскай сферы няма прычын. Даць гарантыю на банкаўскія уклады на больш доўгі тэрмін я не магу (27.12.2008). Адзнака — 0.

Л.Заіка: Дэвальвацыю можна праводзіць па ўкраінскім сцэнары — на 50%, — тады ўсе, хто зарабляе ў далярах, будуць вельмі радыя, а вось астатнія… Але гэта рабіць небяспечна. Я думаю, што будзе больш мяккая дэвальвацыя (29.12.2008). Адзнака — 4.

Л.Злотнікаў: Што да першых двух месяцаў наступнага году, то там альбо пройдзе планавая дэвальвацыя, альбо гэта можа адбыцца стыхійна. Бо запасаў валюты, нават з улікам расійскага крэдыту, не хопіць, каб захаваць фінансавую стабільнасць (25.11.2008). Адзнака — 4.

Я.Раманчук: Я думаю, дэвальвацыя будзе мінімум працэнтаў 40.


Леанід Заіка - сярэдні бал 2,3
photo.bymedia.net
Калі палічыць, то атрымліваецца, што даляр будзе каштаваць тры тысячы. Я ўпэўнены, што дэвальвацыя павінная адбыцца (29.12.2008). Адзнака — 3.

Улада (А.Лукашэнка): Ніякага абвалу не будзе. Усё будзе адбывацца ў зададзеных параметрах. У нас назапашаныя пэўныя сродкі, і мы выкарыстоўваем іх мала (25.11.2008). Адзнака — 0.

Аднамомантавая 20‑працэнтная дэвальвацыя рубля адбылася 2 студзеня 2009 году. Ад таго моманту рубель зняцэніўся яшчэ на 5%.

У цэлым эканамісты далі правільны прагноз, але дакладны паказчык «25%» не прагучаў ні ў кога. Зрэшты, тыя, хто прыслухоўваўся да экспертаў, паспелі перавесці ўклады ў валюту.

***

Студзень 2009. Як будзе паводзіць сябе курс рубля далей? Ці чакаць наступнай дэвальвацыі?

С.Багданкевіч: Ёсць пэўныя рэзервы, я маю на ўвазе і золатавалютныя рэзервы Нацбанку, і крэдыты МВФ, і крэдыт Расіі, і магчымасць продажу нерухомасці (акцыяў) нашых дзяржаўных прадпрыемстваў. Магчымасць трымаць курс ёсць (06.01.2009). Адзнака — 5.

Л.Заіка: Дэвальвацыю рубля ўжо не спыніць, і ў найбліжэйшыя дзесяць дзён даляр вырасце да трох тысяч беларускіх рублёў. (03.01.2009). Вось калі ў чэрвені‑ліпені скончацца ўсе пазычаныя Беларуссю мільярды даляраў, тады людзі ўбачаць, што грошай у дзяржавы сапраўды няма (21.04.2009). Адзнака — 0.

Л.Злотнікаў: Калі мы не атрымаем вялікіх крэдытаў акрамя ўжо абяцаных ад Расіі і МВФ, то можна чакаць, што ўвесну ці ў пачатку лета адбудзецца яшчэ адзін скачок у дэвальвацыі [яшчэ працэнтаў на 20] (08.01.2009). Адзнака — 3.

Я.Раманчук: Да канца студзеня даляр будзе каштаваць тры тысячы беларускіх рублёў. І гэта толькі пачатак (05.01.2009). Адзнака — 0.

Улада (А.Лукашэнка, П.Пракаповіч): Прамыслоўцам карцела б яшчэ на 20% дэвальваваць рубель. Але мы народу паабяцалі і будзем сваё абяцанне трымаць (10.02.2009). Плюс‑мінус 5% — гэта тая гарантыя стабільнасці курсу нацыянальнай валюты, якая будзе на працягу году. Ніякіх адступленняў ці перагляду ў той ці іншы бок не будзе (30.04.2009). Адзнака — 0.

Яшчэ адной разавай дэвальвацыі не адбылося. Аднак за паўгоду Нацбанк дайшоў да мяжы ўсталяванага валютнага калідору, і яго памер быў перагледжаны да 10%.

Даляр і еўра за паўгоду падаражэлі на 7%. Даляр цяпер каштуе каля 2830 рублёў. Эксперты ж чакалі, што трохтысячная мяжа будзе пераадоленая ўжо ў студзені. І толькі С.Багданкевіч, які ў снежні сеў у лужыну, гэтым разам быў самы дакладны.

***

Якіх вышыняў дасягне інфляцыя? Што будзе з цэнамі?

С.Багданкевіч: Беларуская эканоміка ў найбліжэйшы час будзе ісці да інфляцыі ў двухзначных велічынях — ад 12 да 20 адсоткаў (06.01.2009). Адзнака — 5.

Л.Заіка: З прычыны што курс будзе складацца не на карысць рубля, інфляцыя складзе прыкладна палову ад плаўнай дэвальвацыі плюс інфляцыйныя кампаненты — 17—25% (19.02.2009). Адзнака — 3.

Л.Злотнікаў: Толькі ў першым квартале рост інфляцыі складзе 15—20% (02.01.2009). Адзнака — 2.

Я.Раманчук: Інфляцыя ў 2009 годзе, калі не зменіцца стаўленне Нацбанку і не будуць скарочаныя дзяржаўныя выдаткі, складзе каля 30% (08.01.2009). Адзнака — 2.

Улада (Міністэрства эканомікі): Паводле прагнозу, у першым паўгоддзі 2009 году ўзровень інфляцыі не павінен перавысіць 8%, агулам за год — 11%. Адзнака — 5.

Паводле афіцыйнай статыстыкі, інфляцыя за студзень—май 2009 году склала 6,9%. У пераліку на гадавы паказчык гэта азначае, што інфляцыя выйдзе на двухзначную, але не перавысіць 15%.
У той жа час эканамісты выказваюць сумневы наконт дакладнасці афіцыйнай статыстыкі, але альтэрнатыўных падлікаў прапанаваць не могуць.

***

Вынікі (сярэдні бал)

С.Багданкевіч — 3,3. Фраза «нясіце грошы ў банкі», неасцярожна прамоўленая за некалькі дзён да дэвальвацыі, не магла не падарваць аўтарытэт фінансіста. Тым не менш, наступныя яго прагнозы — даволі асцярожныя ў параўнанні з астатнімі эканамістамі — аказаліся блізкімі да рэчаіснасці.

Л.Злотнікаў — 3. Самыя змрочныя прагнозы звычайна належаць менавіта гэтаму эксперту. Штогадовы перадвеснік абвалу беларускай эканомікі ўважліва адсочвае эканамічныя тэндэнцыі, але нярэдка згушчае фарбы. Аднак у часы глабальнага крызісу менавіта прадказанні песіміста аказаліся даволі дакладнымі.

Л.Заіка — 2,3, Я.Раманчук — 1,7. У гэтых эканамістаў даволі падобныя прагнозы, аднак меліся адрозненні ў лічбах. Да іх меркавання можна прыслухоўвацца, але безаглядна верыць не варта. Дзіва што — пралічыць дзеянні дзяржавы не ў стане ніхто.

Улада — 1,7. Асноўная мэта прагнозаў — не дапусціць панікі сярод насельніцтва. Тым не менш, частку сваіх абяцанняў яна выконвае. Хаця б на словах.

Ягор Марціновіч