Перад гэтым, у пятніцу, кніга «Гэй Бэн Гіном» («Геена вогненная») была прэзентаваная ў Доме літоўскіх пісьменнікаў у Вільні.

Цяжкая для вымаўлення назва рамана паходзіць ад габрэйскага наймення апраметнай. Аўтар філасофствуе на тэму таго, што нашае жыццё з яго выклікамі, выпрабаваннямі і выбарам часам не нашмат адрозным ад той апраметнай. Хаця і напісаная ў жанры гістарычнага фэнтэзі, кніга шмат у чым аўтабіяграфічная. У ёй пераплеценыя эпізоды з жыцця класіка беларускай літаратуры Янкі Купалы і сцэны з брэжнеўскіх часоў. Героі кнігі стаяць перад цяжкім маральным выбарам і глыбока рэфлексуюць на гэты конт.

Чытайце таксама:
Някляеў распачаў серыю прэзентацый свайго новага рамана ў Польшчы

Уладзімір Някляеў падчас прэзентацыі ўзгадваў гісторыі свайго жыцця, якія паўплывалі на прыход у літаратуру, распавядаў пра сваю новую кнігу, чытаў вершы і нават выканаў песню «Васільковае поле». Хаця збольшага песні спяваў выдатны музыка і сябра Уладзіміра Някляева Зміцер Вайцюшкевіч. Ён выканаў нізку сваіх найпапулярнейшых кранальных песень на словы Уладзіміра Пракопавіча.

Гучалі песні «Як ты адзін», «Скончылася лета», «Дарога», «Красуня Вясна».

Паводле кіраўніка kanunikat.org Яраслава Іванюка, які выдаў кнігу, у суботу была 10-я заключная прэзентацыя кнігі, практычна ўсе асобнікі якой падчас прэзентацыйнага тура былі раскупленыя.

«Мы наведалі найбольшыя асяродкі беларускай эміграцыі ў Польшчы, а таксама месцы пражывання беларускай нацыянальнай меншасці. Былі ў Кракаве, Уроцлаве, Познані, Гданьску, Варшаве, Лодзі, Беластоку, Бялай Падлясцы. Апошнія дзве прэзентацыі мы зладзілі ў Вільні ў Доме літаратара, а таксама ў доме Івана Луцкевіча. На ўсіх прэзентацыях была вялікая зацікаўленасць як самой кнігай, так і яе аўтарам, ці не найбольш вядомым беларускім літаратарам», — адзначае прадстаўнік фонда Kamunikat.org Яраслаў Іванюк.

Клас
1
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0