У Паўднёвай Афрыцы назіраецца рост колькасці хворых новым штамам. Мяркуючы па справаздачы Паўднёваафрыканскай рады па медыцынскіх даследаваннях, штам у асноўным выклікае лёгкую форму захворвання.

Мяркуючы па справаздачы, у бальніцу праз амікрон паступае больш маладых людзей, але гэта можа быць звязана з нізкімі паказчыкамі вакцынацыі ў гэтай узроставай групе.

У дакуменце падрабязна апісваецца сітуацыя за апошнія два тыдні ў бальнічным комплексе Стыва Біко/Тшване ў правінцыі Гаўтэнг, дзе ўпершыню быў знойдзены амікрон.

Большасць пацыентаў не патрабуе дадатковага кіслароду (у адрозненне ад папярэдніх хваляў). Працэнт людзей, якія маюць патрэбу ў інтэнсіўнай тэрапіі, таксама значна меншы за папярэднія хвалі. Цікава таксама тое, што большасць пацыентаў былі шпіталізаваны не праз кавід, а па іншых медыцынскіх паказаннях (правядзенне аперацыі, роды і гэтак далей).

Аналіз 166 пацыентаў, якія паступілі ў бальніцу ў перыяд з 14 па 29 лістапада, паказаў, што «ўзроставы профіль прыкметна адрозніваўся ад папярэдніх 18 месяцаў». У бальніцу паступала значна больш маладых дарослых і дзяцей.

За апошнія два тыдні не менш за 80 % паступіўшых былі маладзейшыя за 50 гадоў. 19% складалі дзеці ва ўзросце 0-9 гадоў, а найбольшая колькасць пацыентаў была ва ўзроставай групе 30-39 гадоў, што складае 28 працэнтаў ад агульнай колькасці, адзначаецца ў справаздачы.

Павелічэнне колькасці маладых пацыентаў можа быць вынікам больш нізкіх паказчыкаў вакцынацыі сярод маладых людзей. 57% людзей, старэйшых за 50 гадоў, былі вакцынаваны ў правінцыі ў параўнанні з 34% у групе ад 18 да 49 гадоў.

У справаздачы гаворыцца, што за апошнія два тыдні сярод 34 пацыентаў, якія паступілі ў дзіцячыя аддзяленні, не было выпадкаў смерці, звязаных з кавідам.

Яшчэ адна асаблівасць новага штаму, якую адзначаюць у даследаванні — працягласць знаходжання ў бальніцы. Цяпер сярэдняя працягласць шпіталізацыі — 2,8 дня, што значна ніжэй, чым 8,5 дня за папярэднія 18 месяцаў.

З 38 дарослых, якія знаходзіліся ў аддзяленнях 2 снежня 2021 года, шасцёра былі вакцынаваны, 24 не былі вакцынаваны і ў васьмі быў невядомы статус вакцынацыі.

З дзевяці пацыентаў з кавіднай пнеўманіяй восем не былі вакцынаваны. Толькі адзін пацыент, які атрымліваў кісларод, быў цалкам вакцынаваны, але прычынай атрымання кіслароду была хранічная абструктыўная хвароба лёгкіх.

Са 166 шпіталізаваных памерлі 10 чалавек, гэта значыць 6,6%. Чацвёра памерлых былі ва ўзросце ад 26 да 36 гадоў, пяцярым было больш 60 гадоў. Аўтары артыкула адзначаюць, што за папярэднія паўтара года смяротнасць сярод шпіталізаваных у ПАР была вышэйшай — 23%.

Хоць гэтыя раннія даныя абнадзейваюць, яны заснаваныя на папярэдніх высновах, з даследаваннем невялікай колькасці людзей.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0