Пастанова №700 Савет Міністраў прыняў 6 снежня гэтага года. Як напісана ў самім дакуменце, яе прынялі, каб «забяспечыць абарону нацыянальных інтарэсаў Рэспублікі Беларусь».

Што нельга будзе ўвозіць?

Спіс забароненых тавараў досыць шырокі і выглядае так:

  • жывыя свінні,
  • мяса буйной рагатай жывёлы (БРЖ), свежае, ахалоджанае, замарожанае,
  • свежая, ахалоджаная і замарожаная свініна,
  • субпрадукты БРЖ і іншых жывёл,
  • мяса і харчовыя субпрадукты хатняй птушкі,
  • салёнае мяса, сушанае і вэнджанае, харчовая мука з мяса і мясных субпрадуктаў,
  • малако і малочная прадукцыя, за выключэннем безлактознай прадукцыі,
  • гародніна, за выключэннем пасяўнога матэрыялу,
  • фрукты і арэхі,
  • тлушч свіней, птушкі, БРБ, авечак і коз, лярд-стэарын і іншыя жывёльныя масла,
  • каўбасы і аналагічныя прадукты,
  • кандытарскія вырабы (акрамя какава-парашку),
  • соль,
  • іншыя харчовыя прадукты (коды ТН ЗЭД 1901 90, 2106 90).

Забарона не закранае тавары для асабістага спажывання, дзіцячага харчавання і крытычнага імпарту.

Калі пачне дзейнічаць забарона?

Пастанова будзе дзейнічаць на працягу 6 месяцаў з 1 студзеня 2022 года.

Цяпер з паліц увесь імпарт будуць здымаць?

Не. Пастанова не распаўсюджваецца на тавары, што былі ці будуць увезеныя да 1 студзеня 2022 года, калі яно ўступіць у сілу.

Хто можа ўвозіць «санкцыёнку»?

Звычайныя людзі, калі вязуць з-за мяжы нешта для асабістага спажывання. Вытворцы для перапрацоўкі ў межах спецыяльных квот. 

А што будзе замест забароненых тавараў?

Савет Міністраў у сваёй пастанове патрабуе ад Міністэрства сельскай гаспадаркі, «Белдзяржхарчпрама», аблвыканкамаў і Мінгарвыканкама забяспечыць «насычэнне ўнутранага рынку шырокім асартыментам харчовай прадукцыі вытворчасці Рэспублікі Беларусь».

Між тым цікава, што згодна з пастанаўленнем, МАРГ і Міністэрства сельскай гаспадаркі будуць усталёўваць спецыяльныя квоты на асобныя віды тавараў, каб «забяспечыць збалансаванасць на спажывецкім рынку».

Відаць, цэны вырастуць?

Савет Міністраў таксама патрабуе, каб МАРГ, Міністэрства сельскай гаспадаркі і «Белдзяржхарчпрам», а таксама вытворцы і гандлёвыя арганізацыі прытрымліваліся «ўстаноўленага параметра індэкса спажывецкіх коштаў».

Хто будзе кантраляваць увоз забароненых тавараў і што з расійскай мяжой?

Згодна з дакументам, на забароненыя тавары будзе распаўсюджвацца дзеянне спецыяльнага дакумента — палажэння «Аб парадку дзеяння ў дачыненні да забароненых тавараў». Яго прынялі, калі забаранялі аўтамабілі Shkoda і прадукцыю Nivea.

У прыватнасці, на прадуктовую санкцыёнку будзе распаўсюджвацца пункт 2 і раздзел 2.

Дык вось пункт два кажа пра тое, што кантраляваць увоз забароненых тавараў будзе мытня. А беларуска-расійскі ўчастак мяжы будуць патруляваць спецыяльныя «мабільныя падраздзяленні» мытнікаў, міліцыі, памежнікаў, а таксама Міністэрства сельскай гаспадаркі і падначаленыя яму арганізацыі.

Ці будуць у Беларусі знішчаць санкцыёнку, як гэта рабілі ў Расіі?

Раздзел два палажэння «Аб парадку дзеяння ў дачыненні да забароненых тавараў» больш міласэрны, чым расійскае заканадаўства. Арганізацыю, што прывезла забаронены тавар, абавяжуць яго вывезці. А за непадпарадкаванне патрабаванню службовай асобы па артыкуле 24.3 КаАП пагражае штраф ад 2 да 100 базавых велічынь.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0