Новы від птушак адкрыты ў Лаосе. Адбылося гэтае адкрыццё ва ўнікальным біятопе: у лясах на вапняковых гарах, далёка ад пасяленняў чалавека. Магчыма менавіта таму гэтыя птушкі так доўга не траплялі на вочы навукоўцам. Назвалі ж новы від голатвары бюльбюль (Pycnonotus hualon).

Лысагаловую пігаліцу адшукалі навукоўцы з Wildlife Conservation Society (WCS) і ўніверсітэту Мельбурна (Аўстралія).

Новы від памерам з нашага дразда і пералятае з дрэва на дрэва з выразнымі кароткімі крыкамі.

«Адкрыццё новага віду – заўсёды нечаканая і захапляльная падзея. Аднак яна заўсёды прымушае звярнуць дадатковую ўвагу на ахову прыроды», – так пракаментаваў адкрыццё д‑р Пітэр Клайн (Dr Peter Clyne), асістэнт дырэктара азіяцкага прадстаўніцтва WCS.

На шчасце, новы від быў знойдзены на ахоўванай тэрыторыі ў цэнтральнай частцы Лаосу і пакуль яму нічога не пагражае. Але цяпер трэба будзе атрымаць больш звестак наконт таго, ці не прынясе будучая дзейнасць чалавека на гэтай тэрыторыі небяспеку для захавання віду.

Пасля рэгістрацыі і запісу галасоў невядомых птушак 3 снежня 2008 году ў Pha Lom, на вапняковых абсыпах, даследчыкі Іэйн Уоксуолд (Iain Woxvold) і Ўілл Дакуорф (Will Duckworth) паставілі сетку, у якую праз некалькі дзён пасля прайгравання запісаных раней галасоў і трапілі птушкі невядомага віду.

Даследаванні фінансаваліся кампаніяй Minerals and Metals Group, якая здабывае медзь і золата ў гэтым рэгіёне.

Навукоўцы закалекцыянавалі адну з дзвюх асобін новага віду для музею Натуральнай гісторыі ў Трынгу (Вялікабрытанія), з другой жа птушкі (перад тым як яна здолела ўцячы) быў узяты ўзор крыві.

Артыкул пра новы від птушак з’явіўся ў апошнім нумары часопіса Forktail, які выпускае Oriental Bird Club.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?