У Баранавічах абвешчаная двухдзённая жалоба.

Аляксандр Жураўлевіч і Аляксандр Марфіцкі, фота Intex-press

У Баранавічах (Брэсцкая вобласць), дзе дыслакуецца 61-я знішчальная авіябаза ВПС і войскаў СПА Узброеных сіл Беларусі, 2—3 верасня аб'яўлена жалоба. Целы загінулых 30 жніўня на авіяшоу ў Радаме (Польшча) вайсковых лётчыкаў Аляксандра Марфіцкага і Аляксандра Жураўлевіча будуць дастаўлены самалётам на аэрадром авіябазы сёння прыкладна ў 15 гадзін. Якім паветраным суднам, пакуль невядома.

Невядома дагэтуль, хто будзе сустракаць борт. Як паведамілі БелаПАН у Міністэрстве абароны Беларусі, сітуацыя мяняецца пастаянна і залежыць у тым ліку ад таго, хто будзе прадстаўляць польскі бок. Спачатку размова ішла аб камандуючым ВПС Польшчы, потым аб камандзіры 4-га авіяцыйнага крыла, потым аб намесніку камандуючага.

Цырымонія развітання з загінулымі лётчыкамі пройдзе днём 3 верасня ў баранавіцкім Доме афіцэраў.

Аляксандр Марфіцкі быў намеснікам камандуючага Заходнім аператыўна-тактычным камандаваннем ВПС і войскаў СПА, упраўленне якога знаходзіцца ў Баранавічах, Аляксандр Жураўлевіч — намеснікам камандзіра 61-й знішчальнай авіябазы.

Мінабароны Беларусі пакуль не пацвярджае і не абвяргае сапраўднасць выкладзенага ў інтэрнеце аўдыёзапісу перамоў дыспетчара з беларускім лётчыкам на авіяшоу ў Радаме. Паводле слоў начальніка прэс-службы міністэрства Вячаслава Раменчыка, гэта павінна ўстанавіць камісія. Пры гэтым варта адзначыць, што голас лётчыка падобны на голас Аляксандра Марфіцкага.

Вячаслаў Будкевіч БелаПАН