6 верасня ў Смаргоні прайшоў ХVІ Дзень беларускага пісьменства. У свята было дзве кульмінацыі — асвячэнне храма Праабражэння Гасподняга і адкрыццё помніка Францішку Багушэвічу.

Помнік Багушэвічу паўстаў на ўскрайку парку. Аўтары скульптуры — Леў і Сяргей Гумілеўскія. Чатырохметровая фігура пісьменніка стаіць абапёртая на камень. У руцэ — кніга. На помніку высечаны словы класіка: «Не пакідайце ж мовы нашай беларускай, каб не ўмёрлі!».

Беларуская мова ў гэты дзень гучала і з вуснаў многіх чыноўнікаў. Па‑беларуску прамаўлялі віцэ‑прэм’ер Уладзімір Патупчык, намеснік старшыні Гродзенскага аблвыканкама Ігар Жук. Па‑беларуску гаварыў і пасол Украіны ў нашай краіне Ігар Ліхавы. Ягоная прысутнасць была вытлумачальнай. Багушэвіч пасля разгрому паўстання Каліноўскага хаваўся і вучыўся ў Нежыне, што пад Чарнігавам. А ідэя тварыць на роднай мове прыйшла да яго пад уплывам украінскага нацыянальнага руху: калі Шаўчэнка змог ствараць шэдэўры на сваёй гаворцы, дык чаму не я? Калі ўкраінцы прэтэндуюць на палітычную ўладу ў сваё краіне, дык чаму не мы?

Дзень беларускага пісьменства праходзіць па чарзе ў кожнай вобласці ў першую нядзелю верасня. Раней Дзень пісьменства прымалі Пінск, Полацк, Камянец, Паставы, Барысаў. У наступным годзе свята пройдзе ў Хойніках Гомельскай вобласці.

Сяргей Макарэвіч

Помнік Францішку Багушэвічу. Photo.bymedia.net

У першым шэрагу высокія чыноўнікі з Мінску. Photo.bymedia.net

Завітаў у Смаргонь апальны пасол АБСЕ Шміт. Photo.bymedia.net

Гледачы бавіліся выступамі Ірыны Дарафеевай. Photo.bymedia.net

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?