Каля аэрапорта «Мінск-2» разбіўся элітны самалёт. Двое пасажыраў і трое членаў экіпажу загінулі. Бізнесоўцы ляцелі ў мінскае VIP-казіно Шангры Ла.

За 4 кіламетры ад Нацыянальнага аэрапорта «Мінск‑2», у лесе каля вёскі Пяцілетка, пацярпеў крушэнне элітны лайнер бізнэс‑класа мадэлі «Фалькон», які належаў авіякампаніі «С‑эйр». Як паведамляюць інфармацыйныя агенцтвы са спасылкай на Міністэрства па надзвычайных сiтуацыях, пасажыры самалёта і пілоты загінулі.

Паводле апошніх звестак, загінулі пяць чалавек — два пілоты і тры пасажыры. Адзін з пасажыраў не прыйшоў на рэйс.

Спіс загінулых: кіраўнік авяікампаніі «С-эйр» Марат Рамашкін, другі пасажыр Малышаў і тры члены экіпажу — пілот Самойлаў, штурман Снімшчыкаў і бортправадніца Латуціна.

Бізнесоўцы ляцелі ў элітнае казіно «Шангры Ла», якое нядаўна адчынілася ў Мінску побач з Штаб-кватэрай СНД.

Казіно пераехала ў сталіцу Беларусі з Расіі.

Мінімальная сума абмену грошай на фішкі ў мінскім VIP-казіно складае 5 тыс. даляраў. Мінімальная стаўка ў рулетку — 25 даляраў, у картачных гульнях — 200 даляраў, пісаў учора Ежедневник.

У звычайных мінскіх казіно гэтыя сумы абмежаваныя 1 і 5 далярамі адпаведна.

Казіно «Шангры Ла» разлічана на заможных кліентаў з Беларусі і Расіі, прычым асноўная ўвага, меркавалася, будзе надавацца кліентам з Расіі пасля таго, як улады гэтай краіны пачалі згортваць крымінагенны гульнявы бізнэс.

Чартэрныя рэйсы з Масквы ў Мінск акурат і прадугледжваліся, каб яны маглі пагуляць у казіно.

Лайнер ляцеў з расійскага аэрапорта «Унукава» ў Нацыянальны аэрапорт «Мінск‑2».

З невядомай прычыны самалёт не здолеў зайсці на пасадку з першага разу і паспрабаваў прызямліцца, зрабіўшы кола над аэрапортам. Раптоўна лайнер прапаў з радараў.

Праз кароткі час самалёт, што пацярпеў крушэнне, знайшлі побач з аэрапортам, што знаходзіцца ў Смалявіцкім раёне.

* * *

Самалёт BAе-125 разлічаны на перавозку васьмі пасажыраў. Ён распрацаваны для бізнес-авіяцыі. Даўжыня фюзеляжу — 14,33 м, размах крылаў — 14,33 м, максімальная ўзлётная маса — 12,5 т. Максімальная хуткасць 805 км/г, экіпаж складаецца з двух чалавек.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?