Кіпіць праца і на плошчы Свабоды. Тут, паміж адноўленай у 2004 годзе ратушай і Свята-Духавым саборам, на месцы колішняй царквы Святога Духа — яшчэ аднаго страчанага некалі элемента былой Ратушнай плошчы — маюць узвесці будынак дзіцячай філармоніі, які вонкава будзе нагадваць разбураную бальшавікамі ў 1936 годзе бажніцу.

У верасні 2009 г. былі адшуканыя крыпты з парэшткамі фундатараў.

Снежань, 2009 г.

Пра амбіцыйныя планы «Мінскай спадчыны» стала вядома ў красавіку гэтага года. Міхаіл Жых, галоўны інжынер «Спадчыны», заявіў тады, што «існаванне царквы ў якасці філармоніі — добры факт, бо «помнікі не павінны станавіцца нагодай канфліктаў паміж канфесіямі». Мінскія грэка-каталікі адрэагавалі аператыўна.


Стала вядома, што яны звярнуліся да Аляксандра Лукашэнкі з просьбай дазволіць ім пабудаваць храм на месцы царквы Святога Духа ў Верхнім горадзе. Пад зваротам падпісаліся доктар гiстарычных навук Анатоль Грыцкевiч, доктар багалослоўя Iрына Дубянецкая, доктар фiзiка-матэматычных навук Юры Хадыка, пiсьменнiк Уладзiмiр Арлоў, паэтка Галiна Дубянецкая, археолаг Эдвард Зайкоўскi, гісторык Анатоль Сiдарэвiч. Аўтары звароту віталі аднаўленне царквы Святога Духа і выказалі думку, што вяртанне храму канфесіі, якая яго збудавала, падкрэсліла б унікальны поліканфесійны характар Мінска, у цэнтры якога ў XVII-XVIII cтст. знаходзіліся храмы і манастыры Уніяцкай, Праваслаўнай і Рыма-Каталіцкай Цэркваў.

Аднак зварот грэка-каталікоў плёну не прынёс. У Камітэце архітэктуры і горадабудаўніцтва ім яшчэ раз адказалі, што на месцы святыні будзе будавацца дзіцячая філармонія «з выкарыстаннем архітэктурна-мастацкага вобразу царквы Святога Духа XVII ст.». Пра тое ж вялося і ў лісце з Мінгарвыканкаму, толькі там дадалі, што праект «аднаўлення будынка былой царквы Святога Духа ў першапачатковым абліччы як гісторыка-культурны, а не культавы аб’ект», быў распрацаваны яшчэ ў 1984 годзе.

Тое, што адноўлены будынак будзе толькі вонкавым падабенствам свайго папярэдніка, сведчыць і той факт, што скульптуры святых на фасадзе замяняць на арнамент.

Працы на былой Ратушнай плошчы прынеслі нечаканыя знаходкі — у верасні былі знойдзеныя крыпты з парэшткамі фундатараў.

***

Царква Святога Духа збудаваная ў першай палове XVII ст. Належала да комплексу ўніяцкага базыльянскага кляштару. У 1795 г., пры Расійскай імперыі, базыльянскі кляштар быў зачынены, а царква аддадзена пад кафедральны праваслаўны Петрапаўлаўскі сабор. Пры цару яе перабудоўвалі на расійскі лад, а за саветамі зраўнялі з зямлёй. Захаваліся падмуркі.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?