24 сакавіка — прэзентацыя факсімільнага выдання «Нашай Нівы».

24 сакавіка, а 15-й гадзіне ў Цэнтральнай навуковай бібліятэцы НАН Беларусі (вул. Сурганава, 15, інфармацыйна-выстаўны цэнтр, пакой 110) адбудзецца прэзентацыя пятага тома факсімільнага выдання газеты «Наша Ніва» за 1912–1915 і 1920 г.

У імпрэзе бяруць удзел вядомыя інтэлектуалы — Уладзімір Конан, Валянціна Лемцюгова, Віталь Скалабан, Янка Саламевіч, Адам Мальдзіс, Аляксандр Лукашанец, Анатоль Сідарэвіч, Станіслаў Рудовіч.

З нагоды імпрэзы ў бібліятэцы зладзяць выставу «Газета-легенда». На ёй можна пабачыць дакументы з фондаў аддзела рэдкіх кніг ЦНБ: арыгінальныя нумары «Нашай Нівы» за 1906–1914 і 1920 гг., выдадзеныя на беларускай мове кірыліцай і лацінкай. На некаторых старонках белыя плямы — сведчанне забароны публікацый.

Што звяртае ўвагу, на прэзентацыю не запрасілі нікога з цяперашняй газеты «Наша Ніва».

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?