Дастыш фантастыш (Дастиш фантастиш)

Беларусь, 2010, каляровы, 80 хв, на рускай мове

Рэжысёр: Аляксандр Кананович

Ролі выконваюць: Аляксандр Казэла, Марыя Возба, Паліна Сыркіна, Сяргей Журавель, Анастасія Шпакоўская, Мікалай Кірычэнка, Алег Гарбуз, Уладзімір Мішанчук, Зоя Белахвосцік, Аляксей Хацкевіч, Лявон Вольскі

Жанр: Кінаістэрыка (эксцэнтрычная трэш-камедыя паводле сцэнару Марыі Мажар)

Адзнака: 4 (з 10)

Вясковы дурань-Ванька адпраўляецца ў горад за спадчынай памерлага дзядзькі (Уладзімір Мішанчук). Але ад спадчыны — адныя зернейкі. Раззлаваны Ванька выкідае іх — а раніцай вырастаюць грашовыя дрэвы. Шалёнства ў краіне дурняў пачынаецца.

Ружовы танк, што палюе за фальшывым мурынам, прададзеная Нацыянальная бібліятэка (махляр — Алег Гарбуз), італьянскія мафіёзнікі з клізмай (садамазахісцкая Анастасія Шпакоўская дый Мікалай Кірычэнка), чырвоныя валасы, навязлівая дырэктарка турмы з дачкой на выданні. На дэсерт – Лявон Вольскі з «Крамбамбуляю», гопнік Аляксей Хацкевіч, глюкі, шыза, істэрыка.

Карціна — поўнаметражны ігравы дэбют Аляксандра Канановіча, якога аўтар гэтых радкоў пасля дыпломнае стужкі «Колер кахання» — назваў беларускім Кустурыцай. Ад сваіх слоў не адмаўляюся, але сёння беларускі Кустурыца выжлукціў 10 літраў самагонкі і касторкаю закусіў. (П’янка тычыцца ўсёй здымачнай групы, закуска — тая ж). «Анархія — маці парадку!»

За рэжысёрскім пультам зашмат Сяргея Патаранскага, які не толькі прыдумаў назву карціны (пазычаную з папулярнага нямецкага кінажанру) — але й стаўся ідэолагам стужкі. І замала ў фільме — стваральніка Аляксандра Канановіча.

Зашмат рэжысёрскага раздзяўбайства — і замала лёгкасці ў кадры.

Зашмат аграрна-багемнай тусовачнасці — і замала жывой атмасферы.
Зашмат пракураных калідораў «Беларусьфільма» дый пластыкавых кадраў пад Дзяніса Скварцова (з трэш-вайнушкай «Дняпроўскі рубеж»). Ганебнае пераўтварэнне жывых людзей (і таленавітых актораў) — у віртуальныя нарэзкі квітнее.

Замест беларускай «Чорнай коткі й белага ката» мы бачым усю тую ж «На спіне ў чорнага ката» — толькі з меншым гламурам і пафасам. «Беларусьфільм» не мае да гэтага фільма ніякага дачынення,» — сцвярджалася у рэкламнай улётцы. На жаль, мае.

Нат сама адвязны трэш патрабуе халоднай галавы, цынічнага разліку, інтэлектуальнага багажу — і ўнутранае свабоды. А калі творца вырашае апусціцца да ўзроўню вясковага ідыёта, што пускае слюні на віртуальных прыгажуняў, то атрымаецца «Das ist fantastisch!»

Як ні дзіўна, глядзець фільм не нудна, хаця і сорамна. Стужка знойдзе аматараў — у вузкіх тусовачных колах. Фільм выходзіць на DVD. Для сучаснага «Беларусьфільму» гэта ўжо зашмат.

Але гэта недаравальна мала для лепшага выпускніка Міхаіла Пташука — Аляксандра Канановіча.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?