Жалезны чалавек 2 (Iron Man 2)

Жалезны чалавек 2 (Iron Man 2)

ЗША, 2010, каляровы, 124 хв.
Рэжысёр: Джон Фавро
Ролі выконваюць: Роберт Даўні-малодшы, Мікі Рурк, Гвінэт Пэлтраў, Скарлет Ёхансан, Сэм Рокуэл, Сэмуэл Л.Джэксан
Жанр: Комікс паводле твораў кампаніі «Марвэл»
Адзнака:4,5 (з 10)

Мультыміліярдэр Тоні Старк раскрывае ўсяму свету, што Жалезны чалавек — гэта ён. Герой вяла адбіваецца ад сенацкай камісіі, што спрабуе прысабечыць ягонае вынаходніцтва дый нудзіцца, без аганьку ахоўваючы свет. Але нечакана з’яўляецца новы нягоднік — рускі бомж-фізік з лазэрнымі пугамі (Мікі Рурк), які марыць адпомсціць Старку за знявечанае дзяцінства.

Амерыка дасягнула піку свайго развіцця. Ворагі зніклі, альбо разгромленыя.

Коміксавы магнат — плоць ад плоці глабалісцкага міфу, тэхнакратычны супергерой — непераканаўча пакутуе ад экзістэнцыйнай пустэчы дый ташнуе ад уласнага нарцысізму.
Куды ісці далей, навошта ўсё гэта? Ані герой, ані стваральнікі гэтага не ведаюць. Не ведае і сакратарка (Гвінэт Пэлтраў), узвялічаная да генеральнага дырэктара. І нават сэксапільная агентка Раманаф (Скарлет Ёхансан) адказу не мае.

І толькі супернягоднік здольны вярнуць коміксу коміксава.

Мікі Рурк — з доўга-калматымі валасамі «Барца» і наколкамі рускай Бутыркі — шыкоўны персанаж.
Жалезныя фіксы, зубачыстка ў вуглах ірта, папугай на плячы, бандыцкі позірк і геніяльныя здольнасці фізіка — самае тое для крутога мачылава і лёгкай іроніі. Менавіта з’яўленне рускага бамжа-ворага й апраўдвае карціну. Падлеткі ўпадабаюць таксама харэаграфічныя фінты Скарлет Ёхансан, абцягнутай у чорны латэкс дый фінальную страляніну сталёвых хлопцаў.
Але ў сэрцы жалезнага коміксу ўжо атабарылася нуда.

Кінатэрміны

Усе фільмы

Кінатворцы

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?