Вяртаньне (Volver)

Гішпанія, 2006, каляровы, 121 хв.

Жанр: Драма

Адзнака: 7,5 (з 10).

Раймунда, што абагаўляе памерлую маці, б’ецца за выжываньне: яна зьнясілена працуе, корміць мужа-лайдака, гадуе дачку. Пасьля таго як дачка зарэзала бацьку, што спрабаваў яе згвалціць, клопатаў дадалося. Сястра Раймунды – Соль – прывезла з Ля-Манчы ў багажніку машыны памерлую матулю.

Карціна Пэдра Альмадовара – гімн жанчынам, якія падтрымаюць адна адну, разумеюць адна адну і даруюць адна адной, нягледзячы на ўсе інцэсты й трупы ў лядоўні.

Жанчыны сустракаюцца, змагаюцца, моляцца. І нават памерлая вернецца з таго сьвету, каб дапамагчы дачцэ ды папрасіць прабачэньня.

У гэтым сьвеце – мужчыны залішнія: трыюмфуюць эмоцыі, сьлёзы й жаночы прагматызм.

Пэнэлёпа Круз – геніяльная ў галоўнай ролі, а Кармэн Маўра не пабаялася паказаць усе свае зморшчынкі.

Выбуховага альмадовараўскага сюжэту з залішкам хапіла б і на сотню фільмаў, але стрэмкаю ў сэрцы, насуперак цеплыні й сьлёзам, застаюцца ветракі Ля-Манчы. Халодныя й сталёвыя.

Але дон кіхотаў зьмянілі жанчыны.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?