Зміцер Вішнёў

Зміцер Вішнёў

Пра раман «Замак пабудаваны з крапівы» інтэрв’ю са Змітром Вішнёвым

«НН»: Гартаючы ваш прасякнуты духам невынішчальнага індывідуалізму раман «Замак пабудаваны з крапівы»... Што вы больш любіце, сябе ў літаратуры, ці літаратуру ў сабе? Што вы хочаце сказаць грамадству?

ЗВ: На жаль, мушу вас расчараваць. Я не абяру ні першы, ні другі адказ. Я не хварэю на зоркавую хваробу. Я проста люблю літаратуру. Што я хачу сказаць грамадству? Пра гэта ёсць у маіх кнігах. Спадзяюся, што мая літаратурная гульня, прынамсі, не робіць людзям аніякай шкоды, што гэтая гульня нават камусьці на карысць. На адным з апошніх сваіх выступаў, які праходзіў на філфаку БДУ, я быў прыемна здзіўлены прыязным стаўленнем аўдыторыі да сваёй сціплай персоны. І што больш за ўсё ўразіла — слухачы былі знаёмыя з маёй творчасцю і некаторыя захапілі з сабой кнігі для аўтографа. Значыць, камусьці мае творы нешта даюць. Што? Трэба запытаць у прыхільнікаў. Я не прэтэндую на ўсеагульную славу — галоўная мець удзячнага ўдумлівага чытача. Няхай гэтых чытачоў будзе і няшмат.

«НН»: Дзеянне рамана адбываецца ў Нямеччыне, у мастацкай галерэі «Тахелес», рэзідэнтам якой вы з’яўляецся. Што ў вас больш, мастака ці ад літаратара?

ЗВ: Дзеянні рамана адбываюцца не толькі ў Нямеччыне, але і ў Беларусі, Польшчы, Славеніі, Харватыі, Расеі... Сапраўды, галоўны герой Сафа Бурштын з’яўляецца мастаком і літаратарам, і гэты вобраз мне было вымалёўваць у нечым лёгка, бо я і сам у жыцці займаюся літаратурай і жывапісам. Калі браць маю сціплую асобу, у мяне асабіста гэтыя віды творчай дзейнасці не варагуюць. Што да Сафы Бурштына тут пытанні... Ён, у адрозненні ад аўтара, займаецца ў жывапісе не модным цяпер сац-артам — любіць маляваць піянераў, у літаратуры стварае дзіўныя кнігі пра Мінск, кшталту «Хутар Сонца», таму падазраю, што ў яго на гэты конт праблемы існуюць.


«НН»: Шмат хто, з пакалення «Бум-бам-літа» зрабіліся самавітымі літаратарамі, вось Серж Мінскевіч амаль канчаткова кінуў гуляцца ў постмадэрнізм і перакладае Адама Міцкевіча і Юльюша Славацкага, Бахарэвіч кінуў пісаць задзірлівыя вершы, і піша сур’ёзныя раманы, вы ж па-ранейшаму працягваеце біць у «бум-бам-літаўскі» тазік? Навошта?

ЗВ: Даследчыца Катажына Батноўская ўвогуле ўсе 90-я ХХ стагоддзя ў беларускай літаратуры адносіць да пакалення «Бум-Бам-Літ», таму перакананы, што «самавітых літаратараў» нарадзілася шмат. Наколькі я ведаю, Альгерд Бахарэвіч па-ранейшаму піша свае выдатныя вершы. Іншая справа, што ён іх не друкуе, але згадваю за апошні час адзін верш, які быў змешчаны ў ягоным блогу... Што да літаратара Сержа Мінскевіча і наконт заканчэння ягонай гульні ў постмадэрнізм — упэўнены, што ён з гэтым не пагадзіўся б і быў бы абураны. Я не гуляю ў «бум-бам-літы» ўжо досыць даўно... Таму, калі вы хочаце мяне ў нечым абвінаваціць — я падобных правакацыяў не прымаю. Альбо прыходжу да высновы, што вы чыталі мае творы пятнаццігадовай даўніны, або, падазраю, не зразумелі маёй новай кнігі «Замак пабудаваны з крапівы». Ну, што на гэта сказаць? Я і не разлічваў на тое, каб новы твор быў усім даспадобы. Але мушу вас запэўніць: тыя, каму ён прыдаўся да душы, таксама ёсць.

«НН»: Ваша творчасць заўсёды вылучалася эксцэнтрычнай падачай, эпатажам. Вам не стае друкаванага аркуша?

ЗВ: Наконт эпатажу, інсінуацыі, правакацыі. Я заўсёды лічыў і лічу, што гэта толькі элементы вакол галоўнай ідэі. І ніколі ў сваёй творчасці не скочваўся да аголенага эпатажу — заўсёды імкнуўся за гэтым прыхаваць нешта больш істотнае, важкае... С вамі падзяліцца аркушамі? У рэдакцыях газетаў крызіс з паперай? (усміхаецца)…

«НН»: Мінск поўніцца чуткамі пра вашы шматлікія прыгоды і феерычнае жыццё. Гэта таксама вашая творчасць? На вашую думку як творцы, паміж жыццём і творчасцю ёсць розніца?

ЗВ: Дарэчы, на гэты конт ёсць разважанні ў рамане. Працытую... У дзесятай частцы я разважаю наконт думак Франсуа Марыяка: «Так, Марыяк прызнаваўся, што не чытаў і не збіраецца чытаць мастацкія творы Кафкі. А што да асобы аўтара, дык наадварот. Марыяк вельмі цаніў ягоныя «Дзённікі» і «Лісты». Нешта ў гэтым ёсць. А некаторыя сцвярджаюць, што аўтар памірае, а творы ягоныя застаюцца. Дык не — Марыяк узводзіць аўтара ў ранг мастацкага твора, і з гэтым ты пагаджаешся». У прынцыпе, я не прыхільнік таго, каб блытаць аўтара з героем, выпісаных у ягоных творах, але калі браць у разлік «Замак пабудаваны з крапівы» — тут выглядае ўсё інакш. Бо тут ідзе татальная постмадэрнісцкая гульня, якая ставіць на мэце заблытаць чытача, паздзеквацца з яго. Даволі часта чытач не можа зразумець, дзе рэчаіснасць, а дзе фантазія? І гэтым фактам я задаволены, спадзяюся, што большасць, прачытаўшых кнігу, зразумеюць падобныя інтэлектуальныя правакацыі і не будуць расчараваныя.

Новы раман Змітра Вішнёва ў траўні будзе прэзентаваны на двух міжнародных фестывалях: у межах літаратурнага фэстывалю «Кіеўскія лаўры» і 18 траўня на арт-фэсце «Дах 10» у мастацкім доме «Тахелес» (Берлін, Нямеччына).

Зміцер Вішнёў. Нарадзіўся ў 1973 г. у Дэбрэцэне (Венгрыя), вывучаў філалогію і журналістыку ў Мінску і Маскве. Піша вершы, прозу, займаецца жывапісам і перформансам. Аўтар кніг: «Штабкавы тамтам» (1998), «Тамбурны маскіт» (2001), «Трап для сусліка, альбо Некрафілічнае даследаванне аднаго віду грызуноў» (2002), «Верыфікацыя нараджэння» (2005), «Фараон у заапарку» (2007). Колішні ўдзельнік суполкі «Бум-Бам-Літ».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?